Шыльда, якая паведамляе пра расстрэл вязняў у ашмянскай турме. Фота yozasgubka.livejournal.com.

У ноч з 23 на 24 чэрвеня 1941 года адбыўся масавы расстрэл у Ашмянскай турме.

Аддзел НКВД паўстаў у Ашмянах 2 лістапада 1939 года. Яго начальнікам стаў старшы лейтэнант дзяржбяспекі Рыгор Сямыкін. Пасля яго гэту функцыю выконваў лейтэнант дзяржбяспекі Васіль Яршоў.

Арыштаваных савецкімі службамі бяспекі змяшчалі ў будынку даваеннай польскай турмы, на вуліцы Пілсудскага, 60. Сёння гэта вуліца Савецкая. Турма была абгароджаная высокім плотам. Па суседству з турмой быў будынак былога павятовага староства. Цяпер там Ашмянскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Па ўспамінах арыштаванага ў снежні 1939 года Эдварда Навасельскага, у камеры, якая была разлічаная на восем чалавек, зна ходзіліся 72 вязні. Каб уначы схадзіць у прыбіральню, трэба было ісці па нагах, руках і галовах.

З перапоўненай прыбіральні пад ляжачых людзей цякла мача. Да кепскіх санітарных умоў дадаваўся голад.

Самаму малодшаму вязню было 17

На другі дзень пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз, 23 чэрвеня ў 10:00, работнікі турмы вывелі зняволеных на ўнутраны дворык, дзе пачалі дзяліць на групы. Вечарам каля 60-100 вязняў аддзялілі ад іншых і завялі ў камеру №3. Спіс іх прозвішчаў невядомы. Пераважнагэта былі жыхары былога Ашмянскага павета, якія назваліся палякамі. Самаму малодшаму з іх было 17 год.

Ахоўнікі пачалі выклікаць вязняў з камеры №3 па прозвішчы, па адным або па двое. Тым, каго выклікалі, казалі забраць асабістыя рэчы, бо, маўляў, іх будуць эвакуіраваць да іншай турмы ці вызваляць.

Насамрэч ім звязвалі рукі калючым дротам, у некаторых выпадках завязвалі рот, а потым заводзілі ў падвал суседняга будынка былога староства.

Там забівалі стрэлам у патыліцу. Па меры запаўнення сутарэнняў целамі забітых, энкавэдысты адыходзілі бліжэй да выхаду.

«Я здолеў заўважыць, што тыя вязні, якіх выводзілі з камеры перада мной, ляжаць ужо мёртвыя на падлозе ў глыбіні падвала. Мяне правялі ўглыб гэтага падвала і ў нейкі момант стрэлілі ззаду. Адчуў трэск раздробленага шыйнага пазванка і боль, і кроў, якая цякла ў мяне па карку. Аднак я не згубіў прытомнасці і здаецца нават, што працягваў стаяць. У сваю чаргу памятаю, што супрацоўнік (не ведаю, каторы) падставіў мне пісталет да скроні і стрэліў. Я ўбачыў толькі бляск і згубіў прытомнасць. Потым стралялі ў мяне трэці раз – у спіну. Калі я апрытомнеў, аказалася, што я знаходжуся ў шпіталі ў Ашмяне» – сведчанне Палікарпа Страшыцкага, вязня ашмянскай турмы.

За пратэст забівалі з асаблівай жорсткасцю

Зняволеныя, якіх выводзілі на месца расстрэлу, паводзілі сябе спакойна. Спачатку яны не ведалі пра пагрозу, а потым не бачылі шанцаў на паспяховы супраціў. Аднак Вацлаў Аляхновіч і Адольф Лапушэўскі, кожны з іх у розны час, атакавалі канваіраў.

Ашалелыя ахоўнікі ў адказ на гэта забілі іх з асаблівай жорсткасцю, выкалаўшы або выціснуўшы вочы.

Але гэты супраціў не быў безвыніковым. Пасля бойкі Лапушэўскага з энкавэдыстамі, канваіры вярнулі вязня, які ішоў за ім – Баляслава Новіка, назад у камеру. І пазней не выклікалі яго другі раз. Экзекуцыі працягваліся да світання 24 чэрвеня. Зняволеныя, да якіх даходзілі водгукі стрэлаў, зарыентаваліся, які лёс напаткаў тых, каго забралі з камеры.

Адзін з вязняў. Фота забяспечанае аўтарам.

