У футбаліста Валерыя Макарэвіча незвычайны спартыўны лёс. Ён не здолеў напоўніцу рэалізаваць сябе ў вялікім футболе. Валерый выступаў за сціплыя каманды «Ліда», «Смаргонь», светлагорскі «Хімік» і нясвіжскі «Верас». Але ў свой час гэты брамнік змяніў кірунак дзейнасці і пачаў гуляць у пляжны футбол. У выніку ўдзельнічаў са зборнай Беларусі ў чэмпіянаце свету, прызнаваўся найлепшым пляжным футбалістам краіны і разам з маскоўскім «Спартаком» заваёўваў медалі на клубным першынстве свету, піша Наша Ніва.

Аднак цікавы Макарэвіч не толькі спартыўнымі дасягненнямі, але і сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Ён актыўна цікавіцца беларушчынай і размаўляе на роднай мове. У інтэрв’ю Тарасу Шчыраму ён распавёў пра любоў да Каліноўскага і Дубоўкі, русіфікацыю Беларусі і адказаў, чаму некаторыя спартоўцы так актыўна падтрымліваюць Лукашэнку.

— Валеры, як падчас пандэміі змянілася вашае жыццё?

— Жыццё крыху змянілася на пачатку пандэміі. У лютым у Маскве праходзіў клубны чэмпіянату свету па пляжным футболе, і там пачалі хварэць гульцы «Спартака». У некаторых дыягназавалі бранхіт, у іншых выявілі прастуду…

Праз хваробу спартакаўскага брамніка мяне і запрасілі згуляць за гэтую каманду на турніры. Калі вярнуўся ў Мінск, адчуў недамаганне. Пэўны час трымалася тэмпература 37,2, было непрыемнае самаадчуванне, я не мог самастойна прыгатаваць сабе паесці і нават адрэзаць кавалак мяса… Не ведаю, што гэта было, каранавірус ці не, аднак так кепска не пачуваўся ўжо даўно.

Дзеці таксама захварэлі, лячыліся так, нібыта ў нас была прастуда. На шчасце, мы паправіліся. А калі з Італіі пайшлі паведамленні пра хваробу, вырашылі дачку і сына не вадзіць у садок, прытрымлівацца мер бяспекі. Маскі надзяваем у краме, а старанна мыць рукі дзяцей мы і раней навучылі.

— Праз каранавірус у свеце прыпынілі ўсе футбольныя спаборніцтвы. Акрамя чэмпіянату Беларусі, які распачалі ў сакавіку і так і не спынілі. Як да гэта паставіліся?

— Негатыўна. Але што зробіш… Такое рашэння прыняло футбольнае і найвышэйшае кіраўніцтва. Напачатку ніхто ж не хварэў, але потым каранавірус выявілі і ў футбалістаў, і чэмпіянат, на мой погляд, ужо дакладна трэба было спыняць. Аднак гэтага таксама не здарылася. Да таго ж, калі пачыналі хварэць футбалісты, ніхто адкрыта пра гэта не казаў.

— Ці ведаеце асабіста гульцоў, якія перахварэлі на Covid-19?

— У мяне шмат сяброў і знаёмых, што гуляюць у вышэйшай лізе. І калі абмяркоўвалі з імі навіны і сітуацыю ў краіне, хлопцы казалі, маўляў, там і там былі выпадкі, звязаныя з каранавірусам. Не буду казаць, што яны зафіксаваныя ў кожнай камандзе, але ў многіх калектывах з гэтай хваробай сутыкнуліся.

— У адрозненне ад замежных калег, беларускія трэнеры і футбольныя функцыянеры даволі млява выказваліся наконт спынення першынства, а некаторыя наогул былі супраць. Чаму так адбываецца?

— Асноўнае, што на іх уплывае пры такіх выказваннях, — гэта дзяржаўная падтрымка футбольных клубаў. Як вядома, большасць з іх спансуюць дзяржаўныя прадпрыемствы.

Паводле логікі гэтых людзей, калі ва ўлады менавіта такая палітыка ў дачыненні віруса, то і яны так ці інакш павінны прытрымлівацца тых парадаў, якія даюць зверху.

Магчыма, гэтыя людзі і маюць уласнае меркаванне наконт каранавіруса, але, хутчэй за ўсё, баяцца яго выказваць.

— Падчас пандэміі вам даводзіцца ўдзельнічаць у першынстве краіны па пляжным футболе — выступаеце за «Шчучын». Ці не баіцеся за сваё здароўе?

— Шчыра кажучы, не. Па-першае, мы прытрымліваемся асноўных мераў бяспекі, а па-другое, ніхто ж не ведае, магчыма, мы ўжо ўсе перахварэлі. А выпадкаў, калі каранавірус перадаецца ў другі раз, не было. Ну і грошы ж таксама трэба зарабляць. Жыць на нешта трэба.

— На вашу думку, ці нармальныя меры ў Беларусі прынялі ў барацьбе з хваробай?

— Усе захады правільныя, калі прыводзяць да станоўчых вынікаў. Але Covid-19 пакуль у стадыі вывучэння, і ніхто дакладна не адказаў на пытанні, як правільна трэба дзейнічаць. Аднак, на мой погляд, падчас пандэміі актыўнымі можна было б пакінуць менш схільныя да хваробы слаі насельніцтва. Напрыклад, моладзь. А вось у дачыненні да людзей сталага веку можна было б прымяніць больш жорсткія меры бяспекі і абмежаваць іх ад шчыльных кантактаў з грамадствам.

— Добра. Ці трэба было праводзіць парад на 9 Мая?

— Не.

На маю думку, наогул парад ужо згубіў сваю актуальнасць. Усё ж такі ў нас ёсць больш важны і патрэбныя рэчы ў краіне, куды варта было б укладваць грошы. Зразумела, варта памятаць пра загінулых на вайне, пра тыя падзеі, але гэтую памяць трэба выхоўваць праз заняткі ў школе, экскурсіі ў музеі, а не ездзіць на танках праз цэнтр горада. А так атрымліваецца, што праз парад нехта проста прасоўвае свае інтарэсы.

— Вы давяраеце афіцыйнай беларускай статыстыцы па Covid-19?

— Не. Калі адштурхоўвацца ад досведу іншых краін, не можа быць такой прорвы паміж паказчыкамі па захварэлых і памерлых, як пра гэта інфармуюць у Беларусі.

* * *

— Давайце пра футбол пагаворым. Сярэбраныя медалі клубнага чэмпіянату свету ў складзе «Спартака» — гэта пік вашай кар’еры?

— Мне было вельмі прыемна паўдзельнічаць у клубным чэмпіянаце свету. Тым больш пры такой неверагоднай падтрымцы фанатаў «Спартака». На нашых матчах прысутнічала каля пяці ці шасці тысяч заўзятараў. Аднак найбольшым сваім дасягненнем усё роўна лічу выхад са зборнай Беларусі на чэмпіянат свету ў 2019 годзе. Мы занялі 11 месца з 16 удзельнікаў. Для мяне гэта больш важкі вынік. Спадзяюся, мы яшчэ выйдзем на чэмпіянат свету і зоймем там больш высокае месца.

— Са «Спартаком» у вас дзейнічае паўнавартасны кантракт?

— Чэмпіянат Расіі пачнецца ў ліпені, за «Спартак» гуляць не буду. Мне патлумачылі, што ў клуба пэўныя фінансавыя цяжкасці, і выступаць за каманду будуць пераважна расійскія футбалісты. Хутчэй за ўсё, пачну чэмпіянат у складзе «Дэльты» з Саратава, з якой ужо правёў пэўныя перамовы. Расійскі чэмпіянат для мяне знаёмы. Раней я ўжо гуляў там за каманду «Крылы» з Самары.

— Дарэчы, Масква для вас даволі знакавы горад. У мінулым годзе вы нават бел-чырвона-белы сцяг паблізу Крамля расцягнулі.

— Мне падаецца, гэта было не каля Крамля, а паблізу спартыўнага комплексу «Лужнікі». Гісторыя наступная.

Летась Масква прымала кваліфікацыю да чэмпіянату свету. Ёсць адзін хлопец з Украіны, які часта прыязджае на міжнародныя спаборніцтвы па пляжным футболе. Ён добра размаўляе па-беларуску, лічыць нас братамі, і ў свой час таксама паўплываў на тое, каб я больш грунтоўна развіваўся ў кірунку беларушчыны. Ён заўсёды з сабой прывозіць бел-чырвона-белы сцяг, каб падтрымаць нас. У пэўны момант ён разгарнуў сцяг у Маскве і мы сфоткаліся.

— А мне здалося, што гэта вы палотнішча прывезлі…

— Пакуль сцяг не набыў, але падобныя думкі ёсць.

Дарэчы, і хлопцы, і спецыялісты з трэнерскага штаба часам пытаюцца, ці ёсць у мяне бел-чырвоны-белы сцяг, каб можна было яго разгарнуць ці сфатаграфавацца. Трэба ўжо ўсё ж такі набыць.

— Масква — гэта ваш горад? Ці засталіся б там жыць?

— Не. Буйныя памеры гэтага горада мне не падабаюцца. Мінск таксама не маленькі, але тут больш прасторы. Ну, і мне хацелася б быць карысным у сваёй краіне. Тых, хто змагаецца за беларушчыну, не так шмат. Я не ведаю, як складзецца маё жыццё, але буду рабіць усё дзеля таго, каб мы не згубілі нашыя гістарычныя каштоўнасці. У першую чаргу — мову.

Ментальна гэта таксама не мой горад. Я за тое, каб мы жылі ў міры і згодзе, але так гістарычна склалася, яшчэ з часоў ВКЛ, што мы былі супернікамі, і я, паўтаруся, хачу жыць у сваёй краіне.

— Людзі з савецкім светапоглядам вам бы запярэчылі наконт супернікаў.

— Розніца паміж нашымі народамі дакладна ёсць.

Зразумела, што за столькі гадоў савецкага падняволення быў зроблены сур’ёзны прарасійскі уплыў на беларусаў. Але я гадаваўся крыху ў іншым асяродку — у Заходняй Беларусі: Лідскі раён, вёска Мейры каля Ваверкі. Бабуля калі і размаўляла са мной на трасянцы, дык на польска-беларускай, а не на руска-беларускай. Чуць польскую мову для мяне было натуральна, і я яе добра разумею. Гэтая заходнебеларускасць сапраўды адчуваецца.

Прывяду прыклад. Адзін вельмі вядомы беларускі футбаліст некалькі гадоў таму гуляў за гродзенскі «Нёман». І ён, калі аднойчы вярнуўся ў Мінск, мне казаў: «Ды там ужо не беларусы — там палякі!» Адказаў яму: «Гэта не палякі, а сапраўдныя беларусы! І размаўляюць яны па-беларуску». Проста ў Мінску больш зрусіфікаваных людзей, а ў Гродне і Лідзе на вуліцах часцей можна пачуць беларускую гаворку.

— Як вас, такога беларускага патрыёта, рускія ўспрымалі?

— Нармальна. Безумоўна, былі такія, хто звяртаўся: «Мы ваявалі разам! І выраслі разам на бульбе і сале!», але такіх бачыў няшмат, і спрачацца з імі не хацеў. Больш хітрыя казалі: «Усё роўна вы будзеце інтэграваныя ў Расію. Іншых шляхоў няма». Але амаль усе, з кім я кантактаваў, разумелі, што мы розныя народы. Проста так склалася, што беларусы добра валодаюць рускай мовай і ведаюць культуру гэтай краіны.

