Аляксандр Новік у маладзечанскім парку. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Учора, 7 ліпеня, на афіцыйным канале ў Youtube МУС Беларусі з’явілася відэа, дзе малады чалавек выбачаецца, што здымаў на камеру супрацоўнікаў міліцыі.

Як высветліла «РГ», чалавек на відэа — Аляксандр Новік.

Чытайце яшчэ: «Я нейкі злодзей?» Маладзечанца затрымалі пасля таго, як ён сфатаграфаваў амапаўцаў

Чытайце яшчэ: Маладзечанец прабачаўся ў міліцыі на камеру. Даведаліся, што адбылося

Валянцін Стэфановіч. Фота svaboda.org.

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч пракаментаваў відэазапіс.

— У ПВКаАП, які рэгулюе працэдуру вядзення адміністрацыйнага працэсу, такія вось дзеянні не прадугледжаныя, — кажа Стэфановіч. — Яны маюць права ўзяць тлумачэнні ў асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, скласці пратакол, правесці іншыя дзеянні кшталту дактыласкапіі, відэафіксацыі.

— Вось гэтае відэа — гэта што за форма працэсуальнага дзеяння? — пытаецца юрыст.

Ён згадвае, што падобны выпадак быў пры міністру Ігару Шуневічу. Тады на відэа выбачаўся падлетак, які дакрануўся да фігуры гарадавога ў Мінску.

— Гэта абсалютна незаконныя дзеянні міліцыі, — сцвярджае юрыст Стэфановіч. — Як орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, яны павінны былі чалавеку растлумачыць ягоныя правы. А гэта прыніжэнне асобы, я лічу. І тым больш дэманстрацыя потым гэтага. Аніякага дачынення да працэдуры вядзення адміністрацыйнага працэсу і разгляду яго ў судзе гэта не мае.

— Я параіў бы абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, — кажа Валянцін Стэфановіч. — Гэта незаконна і амаральна.