У той час пад будынкам турмы пачалі збірацца жыхары Ашмянаў, заклапочаныя лёсам сваякоў і сяброў. Адзін з іх крыкнуў вартаўнікам, што немцы ўжо знаходзяцца ў горадзе. Гэта мела добры вынік, бо энкавэдысты ў паніцы пачалі ўцякаць. Ацалелыя вязні выламалі дзверы камер і з дапамогай цывільных выбраліся на волю. Крыху пазней група супрацоўнікаў на чале з начальнікам мясцовага НКВД вярнулася ў турму. Энкавэдысты, не заспеўшы нікога ў будынку, не спрабавалі адшукаць уцекачоў, а канчаткова эвакуіраваліся з Ашмянаў.

Забойства вязняў у Ашмянах было самавольнае

Крыніцы падаюць розную колькасць ахвяр расстрэлу. У рапарце на тэму экзекуцыі турмаў Беларускай ССР, напісаным 3 верасня 1941 года намеснікам начальніка ўпраўлення турмамі НКВД БССР лейтэнантам дзяржаўнай бяспекі Апалевым, падаецца, што расстраляныя былі 30 вязняў. Сведкі сцвярджалі, што ў сутарэннях староства знайшлі целы 52 ахвяр, а таксама пяць цяжка параненых вяз – няў. З параненых трое выжыла, адзін памёр, лёс пятага не атрымалася ўстанавіць. Былі ідэнтыфікаваныя 24 целы. Яшчэ ўстанавілі, што сярод нераспазнаных ахвяр знаходзіліся два настаўнікі з Ашмянаў. Рапарт таксама інфармуе, што рашэнне пра забойства вязняў прынялі камісар Клімянко і намеснік оперупаўнаважанага Аўдзееў.

Забойства зняволеных ашмянскай турмы мела самавольны характар. Толькі 24 чэрвеня 1941 года народны камісар унутраных спраў Лаўрэнці Берыя выдаў загад абласным аддзелам НКВД расстраляць усіх палітычных вязняў, якія ўтрымліваюцца ў заходніх абласцях СССР, эвакуацыя якіх углыб краіны была немагчымая.

Цяпер можна ідэнтыфікаваць толькі 22 забітых, а таксама двух вязняў, якія выжылі.

  1. Аляхновіч Вацлаў – Ашмяна, рабочы
  2. Багдановіч Міхал – Белянішкі, гміна Ашмяна, перажыў экзекуцыю
  3. Ваўжынец Станіслаў (Сасцін/Сусцін Ваўжынец) – Ашмяна
  4. Загарэнка (Захарэнка) Гедэон – Ка – менка, гміна Гальшаны
  5. Захарэўскі Раман – Жынкоўшчына, гміна Гальшаны , фермер
  6. Златагурскі Юзаф – Ашмяна
  7. Казакевіч Ян – Граўжышкі
  8. Карчэўскі Юзаф – Бянюны, гміна Гальшаны, войт
  9. Краўчонак Міхал – Ашмяна, працаўнік бровара
  10. Лапушэўскі Адольф – Ашмяна, працаўнік бровара
  11. Ластоўскі Баляслаў – Юркішкі, гміна Граўжышкі
  12. Макрыцкі Антон – Гальшаны, ветэрынар
  13. Марчык Мар’ян – Маркінента, гміна Гальшаны, млынар
  14. Масальскі Вітольд – Плебаньцы, гміна Гальшаны, легіянер
  15. Міцкевіч Крыштаф – Павішні, гміна Ашмяна, фермер
  16. Навасельскі Уладзіслаў – Нарушоўцы, гміна Гальшаны
  17. Навіцкі Зыгмунт – Ашмяна, староста
  18. Нарковіч (Наркевіч) Вітольд – Суглобішкі, гміна Гальшаны
  19. Ракоўскі Баляслаў – Ашмяна, працаўнік ашмянскай пошты
  20. Раманоўскі Антон – Гальшаны/Лабы, гміна Гальшаны, уладальнік крамы
  21. Рэкуць Баляслаў – Вельбутова, гміна Граўжышкі
  22. Страшыцкі (Сташыцкі) Палікарп – Малышкоўшчына, гміна Гальшаны (перажыў экзекуцыю)
  23. Цюкша Эдвард – Біюцішкі, гміна Гальшаны
  24. Эйгерд Францішак – Каралінава, гміна Гальшаны.

Таксама праўдападобна, што сярод забітых былі: Цэзары Эйгерд, фермер з Каралінава гміны Гальшаны; Мікалай Мароз, дарожны тэхнік з Гальшанаў.

Дакладная лічба ахвяр, пахаваных у брацкай магіле, невядомая. Некаторыя з забітых былі пахаваныя сваякамі. Пяць чалавек пахавалі ў Гальшанах на прыкасцель ных могілках, двух – уГраўжышках, аднаго – у Багданаве.

• Текст доступен на языке: Русский