Дарэчы, многія беларускія і расійскія гарады раздзяляюць паміж сабой тысячы кіламетраў, а мы і дагэтуль жывём супольнай культурай. Відаць, што ў Савецкім Саюзе русіфікацыяй займаліся сапраўдныя майстры.

* * *

— У вялікі футбол вы гулялі пераважна за сціплыя каманды з ніжэйшых ліг і не здолелі «зачапіцца» за вышэйшую лігу. Усіх сваіх вышыняў — прызнаваліся найлепшым гульцом краіны, згулялі на чэмпіянаце свету — дасягнулі ў пляжным футболе. Ці ўдзячныя лёсу, што ўсё так склалася?

— Так, але ўсё роўна ёсць пэўныя згрызоты, што не здолеў рэалізаваць сябе ў вялікім футболе.

Так склалася, што я атрымаў сур’ёзную траўму, пасля якой рэалізаваць сябе ў прафесійным футболе пры неверагодных нагрузках было б вельмі складана. І мне даволі часта прыходзілася пераадольваць боль, каб гуляць.

Тым больш на нялепшых штучных палях, на якіх павышаецца рызыка атрымаць траўму. Акрамя таго, цудоўна разумеў, што ў каманды з добрымі заробкамі і сур’ёзнымі мэтамі наўрад ці патраплю. У выніку ў 27 гадоў я перайшоў у пляжны футбол, патрапіў у каманду БАТЭ, і на вялікім полі гуляў усё радзей і радзей.

Пляжны футбол менш траўматычны, ну і ў ім для здароўя больш спрыяльныя ўмовы. Мора, пляж, добры клімат, паветра… Дзякуй Богу, здароўе маё выправілася, і ў свае 36 адчуваю сябе цудоўна. Складана было толькі ў першы год, калі выбіваў пальцы, а цяпер усё добра і на падобнае нават не звяртаю ўвагі.

— Футбалісты любяць расказваць неверагодныя і рамантычныя гісторыі пра гульню ў першай лізе і сваіх аднаклубнікаў. У роднай «Лідзе» вы пазнаёміліся з легендай мясцовага футбола Вітольдам Хохлачам.

— Пра Віцю можна шмат гісторый расказаць. Вось адна з іх. Гэта здарылася, напэўна, у 1990-х. Аднойчы Хохлачу прыйшлося прапускаць матч чэмпіянату праз перабор картак. Ён ведаў, што не будзе гуляць, і напярэдадні той сустрэчы, скажам так, крыху адпачнуў. У дзень матча ў каманды быў збор. Хохлач, як і ўсе, таксама на ім прысутнічаў. І калі трэнер Іван Прохараў пачаў агучваць стартавы склад, ён прамовіў: «Апошняга абаронцу згуляе Хохлач». Вітольд аж скалануўся, узняўся і разгублена сказаў: «Іван Прохаравіч, дык я ж прапускаю гульню» — «Віця, мы дамовіліся. Будзеш гуляць». Але Хохлач быў не ў ідэальнай форме. У выніку ён надзеў куртку-балоньку і за дзве гадзіны да пачатку матчу пабег вакол поля ўсю дрэнь з сябе выганяць. Бегаў так, магчыма, гадзіну, а пасля выйшаў на поле, быў не горшым за астатніх і дапамог перамагчы, здаецца, аднаго з лідараў чэмпіянату Беларусі. Малайчына. Ён сапраўды лідская легенда.

— Беларускай футбольнай грамадскасці ён вядомы дзякуючы іншаму выпадку. У 2000-м у матчы з БАТЭ ён літаральна з цэнтра поля забіў Юрыю Жаўнову. Некаторыя заўзятары лічаць, што гэта быў самы неверагодны гол у гісторыі чэмпіянату Беларусі.

— О! Цудоўны ўдар. Я тады толькі пераехаў з Ліды ў Мінск, пачаў вучыцца ў Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзерву. У той час там навучаўся і Жаўноў. І калі мы з ім сустрэліся пасля той гульні, ён сказаў, што Хохлач біў амаль з цэнтральнага кола, і мяча не было бачна. У Віці сапраўды быў не ўдар, а пушка! І траекторыя палёту мяча была такая, што справіцца з ударам было вельмі складана. Юра нават не варухнуўся.

