Партнёрскія сувязі паміж Маладзечнам і Эслінгенам бяруць афіцыйны пачатак ад 1988 года. Першапачаткова яны ўзніклі і падтрымліваліся дзякуючы Генадзю Карпенку і Віктару Ганчару.
Эслінген – пачатак эміграцыі сям’і Карпенкаў. Ужо без Генадзя
Вось як прыгадвае пачатак гэтых сувязяў і горад Эслінген у сваёй кнізе «Віражы лёсу» ўдава былога дырэктара Маладзечанскага завода парашковай металургііі старшыні Маладзечанскага райвыканкама Генадзя Карпенкі Людміла:
– Менавіта тады, у далёкія 1980-я, наладжваліся партнёрскія сувязі з Германіяй, з горадам Эслінгенам. Эслінген – інтэрнацыянальны горад, адкрыты ўсяму свету. Цяпер у яго 11 гарадоў-партнёраў. Маладзечна стала восьмым у гэтым спісе. Эслінген – прыгожы старадаўні горад, размешчаны на поўдні Германіі, у гарыстай мясцовасці, уздоўж ракі Некар, і патанае ў зеляніне, вінаградніках і колерах. Тут вялікая колькасць цэркваў розных веравызнанняў, шмат замяжоўцаў, але беларусаў мала.
Большасць жыхароў гэтай мясцовасці жывуць спакойным размераным жыццём. Іх не
цікавіць палітыка. І такую краіну, як Беларусь, мала хто ведае. Гэты горад – пачатак нашай эміграцыі.
Навучальныя ўстановы гарадоў сябруюць не адно дзесяцігоддзе
Адносіны Маладзечна і Эслінгена ў 1988 годзе замацавалі дагаворам аб сяброўстве і партнёрстве. Гэту падзею прысвяцілі 600-годдзю Маладзечна. Дагавор паспрыяў ажыўленню культурных сувязяў дзвюх краін і народаў. Пачаўся абмен дэлегацыямі.
Ад пачатку 1990-х і па сёння партнёрскія сувязі падтрымліваюць Маладзечанскі дзяржаўны каледж і школа імя Кэтэ Кольвіц у Эслінгене. З нямецкага боку сувязі наладжвалі Зігрыд Фрытцман, Берндт Шэперман, Томас Фішле, Хельга Краўтэр, Эрнст Бёлё. З беларускага – Валеры Кузняцоў, Генрых Богдан, Анатоль Войніч. За гады партнёрства ў абмене дэлегацыямі паўдзельнічала больш за восемсот чалавек.

Ад 1988 года маладзечанская гімназія №10 супрацоўнічае з гімназіяй Шэльцтар у Эслінгене. Ля вытокаў гэтага супрацоўніцтва стаялі Барыс Вайцяхоўскі і Рудольф Лашэт. За мінулыя гады ў вучнёўскіх абменах паўдзельнічала каля пяцісот чалавек. Усяго было больш за 20 абменаў. Падчас іх гімназісты з абодвух бакоў вывучалі мову ў асяродку яе носьбітаў, даведваліся пра гісторыю гарадоў, наведвалі ўрокі разам са сваімі замежнымі аднагодкамі, удзельнічалі ў адмысловых гульнях і конкурсах.
Крыху пра Эслінген
Эслінген размешчаны ў федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Афіцыйная назва – Эслінген-на-Некары. Горад быў узведзены ў восьмым стагоддзі. Сёння з розных куткоў Германіі і Еўропы сюды прыяз- джаюць турысты, каб акунуцца ў атмасферу сярэднявечнага чараўніцтва і рамантыкі. Насельніцтва горада – каля 90 тысяч чалавек.
Тут развітае машына- і аўтамабілебудаванне, электратэхнічная і керамічная вытворчасці, кнігавыдавецтва. Горад вядомы сваімі фахверкавымі дамамі. Фахверк – каркасная канструкцыя, тыповая для сялянскай архітэктуры Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы. Другая назва канструкцыі – пруская сцяна. Гэта каркас, утвораны сістэмай вертыкальных і гарызантальных брусоў і раскосаў з запаўненнем прамежкаў каменем, цэглай, глінай.
Найстарэйшы ў Германіі дом, пабудаваны ў 13 стагоддзі захаваўся ў Эслінгіне да сёння.
Горад займае першае месца сярод гарадоў Германіі па колькасці захаваных сярэднявечных вуліц і дамоў. Розныя крыніцы паведамляюць, што ў горадзе каля 860 стара даўніх будынкаў. І, вядома, кожны з іх мае сваю гісторыю.
Яшчэ візітоўкі горада – сярэднявечныя кірмашы і карнавальныя шэсці. У Эслінгене маштабна адзначаюць святы цыбулі, клубніц і віна. Паколькі ў горадзе шмат вінаграднікаў, віно тут не менш папулярнае, чым піва.
Як у 2009-м улады Маладзечна не пусцілі ў горад дэлегацыю з Эслінгена
Пра гэты выпадак у красавіку 2009 года пісала газета «Народная воля» 11 год таму, 7 красавіка, у Мінску ладзілі мерапрыемствы, прысвечаныя дзесяцігоддзю з дня смерці Генадзя Карпенкі. Спецыяльна для ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах у Беларусь прыбыла група прадстаўнікоў горада-партнёра Маладзечна, нямецкага Эслінгена.
Бургамістр Маркус Рааб, які ў кіраўніцтве горада курыруе сацыяльны блок, паведаміў у інтэрв’ю «Народнай Волі», як прынялі дэлегацыю з Германіі ўлады Маладзечна:
– Мы прыехалі на мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Генадзя Карпенкі. І мелі намер выкарыстаць магчымасць і правесці сустрэчы ў мэрыі Маладзечна. Мы накіравалі адмысловы ліст гарадскім уладам Маладзечна і атрымалі адказ, што нас з радасцю прымуць. Аднак праз некаторы час прыйшоў новы ліст, і адказ ужо быў зусім іншы: па тэхнічных прычынах з прадстаўнікоў улады Маладзечна з намі сустрэцца ніхто не можа, – сказаў Маркус Рааб.
Прычыны, па якіх сустрэча адбыцца нібыта не можа, у гэтым лісце не тлумачыліся.
«Па тэхнічных прычынах. І ніякіх падрабязнасцяў», – дадаў нямецкі палітык.
А вось у 2018 годзе, калі партнёрскім сувязям гарадоў споўнілася 20 год, у Маладзечна прыязджаў обер-бургамістр Эслінгена Юрген Цыгер. У Маладзечанскім райвыканкаме дэлегацыю прымаў тагачасны старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец.