6 ліпеня амбасада Літвы ў поўным складзе наведала Крэва. Паездку зладзілі 6 ліпеня – у дзень, калі ў 1253 годзе вялікі князь літоўскі Міндоўг быў каранаваны ў сваёй рэзідэнцыі ў Наваградку, які тады быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

– Ад 2009 года, калі адзначалі тысячагоддзе Літвы, з’явілася традыцыя: 6 ліпеня, у дзень каранацыі Міндоўга, літоўцы ва ўсім свеце ў 21:00 спяваюць гімн Літвы. 6 ліпеня ў Літве ў гэты час ішоў моцны дождж, але літоўцы ўсё роўна спявалі. А мы наведалі Крэва – месца, дзе быў забіты Кейстут, адкуль збег Вітаўт і дзе была падпісаная Крэўская унія. У Крэве, дарэчы, у гэты час было цудоўнае надвор’е. І мы праспявалі гімн тут, – падзялілася міністр-дарадца намеснік амбасадара Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене.
Па яе словах, у амбасадзе вельмі рады, што ў Беларусі надаюць увагу агульнай беларуска-літоўскай спадчыне і што Крэўскі замак рэстаўрыруюць.
Высокіх гасцей у Крэве фатаграфаваў мясцовы жыхар фатограф Сяргей Гапон. Ён падзяліўся з карэспандэнтам сваімі назіраннямі ад сустрэчы 6 ліпеня:
– Пакуль мы шпацыравалі па крэўскіх вулачках, дэлегацыя ледзь не хорам віталася з кожным сустрэчным местачкоўцам. На еўрапейскіх вулачках нармальна атрымаць у падарунак усмешку ад незнаёмца. А нашы пасля ад’езду, прыемна ўражаныя, толькі і пыталіся, што за людзі такія ветлівыя.
Опубликовано Asta Andrijauskienė Понедельник, 6 июля 2020 г.
Відэа Сяргея ГАПОНА.
Даведка «РГ»
Міндоўг — першы вялікі князь (канец 1248—1253 і 1261—1263) Вялікага княства Літоўскага, першы і апошні кароль літоўскі (1253—1261). У гісторыі Літоўскай Рэспублікі ВКЛ з’яўляецца княствам, з якога пачалася літоўская дзяржаўнасць, а Міндоўг — першым кіраўніком літоўскай дзяржавы. У гісторыі Беларусі, на землях якой дзяржаўнасць пачалася з больш ранніх Полацкага і Тураўскага княстваў, Міндоўг выступае як першы кіраўнік ВКЛ — дзяржавы, якая ў далейшым ахапіла ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі, Літвы і шэраг суседніх зямель.