Вайсковая торба валожынца - жаўнера Рамана Зянько. Фота Ігара Мельнікава.

Да беларускага гісторыка і публіцыста Ігара Мельнікава трапіў вайсковы мех жаўнера Другой сусветнай вайны. Ён належаў жыхару Валожына Раману Зянько.

– У маёй калекцыі з’явіўся ўнікальны артэфакт – вайсковы мех жаўнера Другой сусветнай вайны. Такія выдаваліся і жаўнерам Войска Польскага на Захадзе, у тым ліку і беларускім андэрсаўцам. Побач з надпісамі на англійскай і на польскай мовах ёсць і адрас па-руску – Маладзечанская вобласць. Напісана і тое, што пасля вайны жаўнер вярнуўся ў Валожын, – расказвае спадар Ігар.

З арміяй Андэрса быў у Іраку, Палесціне, Егіпце

Торбу бацькі ў старой хаце знайшла яго дачка. І вырашыла перадаць яе гісторыку. У кнізе «Забытыя героі» Ігара Мельнікава ёсць расповед пра гаспадара гэтай вайсковай торбы – ураджэнца і жыхара Валожына, Рамана Зянько. Прапануем яго чытачам:

«Жаўнер Другога польскага корпуса нарадзіўся ў 1902 годзе ў Валожыне. У 1923 годзе Рамана Зянько прызвалі ў восьмы пяхотны полк у Любліне. Пасля дэмабілізацыі займаўся звычайнай сельскагаспадарчай працай. Падчас усеагульнай мабілізацыі ў канцы жніўня 1939 года беларус быў прызваны ў адзін з рэзервовых палкоў пяхоты Польскага войска і ўдзельнічаў у Вераснёвай кампаніі. Падчас адступлення 18 верасня 1939 года Раман Мацвеевіч трапіў у савецкі палон і хутка пасля гэтага быў накіраваны на прымусовыя працы ў Комі АССР. Выратаваў беларуса напад Германіі на Савецкі Саюз у чэрвені 1941 года. Разам з іншымі польскімі грамадзянамі яго накіравалі ў распараджэнне Польскага войска на тэрыторыі СССР.

Кніга Ігара Мельнікава, дзе напісана пра ўраджэнца Валожына Рамана Зянько.

У 1942-1944 годзе Зянько праходзіў службу ў Трэцяй карпацкай стралковай дывізіі, у дзявятым стралковым батальёне. Разам з гэтым злучэннем па- бываў у Іраку, Палесціне, Егіпце. Пазней ураджэнца Валожына перавялі ў трэцюю транспартную роту ў складзе пятага польскага эвакуацыйнага шпіталя. Менавіта з гэтым злучэннем Зянько ўдзельнічаў у вызваленні Італіі ад нацыстаў. Прымаў удзел у бітве пад Монтэ-Касіна, прарыве лініі Густава (…) За ўдзел у Італьянскай кампаніі андэрсавец быў узнагароджаны польскім крыжам за заслугі з мячамі, вайсковым медалём, крыжам Монтэ-Касіна, а таксама брытанскімі ўзнагародамі: Зоркай 1939-1945 гадоў, Італьянскай зоркай, абарончым і вайсковым медалём.

Раман Зянько падчас службы. Фота з архіва Ігара Мельнікава.

У 1947 годзе беларус дэмабілізаваўся і вярнуўся на радзіму. У снежні таго ж года атрымаў савецкі ваенны білет, дзе было пазначана: «Ад 1941 да 1947 года служыў у Арміі Андэрса».

Удзельнікам вайны беларуса да канца жыцця так і не прызналі.

Раман Зянько – жаўнер Арміі Андэрса. Фота з архіва Ігара Мельнікава.

«Адпачываю тут я добра – у кіно хадзіў»

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў снежні 1947 года савецкія спецыяльныя органы прымусілі Рамана Мацвеевіча напісаць ліст да аднаго са сваіх саслужыўцаў, што жыў у Лондане. Вось што было ў тым пасланні:

«Прывітанне, Станіслаў. У першых словах паведамляю табе, што я жыву ў Валожыне і жывецца мне добра. На сённяшні дзень я ні ў чым не маю патрэбы і ў мяне ўсяго хапае. Многія нашы таварышы вярнуліся. Я з імі размаўляў, і ніхто не шкадуе, што вярнуўся.

Памятаеш, што нам там у Англіі казалі, што калі вернемся дадому, то будзем жыць дрэнна. Гэта ўсё няпраўда.

Кожны, хто вярнуўся, уладкаваўся на працу. У Англіі нам казалі, што таго, хто прыедзе дадому, будуць вывозіць на Поўнач. Гэта ўсё бабуліны казкі, таму што кожны з нас жыве на сваёй радзіме і можа ўладкавацца на любую працу…

Адпачываю тут я добра – у кіно хадзіў.

Як і да 1939 года, маю карову і каня. Стась, калі чым будзеш цікавіцца, то пішы мне,і я заўсёды дам табе адказ. Спадзяюся на хуткую сустрэчу на радзіме. Ведаеш, лепш быць пры сваіх людзях, чым у мокрай Англіі».

Асабістыя рэчы беларускіх андэрсаўцаў. Брытанскае вайсковае пасведчанне, крыж Монтэ-Касіна, пасведчанне да яго, нашыўкі на мундзір. Фота забяспечанае Ігарам Мельнікавым.

Прыцягвае ўвагу тое, што ліст быў напісаны па-руску. А для большасці андэрсаўцаў гэта была чужая мова. Яны карысталіся беларускай ці польскай.

Хутчэй за ўсё, гэты ліст, які па сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве, быў напісаны пад дыктоўку адказных таварышаў…».

Па словах Ігара Мельнікава, вясной 1951 года беларускіх андэрсаўцаў пачалі дэпартаваць у Сібір. Аднак сям’і Зянько пашанцавала: іх не вывезлі таму, што сын Рамана Мацвеевіча на той час служыў у савецкім войску.