«Рэгіянальная газета» даведалася, чаму 3 ліпеня ў маладзечанскім парку затрымалі маладога чалавека у майцы з нацыянальнай сімволікай.

Чытайце яшчэ: У маладзечанскім парку міліцыя затрымала хлопца ў майцы з нацыянальнай сімволікай (Фота)

Як распавёў карэспандэнту «РГ» Яўген Радзівілка, міліцыянеры падайшлі да яго прыкладна каля 18 гадзін. У гэты момант ён сядзеў разам з жонкай і дзіцем у парку. Адзін з супрацоўнікаў папрасіў Яўгена прайсці з імі, каб правесці апытанне.


Відэа Ігара Палынскага для «Рэгіянальнай газеты».


Відэа Ігара Палынскага для «Рэгіянальнай газеты».

На пляцоўцы за амфітэатрам яго затрымалі супрацоўнікі АМАП. Адвезлі ў Маладзечанскі РАУС, дзе мужчына знаходзіўся да 23 гадзін. У аддзяленні склалі пратакол па частцы 2 артыкула 21.14 КоАП «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў».

У пратаколе пазначана, што 3 ліпеня ў 14:30 Яўген Радзівілка ў маладзечанскім парку прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг, а таксама чырвоныя і белыя шарыкі да слупа.

— Паказалі здымак, які зрабілі з вялікай адлегласці, дзе нейкі чалавек стаіць спіной да камеры. Вось, можна і вас сфатаграфаваць цяпер, сказаць, што гэта былі вы. Па здымку зусім не зразумела, што гэта за чалавек, — патлумачыў Яўген.

Памер шкоды будзе ацэньваць арганізацыя, якая адказвае за добраўпарадкаванне тэрыторыі парку. Санкцыя па 2 частцы артыкула 21.14 КаАП — штраф у памеры да 25 базавых велічынь.

Яўген Радзівілка не згодны з пратаколам.

• Текст доступен на языке: Русский