— Чым зараз займаецца лідская легенда?

— Дакладна не ведаю. Віця працаваў на піўзаводзе ў Лідзе, разышоўся з жонкай, зараз жыве ў інтэрнаце… Не самае лепшае ў яго жыццё. У легенды лідскага футбола магло б быць усё іначай.

— Калі гулялі за пляжную каманду БАТЭ, з Анатолем Капскім сустракаліся?

— Не, але я бачыў старое фота, на якім ён зафіксаваны разам з камандай. З ім кантакт пастаянна падтрымліваў наш гулец, футбольны агент Яўген Гайдук, і менавіта Гайдук вырашаў усе пытанні, звязаныя з камандай. На нашыя матчы прыязджаў толькі былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Дземянцэвіч.

— А ці было адчуванне, што пляжны футбол для БАТЭ ў параўнанні з вялікім — гэта нешта не вельмі сур’ёзнае?

— Напачатку такога адчування не было. Асноўная каманда трымалася на нагах упэўнена. Яна пастаянна ўдзельнічала ў групавых стадыях еўракубкаў, і грошай у клубе хапала. Але пасля таго, як БАТЭ не выйшаў у Лігу чэмпіёнаў, пайшлі размовы, што ёсць складанасці і клубу не да пляжнага футбола. У выніку ўсё ператварылася ў аматарскі ўзровень. Грошай і трэніровак не было. Наш калектыў існаваў толькі на энтузіязме ахвотных, і ў 2019-м каманда перастала існаваць.

— Дарэчы, ці можна гуляць у пляжны футбол і адчуваць сябе упэўнена ў фінансавым пытанні?

— Падчас пандэміі, думаю, не. Чаму? Усе асноўныя заробкі — гэта ўдзел у замежных чэмпіянатах. І калі на працягу года паездзіш па розных турнірах, сапраўды можна зарабіць нядрэнныя грошы. Я так, напрыклад, гуляў у чэмпіянатах Расіі і Украіны.У пляжным футболе не існуюць доўгатэрміновыя кантракты, і ты звязваеш сябе абавязкамі з клубам, можа, толькі на паўгода. Адзіная каманда, якая прапаноўвае доўгатэрміновыя дамовы, — гэта піцерскі «Крышталь». Там футбалістам плацяць грошы штомесяц на працягу года.

— Колькі ў «пляжцы» можа зарабіць футбаліст?

— Як дамовішся. Мы атрымліваем грошы не за месяц, а за пэўную колькасць матчаў. Умоўна кажучы, правёў шэраг гульняў, атрымаў тысячу даляраў, паехаў дадому, праз тыдзень вярнуўся.

У найлепшы месяц футбаліст у пляжцы можа зарабіць дзве ці тысячы даляраў. Але, разумееце, чэмпіянаты цягнуцца некалькі месяцаў, і буйныя сумы ўсё роўна не заробіш.

— Паралельна ў вас ёсць іншая праца?

— У мінулым годзе я працаваў трэнерам брамнікаў у мінскім «Тарпеда», яшчэ раней — у «Крумкачах», аднак зараз вельмі складана з падобнай працай. У мяне на пачатку года былі прапановы ад некаторых клубаў, але па некаторых прычынах адмовіўся. Чакаў больш цікавых прапаноў ад пляжных каманд. Акрамя таго, зараз як футбаліст зборнай знаходжуся на стаўцы ў Міністэрстве спорту, і мне плацяць пэўныя грошы.

* * *

— Гэта не байка, што на вашае захапленне беларушчынай паўплываў выпадак на вяселлі кума?

— Не, сапраўды так і было.

