Фота wallpaperscraft.ru.

11 ліпеня 40-гадовы жыхар Вілейкі, што жыве ў доме па вуліцы Гагарына, патэлефанаваў на «102». Мужчына прасіў міліцыянераў хутчэй прыехаць да яго дома. Казаў, што тут робяць рамонт п’яныя будаўнікі.

Калі міліцыянеры прыбылі на месца, пабачылі, што ўсё не так.

– Мужчына, які тэлефанаваў, сам быў нецвярозы. Таму ён увесь час перашкаджаў будаўнічай брыгадзе, якая рабіла капітальны рамонт дома: выказваў будаўнікам прэтэнзіі, лаяўся і абражаў іх, – расказаў карэспандэнту намеснік начальніка Вілейскага РАУС Мікалай Мягкоў.

Канцэнтрацыя этылавага спірту ў выдыханым паветры ў затрыманага склала больш за адзін праміле.

Па рашэнні суда грамадзяніна прызналі вінаватым у правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь – дробнае хуліганства. Парушальніка чакае штраф – чатыры базавыя велічыні, а гэта 108 рублёў.