Замест звычайных дзвярэй – карціны на тэму Беларусі. Менавіта такі праект задумала ўвасобіць актывіст з Маладзечна Ірына Тархан у двары па вуліцы Скарыны.
Як расказвае жанчына, ідэя з’явілася летась.
– Не ведаю, адкуль яна ўзялася, можа, з космасу. Але я хацела пасяліць прыгажосць у нашым двары. Яшчэ ў мінулым годзе пацікавіліся пра такую магчымасць у дырэктара «Камунальніка» – змяніць воблік дзвярэй і двара наогул. Ён нас падтрымаў. Мікалай Наздрын-Платніцкі заўсёды падтрымліваў ўсе нашы пачынанні і ідэі. У тым ліку дзякуючы гэтай падтрымцы наш двор паляпшаецца і прыгажэе.
Па задуме ініцыятара, на пад’ездных дзвярах адлюструюць Беларусь такой, якой яе бачаць. Прыроду, раслінны і жывёльны свет, міфалогію, культуру і спадчыну. Акрамя карцін, з’явяцца цытаты беларускіх пісьменнікаў, матывуючыя жыхароў пасланні. Усё для таго, каб па дарозе на працу або дадому жыхары радаваліся і ўздымалі настрой.
Праект рэалізуюць пры падтрымцы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, а таксама пры інфармацыйнай падтрымцы Асамблеі НДА.
Як развівалі задуму
Двор Ірыны Тархан многія ведаюць як самы актыўны і крэатыўны ў Маладзечне – за мінулы год яго і ўпрыгожылі, і зладзілі некалькі святаў для жыхароў і гасцей. Сёлета вырашылі дадаць двару адметнасці, і плануюць закончыць пераўвасабленне за ліпень.
Спачатку да праекта далучылася настаўнік мастацкай школы Кацярына Роўда і яе вучні. Прапаноўвалі ідэі, рабілі накіды. Да праекта далучацца і жыхары двара, тут хапае творчых людзей. навучэнцы Маладзечанскага музычнага вучылішча і гімназіі-камледжа мастацтваў. Крэатыўны мастацкі праект у Маладзечне не можа абысціся без удзелу мастака Bazinato, далучацца і іншыя вядомыя людзі.
Актывісты апыталі суседзяў, які ім мастацкая задума. 98% апытаных толькі за, многія бабулі ўжо цікавяцца, калі мастакі пачнуць маляваць. А некаторыя кажуць, што хацелі б бачыць на сваіх дзвярах.
Мастакі расказваюць пра свае будучыя карціны
Настаўнік маладзечанскай мастацкай школы Кацярына Роўда трапіла ў праект пасля знаёмтва з Ірынай Тархан на адным з мерапрыемстваў руху “Next stop – new life”.
– Прапанавалі намаляваць некалькі эскізаў для афармлення дзвярэй, – прагадвае мастак. – Захапіла ідэя стварыць у звычайным двары цэлую галерэю. Адна з тэм праекта – жывёльны свет Беларусі, таму на маіх малюнках будуць жывёлы, якія увасабляюць сімвал нашай краіны, некаторыя з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу. З’явяцца і міфалагічных істоты, напрыклад лесавік, якога таксама можна лічыць сапраўдным сімвалам і гаспадаром краіны з-за колькасці лясоў на яе тэрыторыі. Спадзяюся, што атрымаю шмат эмоцый і натхнення ад яе, людзей, з якімі працуем над праектам, і якія ўбачаць вынікі.
– Пагадзіўся далучыцца, таму што люблю актыўнасці, дзе можна праявіць сябе і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, – расказаў навучэнца музычнага каледжа, канцэпт-мастак Улад Савіцкі. – Пра праект расказала педагог-араганізатар каледжа Алеся Каролік. Выбраў для выявы такі вобраз: стылізую бульбу пад касмічны карабель.
– Мяне заўсёды захаплялі двары, у якіх так прыгожа размаляваны дзверы, лесвіцы, пляцоўкі. А тут такі шанец жыць сярод гэтай прыгажосці! – расказвае жахарка двара, выпускніца мастацкага класа гімназіі-каледжа Ганна Стужынская. – Будзеш выходзіць кожную раніцу на працу і любавацца творчасцю. На маім малюнку будзе дзяўчынка з кацянём, якія сядзяць на арэлях і любуюцца найпрыгажэйшым начным беларускім небам. Гэтая выява з’явілася ў галаве, калі сустрэла рудога сябра адным цёплым вечарам. З таго часу мы не растаёмся.
– Спадабалася думка дадаць фарбаў у сумны і шэры двор, – расказала навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Настасся Жардзецкая. – Я выбрала тэму мора, таму што асацыюецца з прыемнымі ўспамінамі, канікуламі і адпачынкам.
– Загарэлася ідэяй, калі пра задуму галерэі расказала мама, – падзялілася студэнтка Арыны Тархан. – Хачу намаляваць дзяўчыну, увасобіць вобраз беларускі – русыя валасы, белая блузка, у рках букет з ільну і палявых кветак.
– Гэта выдатная ідэя – зрабіць яскравымі і выразнымі штодзённыя рэчы, – падсумавала псіхолаг і мастак Ларыса Рудак. – Мая карціна будзе пра тое, што для мяне Беларусь – смаката, пяшчота, глыбіня.
За такую задуму актывісты нават атрымалі скідку ў краме, дзе куплялі фарбу:
– Часцей людзі купляюць нешта аднатоннае, кансерватыўнае, – тлумачыць прадстаўнік крамы Алег Старыкоў. – Гэтая ідэя мяне здзівіла. Не кожны дзень у магазін прыходзяць крэатыўныя людзі, гатовыя ствараць, не толькі для сябе, але і для жыхароў двара, горада. Я люблю супрацоўнічаць з творчымі людзьмі, якія не баяцца эксперыментаў!