На мерапрыемстве. Фота МНС.

Сёння, 15 ліпеня, у Астраўцы адкрылі рэсурсны цэнтр па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці. Цэнтр называецца «Тэрыторыя бяспекі». Ён прызначаны для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Стварэнне рэсурснага цэнтра бяспекі ініцыявалі выратавальнікі. Ідэю падтрымалі раённы выканаўчы камітэт і педагагічны калектыў ясляў-сада № 3 Астраўца. Працавалі ад студзеня 2019 года. На аснашчэнне патрацілі каля 76 тысяч рублёў.

У адкрыцці прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Шалудзін, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык і іншыя.

Цэнтр размясціўся ў трохпавярховым будынку і складаецца з 12 тэматычных лакацый (пакояў). На першым паверсе – экспазіцыі, забаўляльная зона для дзяцей, дзіцячае кафэ, вучэбна-трэніровачная база, тэлефонныя кабінкі для адпрацоўкі навыкаў выкліку службы выратавання і зона навучання правілах дарожнага руху.

Беларускамоўны торцік. Фота з сайта МНС.

На другім – пакой задымлення, у якім штучна ствараецца экстрэмальная сітуацыя, а навучэнцы шукаюць з яе выйсце.

На трэцім паверсе размяшчаецца медыцынскі блок, абсталяваны трэнажорам сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, дзе з дапамогай імітатараў раненняў і паражэнняў дзеці адпрацоўваюць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі, а таксама дзіцячы кінатэатр для пастаноўкі спектакляў і прагляду фільмаў.

Фота з сайта МНС.

Госці ўручылі апаратна-праграмны комплекс «Спаборніцкая гульня. Адпрацоўка навыкаў выкарыстання сродкаў пажаратушэння », інтэрактыўную перасоўную панэль, сертыфікаты на камп’ютарную тэхніку і гульні.