Крысціна Шыянок родам з Мінска, але доўгі час жыла ў Маладзечне. Цяпер яна працуе перакладчыцай у Празе. Стала адной з беларусак, якая арганізавала акцыю салідарнасці за мяжой.

Акцыі салідарнасці з беларусамі праводзяць ужо два тыдні больш чым у 30 краінах свету. Яны прайшлі ў ЗША, Польшчы, Германіі, Іспаніі, Нідэрландах, Балі, Інданезіі, Расіі, Вялікабрытаніі і іншых. «РГ» паразмаўляла з Крысцінай Шыянок пра акцыі салідарнасці і беларусаў у Чэхіі.

– Што вас натхніла правесці акцыю салідарнасці?

– Наша нефармальнае згуртаванне ці, больш дакладна, праект BLRČR існуе з 2017 года. За гэты час у Празе адбылася не адна акцыя-водгук на беларускія падзеі. З апошніх магу прыгадаць два пікеты супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Гэта акцыя, як і ўсе папярэднія, была для нас цалкам натуральнай рэакцыяй на тое, што адбываецца ў роднай Беларусі. У нас не стаяла пытання, ці ладзіць яе. Пытанні былі тэхнічныя, калі, дзе, фармат.

Што стала зыходным пунктам? Масавыя затрыманні людзей з ланцугоў салідарнасці ў апошні вечар збору подпісаў, а таксама журналістаў, якія тое асвятлялі. Выпадковай ахвярай стала і грамадзянка Чэшскай Рэспублікі.

Ноччу я напісала літаратару Максу Шчуру, з якім сябруем, што «думаю пра пікет». Ён адказаў: «лепш у цэнтры». Вось такі кароткі дыялог. Далей ужо былі арганізацыйныя моманты.

– Як атрымалася сабраць столькі беларусаў у адным месцы за мяжой?

– Пражская акцыя салідарнасці на Старамесцкай плошчы сабрала больш за 300 чалавек. Хоць першапачаткова мы падавалі заяўку на 30 асоб. За дзесяць гадоў
жыцця ў Чэхіі не прыгадаю такой колькасці ўдзельнікаў. Людзі ехалі з іншых гарадоў – Брно, Оламаўц, Пльзень… Былі таксама беларусы са Славакіі і Германіі.

Я думаю, што паўплывалі дзве рэчы. Па-першае, гэтым разам падзеі ў Беларусі закранулі слаі грамадства, якія раней былі «па-за палітыкай» альбо ва «ўнутранай эміграцыі». А беларусы Чэхіі – гэта своеасаблівы зрэз беларускага грамадства. Па-другое, ролю падмурка для кансалідацыі беларусаў замежжа сыгралі сацыяльныя сеткі. Суполка ў «Фэйсбуку» «Беларусы Чэхii / Bělorusové v ČR / Belarusians in the Czech Republic», якую ў 2016 годзе стварыла мая паплечніца Любоў Грункоўская і якую мы разам адмініструем. Яна на сёння налічвае больш за 2000 удзельнікаў. Падобныя суполкі ёсць амаль ва ўсіх краінах, дзе жывуць беларусы. Больш сучасны трэнд – Telegram-каналы, -чаты. Якраз там гуртуецца новая хваля беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Чэхіі. Яны нам моцна дапамаглі.

– Колькі доўжылася акцыя і пра што распавядалі людзі?

– Прыкладна дзве гадзіны. Было мноства новых твараў. Але паралельна нас прыйшлі падтрымаць і даўнія чэшскія сябры Беларусі, напрыклад, драматург Рэнэ Левінскі. Напачатку я ад імя суарганізатараў выказала падзяку ўсім, хто далучыўся, а таксама агучыла асноўную мэту акцыі – салідарнасць з тымі, хто мае смеласць у Беларусі рэалізоўваць свае законныя грамадзянскія і палітычныя правы. Таксама акрэсліла асноўныя патрабаванні чэшскіх беларусаў: спыненне пераследу і рэпрэсій, неадкладнае вызваленне палітычных зняволеных, рэалізацыя законных грамадзянскіх і палітычных правоў, свабодныя прэзідэнцкія выбары без фальсіфікацый.

У нас быў «свабодны мегафон», і людзі маглі выказваць свае думкі. Некаторыя прамоўцы плакалі. І мы таксама, калі іх слухалі. Настолькі прыгожа і шчыра гэта ўсё было. Як і спеў «Разбуры турмы-муры! Прагнеш свабоды — то бяры!…» пад пражскім небам.

Напрыканцы, калі ў рукі ўзяў мегафон гомельскі відэаблогер Віктар Рубцоў, які цяпер працуе ў Чэхіі, было адчуванне, быццам, мы на пікеце супраць «дармаедскага» дэкрэта. Гэта быў новы досвед, прынамсі, для мяне. Важным вынікам усёй акцыі лічу падпісанне калектыўнага ліста да прэзідэнта і прэм’ер-міністра Чэхіі (ініцыятыва Макса
Шчура). Яшчэ адзін ліст ад дыяспары быў раней накіраваны ў Міністэрства замежных спраў Чэхіі.

– Плануеце яшчэ праводзіць акцыі ў Чэхіі?

– Пасля акцыі салідарнасці мы запрасілі ахвочых далучыцца да «беларускага палітычнага пікніка», на якім падпісваліся паштоўкі палітвязням і абмяркоўваліся далейшыя дзеянні. Мы імкнёмся прыцягнуць увагу чэшскага грамадства і, галоўнае, палітыкаў.

Натуральна, гэта не апошняя акцыя. Мы будзем выходзіць, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца. Бо нам не ўсё адно.

Крысціна Шыянок на акцыі салідарнасці ў Празе.

– Ці чулі вы пра ланцуг салідарнасці 19 чэрвеня ў Маладзечне і што пасля яго адбывалася?

– Паверце, беларусы Чэхіі пільна сочаць за тым, што адбываецца на Радзіме. Мы чытаем навіны, глядзім эфір, стрымы, а потым не спім па начах, думаючы, што можна зрабіць і як яшчэ дапамагчы.

Калі я пабачыла відэа з ланцуга салідарнасці ў Маладзечне, то адчула перадусім гонар за сваю малую радзіму, яе людзей. Я заўсёды ведала, што горад, які ў свой час адстаяў беларускія назвы вуліц, не можа не мець патэнцыялу.

Што тычыцца крымінальнай справы супраць Паўла Пяскова, то гэты хлопец не павінны апынуцца за кратамі, але для гэтага мы мусім перамагчы. Мяне вельмі хвалюе той факт, што адзін з супрацоўнікаў АМАПа трымаў баявы пісталет. Хочацца верыць, што беларус ніколі не стрэліць у свой народ. Хіба мы не мірныя людзі?

– Вы працуеце ў Чэхіі цяпер, а ці плануеце вярнуцца ў Беларусь?

– На сёння я працую судовай перакладчыцай у Празе. Варажыць не бяруся, бо жыццё, у адрозненне ад беларускіх выбараў, непрадказальнае. Але я дакладна б хацела быць ля вытокаў інстытута судовага перакладу ў новай Беларусі. Бо маю веды, досвед і, галоўнае, бачанне, як такі інстытут мог бы выглядаць.

Дарэчы, 19 чэрвеня ў Мінску сярод выкрадзеных (не магу тое называць затрыманнямі) была грамадзянка Чэхіі. Перакладчыка на чэшскую ёй не далі. Гэта таксама сведчыць пра стан правоў чалавека ў нашай дзяржаве.

Фота Яўгена Якімовіча і суполкі BLRČR.

• Текст доступен на языке: Русский