Гэта здарылася на вяселлі былога саліста «Песняроў» Андрэя Усанава, напэўна, гадоў сем таму. Мы ўжо вясёлыя былі, і я пачуў тост, маўляў, мы, беларусы, павінны трымацца сваіх каранёў і шанаваць традыцыі. Мяне ўсё гэта вельмі ўразіла і падштурхнула ўдасканальваць сваю беларускую мову. Як? Пачаў шмат чытаць, і заўважыў, што ў нас недахоп літаратуры на беларускай мове. Мне вельмі спадабаліся «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, вершы Уладзіміра Дубоўкі, пераклады сусветнай класікі і «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага. Чытаючы некаторыя з іх, нават плакаў.

У вершах некаторых паэтаў убачыў боль за краіну, за мову. Усё гэта падштурхоўвала мяне да нейкіх думак, пачынаў корпацца ў сабе. І ў нейкі момант зразумеў, што калі столькі людзей трымалі гэты боль, пранеслі яго ў сабе, дык і я інакш не магу. Так і вырашыў свядома размаўляць па-беларуску. Горш ад гэтага дакладна не будзе.

— Страшна пачаць не было?

— Напачатку.

Трэба было набрацца смеласці, каб сказаць кіроўцу маршруткі: «Калі ласка, спыніце на наступным прыпынку!» Не люблю, калі на мяне звяртаюць увагу і азіраюцца.

Але з часам пачаў заўважаць, што нават па-руску я гавару беларускімі словамі, і паступова перайшоў на мову. Ніякіх цяжкасцяў зараз няма.

Напачатку не ўсе станоўча глядзелі на маю пазіцыю і думалі, што ў мяне дах паехаў. Але з часам усе зразумелі, што нічога дрэннага ў гэтым няма. Мае дзеці валодаюць і рускай, і беларускай мовамі, і лёгка могуць перайсці з адной на другую, калі гэта трэба. Прыемна, што, калі пляменнікі прыязджаюць у госці, чуюць ад мяне беларускія словы, а пасля ўжываюць у сваёй размове.

— Як успрымалі вашае захапленне ў клубах, дзе працавалі?

— Адэкватна. Хаця памятаю адзін эпізод. Мы разам з «Тарпеда» былі на пікніку, і трэнер Уладзімір Нявінскі папрасіў мяне прамовіць тост па-беларуску. Як мне пасля распавялі, аднаго беларускага хлопца мая мова так уразіла, што ён пальцам каля скроні пакруціў: маўляў, а ён не звар’яцеў? І гэта пры тым, што нават расійскія легіянеры «Тарпеда» вельмі добра ўспрымалі мову і здзіўляліся, чаму беларусы не размаўляюць на сваёй.

— Знайшлі адказ на пытанне, чаму беларусы цураюцца свайго?

— Напэўна, так. На беларускай мове размаўлялі людзі, якія жылі на перыферыі і займаліся сельскай гаспадаркай. Калі пачалася масавая ўрбанізацыя, усе ў гарадах пераважна загаварылі па-руску. Размаўляць па-беларуску для некаторых стала сорамна, па-вясковаму, і ў пэўных колах лічылася, што ты неадукаваны. Усе імкнуліся быць адукаванымі і пачыналі размаўляць па-руску. Што казаць, калі я сам у дзяцінстве рабіў маме заўвагі, што яна размаўляе на трасянцы і скажае рускія словы. А цяпер сам прашу, каб маці размаўляла з унукамі па-беларуску.

— У нас некаторыя кажуць, што ў краіне двухмоўе і з беларускай усё нармальна, яе не прыніжаюць у правах.

— Так кажуць тыя, хто не спрабуе ўладкаваць дзіця ў беларускомаўны садок ці школку. Яны не цікавяцца мовай, праблем не ведаюць. Бо, калі я сутыкнуўся з імі, убачыў шмат перашкод.

