У пятніцу, 3 ліпеня, Аляксандра Новіка затрымалі ў маладзечанскім парку за непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАП. Карэспандэнт «РГ» паразмаўляла з Аляксандрам наконт яго затрымання, трох сутак у ІЧУ і суда.

Супраціўляўся законным патрабаванням

У пятніцу, 3 ліпеня, прыкладна ў 16 гадзін Аляксандра Новіка затрымалі ў маладзечанскім парку каля амфітэатра. Да суда ён знаходзіўся ў ІЧУ. 6 ліпеня мужчыну судзілі па адміністрацыйным артыкуле 23.4 КоАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў».

Разбіральніцтва пачалося 6 ліпеня ў 16 гадзін. Суддзя — Інэса Южык.

Згодна з пратаколам Аляксандр Новік адмаўляўся выканаць законныя і відавочныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі камандзіра групы АМАП Асіпчыка. Асіпчык прасіў Новіка прайсці ў службовы аўтамабіль. Аднак той спрабаваў сысці, упіраўся нагамі і рукамі, на неаднаразовыя патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў.

Новік адказаў судзе, што цалкам прызнае сваю віну і папрасіў суд паставіцца да яго паблажліва.

Аляксандр распавёў, што 3 ліпеня ў 12:10 прыйшоў у парк з шарамі, каб потым іх раздаць дзецям. Потым гуляў, купіў бранзалет і ланцужок, сустрэўся з сястрой. Прыкладна ў 16 гадзін сеў каля амфітэатра на лаўку, каб пакурыць. Пакурыў і ўбачыў АМАП і міліцыянераў, вырашыў іх сфатаграфаваць.

Капітан міліцыі Яўген Кеўра.

На судзе прысутнічаў старшы ўчастковы Яўген Кеўра, які распавёў некаторыя акалічнасці справы. Па яго словах, 3 ліпеня каля 14:00 у міліцыю паступіла паведамленне, што ў парку на слупе нехта прымацаваў шары і бел-чырвона-белы сцяг.

— У сувязі з гэтым я сабраў матэрыял праверкі па адміністрацыйным артыкуле 21.14 «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання населеных пунктаў». Пасля былі арыентаваны нарады, якія знаходзіліся на ахове грамадскага парадку, каб высветліць, хто парушыў адміністрацыйны артыкул.

Па словах Кеўры, каля 16:30 супрацоўнікі АМАП даставілі Новіка для разбіральніцтва па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага парушэння ў маладзечанскі РАУС. Яго апыталі і склалі пратакол за непадпарадкаванне.

У пратаколе амапаўца, які прысутнічаў пры затрыманні Новіка, распавядаецца, што мужчыну затрымалі па арыенціроўцы пасля таго, як той сфатаграфаваў службовы аўтамабіль. Новіку прапанавалі прайсці ў аўто для праверкі і разбіральніцтва, на што ён адмовіўся. Яму яшчэ раз прапанавалі прайсці, але ён адмовіўся ў другі раз, і таму амапаўцы прымянілі фізічную сілу, павялі мужчыну за рукі.

Суддзя Южык праглядзела відэаматэрыялы справы, дзе было затрыманне Новіка. Яна запыталася, чаму Новік сказаў амапаўцам, каб яго не білі.

Новік: Я проста баяўся.

Суддзя: Баяліся? Чаго баяліся?

Новік: Бачыў, што адбываецца ў Мінску, то проста пачаў баяцца.

Суддзя: Баяцца чаго?

Новік: Баяўся нашых абаронцаў, можна так сказаць. Ёсць такі вось страх.

Суддзя запыталася, абапіраючыся на відэазапіс, у той момант, калі Аляксандр зрабіў крок назад ад праваахоўнікаў, чаму не захацеў ісці ў службовы аўтамабіль.

— Тады я проста спужаўся.

Пасля разгляду справы суддзя вынесла пастанову, згодна якой Аляксандра Новіка прызналі вінаватым у парушэнні адміністрацыйнага артыкула 23.4. Пакаранне — штраф у памеры 10 базавых велічынь.

