Стася Наркевіч. Фота з сайта Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Днямі журы літаратурнай прэміі Гедройца апублікавала доўгі спіс намінантаў. У спісе – 22 прозвішчы. Сярод намінантаў – пісьменніца, ураджэнка Маладзечаншчыны Стася Наркевіч (Настасся Лазебная).

У спіс уключаная яе кніга «Прывідаў пярсцёнак», што выйшла ў 2019 годзе ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор».

Анастасія Лазебная нарадзілася ў 1952 годзе ў вёсцы Куляшы Маладзечанскага раёна. Скончыла Хоўхлаўскую сярэднюю школу, студыю выяўленчага мастацтва пры Маладзечанскім доме народнай творчасці. Працавала ў Маладзечне мастаком-афарміцелем на заводзе «Спадарожнік», потым у гандлі, будаўнічым трэсце. Затым была вучоба ў БДУ на факультэце журналістыкі. Ад пачатку 1980-х жыве і працуе ў Віцебску.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная 28 снежня 2011 года. Яе прысуджаюць за найлепшую кнігу, выдадзеную ў папяровым або электронным варыянтах ў папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды выступілі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмія была названая ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх адносін паміж Польшчай, Беларуссю, Літвой і Украінай.

У 2013 годзе прэмію ўручылі ўраджэнцу Смаргоні, пісьменніку Уладзіміру Някляеву. У 2016 годзе ў кароткі спіс увайшла яшчэ адна смаргонка – пісьменніца Таццяна Скарынкіна.