Ты не можаш ні фільм на мове паглядзець па тэлебачанні, ні мультфільм, ні ў кінатэатр схадзіць. А дзяржава заняла пазіцыю, якую можна растлумачыць словамі: навошта перакладаць на беларускую мову кнігі, калі ўсе рускую добра ведаюць. Гэтыя праблемы трэба вырашаць сёння, бо пазней будзе вельмі і вельмі складана. Я проста бачу, што для многіх беларускіх дзяцей наша мова становіцца замежнай.

Нават мой пляменнік мне кажа: «Як там будзе па-вашаму?» Я спрабую яму растлумачыць, што гэта па-нашаму, але ён, малы, пакуль яшчэ не разумее.

— У Беларусі мусіць быць адна дзяржаўная мова?

— Так. Ёсць вельмі добры прыклад Украіны. Некаторыя рускія кажуць, што іх мову там забараняюць, але нічога падобнага не адбываецца. Там размаўляюць і па-руску, і па-ўкраінску, але ў краіне адна дзяржаўная мова — украінская. І праз гэта ніхто ні з кім не варагуе.

— Ок. Хто для вас складае пантэон беларускіх нацыянальных герояў?

— У першы шэраг пастаўлю Тадэвушка Касцюшку, Кастуся Каліноўскага і тую ж Эмілію Плятэр, якая ўдзельнічала ў паўстанні 1830 года. Гэтыя людзі натхняюць сваёй прагай і воляй да незалежнасці. Мне таксама падабаюцца Радзівілы. Яны мелі ўласнае войска і былі амаль незалежнымі ад каралёў і маглі пайсці супраць улады. Прыемна, што шляхта складала на нашых землях ледзь не 20 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Заможных людзей хапала.

І я хацеў бы, каб зараз жыхары нашай краіны мелі прыбытак, зараблялі б мінімум тысячу даляраў і ўсміхаліся. А як жа чалавеку ўсміхацца, калі ледзь зарабляе сабе на жыццё?

— Шмат бачылі ў Беларусі вуліц у гонар Каліноўскага і Плятэр?

— Вуліцы Каліноўскага ёсць, але калі ў дзяцей спытаць, хто гэта такі, мяркую, адкажуць, што пісьменнік. Многія не ведаюць, бо на афіцыйным узроўні няма тых жа шырокіх святкаванняў у гонар Кастуся. Напрыканцы 2019 года ў Вільні было перапахаванне парэштак Каліноўскага, а ў нас некаторыя проста замоўчвалі гэтую падзею і не звярталі ўвагі.

— Вы неяк сказалі, што сучасны беларускі гімн здаецца вам не вельмі патрыятычным, таму чытаеце перад матчам «Пагоню» Максіма Багдановіча. Якую бачыце альтэрнатыву дзяржаўнаму гімну?

— Тая ж самая «Пагоня» альбо гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», таму што словы з гэтых вершаў не губляюць актуальнасці па сённяшні дзень, і ўздымаюць настрой. У іх адлюстроўваецца характар нашых продкаў, якія баранілі нашу зямлю, праганялі з яе ворага і ўздымалі паўстанні ў час няволі.

— На фоне другіх спартоўцаў вы выглядаеце як белая варона. У многіх адрозны пункт гледжання. Напрыклад, вядомая вяслярка Маргарыта Махнёва неадназначна выказалася наконт беларускай мовы.

— Думаю, што нехта проста выкарыстоўвае людзей, якія не разбіраюцца ні ў палітыцы, ні ў гісторыі. Ім гэта абыякава. Мяркую, кагосьці з іх проста папрасілі нешта напісаць у сваіх сацыяльных сетках, а такіх абыякавых вельмі лёгка ў нечым выкарыстоўваць. Вось і ўсё.

— Чаму беларускія спартоўцы так актыўна зараз пачалі падтрымліваць Лукашэнку?

— Гэта як з Сovid-19. Гэта людзі паднявольныя і атрымліваюць грошы з дзяржаўнага бюджэту. Віталь Гуркоў ужо ўсё сказаў пра іх у інстаграме: «Кроплі, якія падаюць з вёслаў на цемя, больш небяспечна і разбуральна дзейнічаюць на працу галаўнога мозгу, чым удары Буакава Пор Прамука». Магчыма, нехта з іх хоча зрабіць сабе добрую кар’еру і потым з’явіцца ў палітыцы. Хаця ведаю спартоўцаў, якія не падзяляюць іх погляды і добра разумеюць сітуацыю ў краіне.

