ЦТ у Маладзечне. Фота Настассі Уткінай.

Сталі вядомыя вынікі ЦТ па матэматыцы. Абітурыентаў, якія атрымалі нуль балаў, у гэтым годзе больш, чым тых, хто напісаў тэст на запаветную «сотку», піша tut.by.

Традыцыйна ЦТ па матэматыцы другое па папулярнасці пасля рускай мовы. У гэтым годзе яго здавалі 34,8 тысячы абітурыентаў. Максімальныя сто балаў атрымалі 30 з іх.

– 30 стобальнікаў – гэта нямала, – аналізуе дадзеныя Юрый Міксюк, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. – Гэта даказвае, што тэст рашаемы.

У той жа час тых, хто заваліў ЦТ па матэматыцы, гэтым летам больш, чым выдатнікаў. На нуль балаў заданні рашылі 42 чалавекі, гэта значыць, на 12 больш, чым якія атрымалі максімум.

За апошнія тры гады такая сітуацыя ўзнікла ўпершыню. Хоць двоечнікаў ў 2020-м прыкметна менш, чым у 2019-м. Тады іх было 93.

У Беларусі, нагадаем, працягваецца цэнтралізаванае тэсціраванне. Заўтра, 14 ліпеня, абітурыенты пішуць геаграфію, 16 ліпеня – сусветную гісторыю (найноўшага часу).