«Не разумею, чаму да суда трымалі ў ізалятары»

7 ліпеня карэспандэнт «РГ» сустрэлася з Аляксандрам у парку. Ён працуе грузчыкам ў прыватнай кампаніі, а ў вольны час займаецца пчалярствам. Кажа, што раней ніколі ў жыцці яго не затрымлівалі праваахоўнікі. Па словах Аляксандра, былі адміністрацыйныя штрафы: некалькі разоў ехаў з працы ў электрычцы, заснуў і не выйшаў на сваім прыпынку, а аднойчы згубіў ваенны білет.

А вось з затрыманнем і суткамі, распавядае суразмоўца, быў першы досвед.

— Быў у парку некалькі гадзін, гуляў. Сустрэў сястру, якая працуе ў бібліятэцы, таму стаяў каля бібліятэчнага стэнду ў парку. Люблю культурныя мерапрыемствы, заўсёды актыўна ўдзельнічаю ў іх.

Потым Аляксандр адышоў да лаўкі, што каля ўваходу ў амфітэатр. На гадзінніку было прыкладна 16 гадзін.

— Курыў на лаўцы. Потым пабачыў, што на пляцоўцы за амфітэатрам АМАП і міліцыянеры. Пайшоў туды, некалькі разоў сфатаграфаваў іх на тэлефон і адразу пайшоў у бок выхаду з парка да вуліцы Хмяльніцкага.

Мужчына адышоў ад пляцоўкі, дзе знаходзіліся праваахоўнікі, і праглядаў зробленыя здымкі.

— Да мяне падбег амапавец, адразу прадставіўся, папрасіў прайсці з ім. На пляцоўцы прапанавалі абраць аўтамабіль, на якім паеду ў РАУС. Я захацеў паехаць на машыне маладзечанскай міліцыі, аднак мне адмовілі. Сказалі, што паеду з АМАПам. Ведаеце, бачыў, як затрымлівалі людзей у Мінску. Мне стала страшна, інстынктыўна зрабіў крок назад. Амапаўцы адразу ж падхапілі пад рукі, павялі ў бус. Я казаў, што магу сам ісці, але вялі пад рукі.

Па словах Аляксандра, на судзе паказалі відэа, дзе ён зрабіў толькі адзін крок назад ад супрацоўнікаў.

Потым Аляксандра супрацоўнікі АМАП прывезлі ў маладзечанскі РАУС. Там склалі пратакол за непадпарадкаванне.

— Пагадзіўся, падпісаў. Чаму? Не хацеў яшчэ праблемы мець, таму лепш было падпісаць. Потым змясцілі ў «стакан», а праз некалькі гадзін — у ізалятар. Мяне загадзя папярэдзілі, што да суда буду сядзець. Мяне абурае, не разумею, чаму сядзеў суткі ў ізалятары. Не разумею, я нейкі злодзей?

У камеры Аляксандр быў не адзін, там сядзелі яшчэ некалькі мужчын. Кажа, што ў ізалятары ўжо супакоіўся і было не страшна.

— Было страшна, калі затрымлівалі. Супакоіўся ўжо потым, калі знаходзіўся ў міліцыі.

Фотаздымкаў, якія Аляксандр зрабіў 3 ліпеня, на тэлефоне не засталося. Ён не ведае, куды яны зніклі.

Суд прызнаў Аляксандра вінаватым у парушэнні адміністрацыйнага артыкулу. Пастанова яшчэ не ўступіла ў законную сілу. Новік сказаў, што абавязкова будзе яе абскарджваць.

— Калі будзеце пісаць пра гэтыя падзеі, то абавязкова напішыце, каб людзі абавязкова папярэджвалі родных, калі яны ідуць на вуліцу і ў колькі плануюць вяртацца дадому. Таму што не ведаеш, што можа з табой здарыцца.

Фота Настассі УТКІНАЙ.