— Якія эмоцыі ў вас выклікалі падобныя выказванні спартоўцаў?

— Агіду. Не ведаю, іх гэта меркаванні ці не, але чытаць было непрыемна.

Навошта хлусіць? У вас жа бацькі ёсць? Мы ж усе бачым, як жывецца ў нашай краіне і куды мы накіроўваемся? Што адбываецца з нашым сярэднім і малым бізнэсам? Я неаднойчы бачыў, як пенсіянерка не магла разлічыцца ў краме, бо ёй проста не хапала грошай. Глядзець на падобнае немагчыма. Слёзы наварочваюцца.

Гэта, безумоўна, добра, што ў нашай краіне такую вялікую ўвагу надаюць спорту і здароваму ладу жыцця, укладваюць у гэты сектар грошы, але, на мой погляд, раўназначна трэба ставіцца і да медыцыны, і да адукацыі.

І добрыя заробкі мусяць быць не толькі ў спартоўцаў, але і ў настаўнікаў, і ў лекараў. Усё ж такі настаўнік і доктар — гэта самыя галоўныя прафесіі ў нашай краіне.

— У якім аб’ёме сочыце за сённяшнім палітычным жыццём краіны?

— Не магу сказаць, што паглыбіўся ў гэты працэс, але асноўныя падзеі адсочваю і патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ведаю.

— Хто з іх вам імпануе?

— Кандыдата, які б цалкам адпавядаў маім поглядам, няма.

— Бабарыка ці Цапкала?

— Больш на слыху Бабарыка. Чалавек правільна разважае, але тая ж прывязка да «Газпрама» і развагі пра адзіную валюту мяне крыху бянтэжаць. Усё ж такі адзіная валюта — гэта ўсё роўна для нас залежнасць ад іншай дзяржавы. Думаю, усё яшчэ наперадзе, і высновы наконт свайго кандыдата яшчэ зраблю.

— Як вы адрэагавалі на затрыманні Ціханоўскага і Бабарыкі?

— А тут нават няма чаго абмяркоўваць. Усе ўсё бачылі. Інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай я таксама чытаў. У мяне складваецца ўражанне, што гэта звычайная сям’я, якая не валодала 900 тысячамі даляраў. Калі б у іх былі такія грошы, яны б жылі па-іншаму.

Што тычыцца Бабарыкі, то справы, у якіх абвінавачваюць яго і ягоных паплечнікаў, чамусьці агучылі толькі тады, калі ён вылучыўся ў кандыдаты. Хочацца, каб перадвыбарная кампанія і выбары праходзілі ў сумленнай барацьбе.

— Лукашэнка — адзіны чалавек у Еўропе, які знаходзіцца на пасадзе 26 гадоў. Гэта нармальна?

— Гэта было б нармальна, калі б мы квітнелі, калі б бачылі ў эканоміцы прырост штогод, калі б заробкі павышаліся. Але ж падобнага ў Беларусі ва ўсім я не бачу. Таму 26 гадоў — гэта зашмат.

— Чаго чакаеце ад будучыні ў нашай краіне?

— Я хачу, каб нашыя дзеці паўсюдна пачалі размаўляць на беларускай мове. Каб у нас былі беларускамоўныя школы і садкі, і каб ва ўніверсітэце дзеці таксама маглі б атрымаць адукацыю на роднай мове. Нехта скажа, што ўсё пералічанае не самае істотнае для нас і багацейшымі ад гэтага мы не станем. Але, на мой погляд, мова — гэта менавіта той падмурак, які дапаможа нам захаваць сваю незалежнасць і адметнасць.

Гутарыў Тарас Шчыры, фота Надзеі Бужан