У красавіку пра Валожын, дзякуючы валанцёрам, даведалася ўся Беларусь. Рух дапамогі хворым і медыкам падтрымала большасць валожынцаў.
Я сустракаюся з валанцёрамі, ад якіх пачаўся гэты рух. За сталом – бухгалтар і кандытар Кацярына Надуліна-Згірская,прадавец Вераніка Курбаева і айцішнік Аляксей Віршыч.
Усё пачалося з рэцэпта для мамы
Пачалося з таго, што Вераніка пайшла ў бальніцу выпісаць рэцэпт для мамы. У чарзе атрымала паведамленне ў бацькоўскім вайбер-чаце: «Тэрмінова-тэрмінова збіраем грошы для бальніцы».
– Я чалавек просты, падышла да загадчыка і спытала, што трэба? Загадчык кажа: нічога не трэба.
Вераніка напісала пра гэта ў чат, але з ёй пачалі спрачацца. Усе ведалі, што радзільны корпус мясцовай бальніцы перапрафілявалі ў інфекцыйнае аддзяленне. Прыйшлося вяртацца да загадчыка.

– Людзі хвалююцца, ходзяць розныя чуткі, калі нешта трэба, то кажыце, – настойвала Вераніка.
Загадчык адказаў, што даведаецца, ці трэба нешта, і паведаміць. На наступны дзень ён патэлефанаваў, сказаў, што патрэбныя ручнікі, крэмы. Апублікавалі спіс у мясцовай суполцы ў сацсетках. Пачаліся званкі і паведамленні.

– Я тэлефон выпускала толькі ноччу. У краме, дзе я працую, усё было завалена пакетамі. З бальніцы дасылалі спіс неабходнага, валанцёры ўсё закуплялі і адвозілі.
– Узяць тыя ж сушылкі. Ацяпленне ўжо выключылі і прасушваць рэчы пасля стэрылізацыі не было дзе, – распавядае Вераніка і дадае: – Нават пры наяўнасці грошай многія пазіцыі не было дзе купіць.
Поспех – ва ўзаемадзеянні ўлады, валанцёраў і медыкаў
Пік працы прыйшоўся на красавік. Пазней медыкаў, якія кругласутачна жылі ў корпусе, сталі выпускаць дадому. І яны самі закуплялі крэмы, смеццевыя пакеты. Тады актывісты свае сілы накіравалі на тых, хто працуе на выездзе.
– У іх змена шэсць-восем гадзін, і ўвесь час у поўным абмундзіраванні. Дапамагалі з вадой, канцылярыяй, куплялі батончык перакусіць медыкам у дарозе, – успамінае Вераніка. – Мы не імкнуліся забяспечыць усім, а хацелі падтрымаць іх маральна.
Цікаўлюся ў валанцёраў, як на іх актыўнасць рэагуюць медыкі.

– Спачатку не ўсе ў нас верылі, – кажа Аляксей. – Многія ўжо чулі пра справы супраць медыкаў. [У маі па «справе медыкаў» за хабар асудзілі шэсць дактароў (заўвага аўтарская)]. Яны баяліся. І мы баяліся. Але ў выніку пайшло ўзаемадзеянне паміж бальніцай, органамі кіравання і намі. Тады ўсё стала лёгка. Нешта трэба? Калі ласка. Шмат хто з улады сам дапамагаў нашай ініцыятыве як простыя грамадзяне, на ўмовах ананімнасці.
Вераніка расказвае, што сачыла ў інтэрнэце за працай мінскай групы ByCovid19:
– У мінскай группе чытаеш: актывісты тэлефануюць кудысьці, а адміністрацыя кажа: «Нам нічога не трэба». А ў нас загадчык аддзялення не пабаяўся і адказаў, што дапамога патрэбная.

Ва ўзаемадзеянні мясцовай улады і актывістаў бачыць сакрэт поспеху валожынскіх ва ланцёраў і Аляксей:
– Добра, што мясцовыя ўлады не заміналі. Мы разам з намеснікам старшыні выканкама і галоўным доктарам працавалі адной камандай. А пазней нам уручылі граматы, апублікавалі некалькі артыкулаў у прэсе.
Усе трое актывістаў валанцёрылі ў вольны ад працы час. Цікаўлюся, як да гэтага паставіліся іх працадаўцы. Аказалася, працадаўцы ўсіх падтрымлівалі. А некаторыя самі дапамагалі ініцыятыве.
Ці верыць афіцыйнай статыстыцы
Пытаюся, ці вераць актывісты ў афіцыйную статыстыку. Дзяўчаты адмоўна качаюць галовамі. Кацярына ўдакладняе:
– Не веру. Нават калі афіцыйная статыстыка дакладная, то яна прывязаная да колькасці тэстаў. Правялі 10-15 тысяч аналізаў, сярод іх выявілі 900 станоўчых выпадкаў. А ў рэальнасці такіх людзей могуць быць тысячы. Асабліва слаба верыцца ў колькасць памерлых.
– Нізкая статыстыка захворвання дазваляе людзям расслабіцца, – лічыць Вераніка.
– Статыстыку трэба лічыць тады, калі ўсё скончылася, – адказвае Аляксей.
Як цяпер складваецца сітуацыя з кавідам у Валожыне?
Вераніка:
– У нас няма інфармацыі. Гэта нешта накшталт медыцынскай таямніцы. Большасць хворых у шпіталі не мясцовыя. Іх прывезлі і павезлі. Мясцовых гэта мала датычыць.
Пытаюся, ці няма сярод валанцёраў выгарання. Аляксей распавядае, што ўсе праходзілі праз гэта, а Вераніцы і Кацярыне прыйшлося хадзіць да псіхолага. Бо разам са стрэсам ад каронавіруса абвастрыліся і старыя асабістыя праблемы. Але Вераніка адзначае, што адкрыліся і новыя крыніцы натхнення.
– Я не думала, што буду шчаслівая ад таго, што мне прывезлі вядро ахоўных акуляраў або ўдалося знайсці дэфіцытны тавар.
А самае галоўнае – гэта тая падтрымка, якую аказалі валанцёрам землякі:
– У нейкі момант здалося, што Валожын – гэта асобная дзяржава. Падняўся сапраўды ўвесь раён. Нам перадавалі тавары з Ракава, Івянца, землякі з Мінска, якія ўжо 10-15 гадоў не жывуць у Валожыне.
А з такой падтрымкай усе праблемы здаюцца вырашальнымі.
• Текст доступен на языке: Русский