Фота Настассі Уткінай.

Жыхар Міхалішкаў, настаўнік адной са сталічных школ і спартсмен, Казімір Бабіч, нядаўна вярнуўся дамоў з астравецкай бальніцы. Там мужчына лячыўся ад каронавіруса і двухбаковай пнеўманіі.

Калі пабачылі пнеўманію на КТ, дамоў не адпусцілі

Пра тое, што на пачатку чэрвеня ў жыхара Міхалішкаў пацвердзіўся каронавірус, а крыху пазней на КТ – двухбаковая пнеўманія, мы пісалі раней. Як хворы лячыўся ў Астраўцы, ён расказаў чытачам «Рэгіянальнай газеты».

– У дзень, калі мяне павезлі на КТ, адкрываўся новы корпус інфекцыйнага аддзялення Астравецкай ЦРБ. Я быў у першай пяцёрцы хворых, якіх накіравалі туды. Палаты там называюць боксамі. У маім боксе ўжо ляжаў работнік Астравецкай АЭС. Увогуле палаты разлічаныя на двух чалавек. Але пасля іх ушчыльнілі. І ўжо ляжала па трое хворых, – расказвае суразмоўца.

Адзначае, што прыемна ўразілі адносіны астравецкіх медыкаў да хворых. Вельмі ўдзячны загадчыцы інфекцыйнага аддзялення Віталіі Лашкоўскай, нядаўняй выпускніцы Гродзенскага медінстытута, і медсёстрам:

– Яны ў такую спёку працуюць у гэтых касцюмах, што не прапускаюць паветра. У іх сапраўды вельмі цяжкая праца.

На балконе дазвалялі падыхаць і пагаварыць з наведнікамі

Штодзень пасля 17:00 хворых пускалі на балкон падыхаць свежым паветрам. Перадачы прымалі. Наведнікаў, вядома, не пускалі. Але з імі можна было пагутарыць проста з балкона.

Па назіраннях суразмоўцы, хворыя на кавід, што ляжалі з ім у новым інфекцыйным аддзяленні Астравецкай ЦРБ, – гэта людзі розных узростаў.

Шмат сярод іх работнікаў АЭС. Кажа, ляжаць цэлымі брыгадамі. Шмат жанчын, мужы якіх працуюць на будаўніцтве атамнай станцыі.

– Разам са мной у палаце ляжаў работнік БелАЭС з Валгадонска. У яго была вельмі высокая тэмпература – да 39,8. Я клікаў, калі бачыў, што яму зусім кепска, медсясцёр, а тыя ставілі кропельніцы, – працягвае Казімір. – Шмат каму з хворых патрэбныя былі кропельніцы, таму медсястра ледзь паспявала.

16 гадзін у суткі – ляжаць на жываце

Па словах суразмоўцы, каб лёгкія дыхалі лепш, 16 гадзін у суткі рэкамендавалі ляжаць на жываце. Давалі ўколы-­антыбіётыкі і таблеткі ад малярыі, якія дапамагаюць пры каронавірусе. Перад тым, як лячыцца гэтымі таблеткамі, хворы падпісваў паперу, што не супраць.

Падчас хваробы спадара Казіміра падтрымлівалі маральна сын і дачка, сябры, калегі. Тэлефанаваў дырэктар школы, у якой працуе настаўнік.

У бальніцы праляжаў 11 дзён. Калі загадчыца ўбачыла, што хвораму значна лепш, прапанавала далячыцца дома на самаізаляцыі. Прапанову мужчына прыняў. Крыху больш за тыдзень далечваўся дома. За гэты час хворага наведвала доктар з астравецкай паліклінікі Аляксандра Краскоўская. А бальнічны прыязджаў закрываць іншы доктар – Аляксандр Чубрык.

Спадар Казімір удзячны ім за чалавечныя і прафесійныя адносіны.

Разам з бальнічным далі спецыяльную выпіску, што можна ехаць за мяжу. Казіміру Бабічу гэты дакумент патрэбны, бо ў Літве жыве яго дачка.

Расслабляцца рана

– Хачу папярэдзіць усіх людзей. Асабліва маладых, якія могуць пераносіць хваробу бессімптомна і заражаць іншых. Выконвайце меры бяспекі: трымайце дыстанцыю, насіце маскі ў людных месцах, мыйце рукі. Ад вашых паводзін залежыць жыццё і здароўе іншых.

Людзі расслабіліся, супакоіліся. Масава едуць адпачываюць на рэкі і азёры. Але хвароба нікуды не сышла. Вось ехаў на працу, вёз бальнічны. У метро – поўны вагон. А налічыў чатыры маскі. Так не павінна быць.

Перахварэўшы, я ўпэўнены: ка- ронавірус – гэта ніякі не псіхоз, а цяжкая і небяспечная хвароба, – падсумаваў суразмоўца.

• Текст доступен на языке: Русский