16 ліпеня ў Маладзечне прайшло святочнае адкрыццё арт-двара Галерэя. Карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» паглядзелі як гэта адбывалася, а таксама зладзілі для мясцовых жыхароў квэст.

На ўрачыстае адкрыццё запрасілі правесці шоу мыльных пузыроў, майстар-клас па вырабе цацак ад Юлі Башынскай, квэст ад «Рэгіянальнай газеты», спаборніцтва па валейболе. Для ўдзельнікаў запрасілі выступіць салістаў эстраднай студыі «Пралеска» гімназіі №6 Алену Грыб і Яну Вяль пад мастацкім кіраўніцтвам Вольгі Паўловіч. А таксама Радзівона Чурыніна, удзельніка і пераможцу многіх музычных спаборніцтваў.

Мары, Беларусь, адпачынак

Прасторай «арт-двор» назвалі некалькі шматпавярховак, размешчаных каля дома №1 па вуліцы Францыска Скарыны ў Маладзечне. Тут цягам апошняга года размясцілі некалькі мастацкіх аб’ектаў, і вось цяпер размясцілі галерэю проста на дзвярах пад’ездаў.

Арганізавалі праект Ірына Тархан з дачкой Арынай, а таксама настаўнік мастацкай школы Кацярына Роўда. Да іх далучыліся і мясцовыя жыхары, і навучэнцы, і крэатыўны мастак Bazinato.

Праект рэалізуюць у межах кампаніі «Зробім лепш» пры падтрымцы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, а таксама пры інфармацыйнай падтрымцы Асамблеі НДА.

Хто маляваў

Тэмы карцін разбітыя па дамах. Дом па Вялікім Гасцінцы, 123 увасабляе тэмы космасу, неба і мар. Дом №121 па Вялікім Гасцінцы – гэта поры года і адпачынак. Тут вы знойдзеце маяк як сімвал дома і вяртання дадому. Карціну з берагам хтосьці ўбачыць як мора, а іншыя як Нарач з паруснай рэгатай. Побач – выява звяроў, якія падарожнічаюць па Беларусі. На іншай карціне – птушкі з рабінай, на наступнай – дзяўчына-вясна з пралескамі.

Дом №1 па Францыска Скарыны адлюстроўвае сувязь чалавека і прыроды. Тут вы ўбачыце аздобленыя цытаты беларускіх аўтараў. Васількі, буслы, шыпшыны, казуля – такія вобразы на гэтых дзвярах. Адны дзверы гэтага дома ўпрыгожвае карціна Bazinato «Абдыманкі», дзе дзяўчынка нібы абдымае Мала­дзечна.

Дом па Францыска Скарыны, 3 упрыгожваюць карціны з жывёламі, а адна з іх – выява Жыценя, істоты, што аберагае ўраджай.

Карціны малявалі Кацярына Роўда, Арына Тархан, Ірына Тархан, Настасся Жардзецкая, Дзіяна Рогач, Ксенія Арлоўская, Паліна Крамплеўская, Любоў Статкевіч, Ларыса Рудак з суседкай Міланай. Да працы далучыліся жыхары двара Ганна Стужынская і Наталля Садоўская. Яна Урсуляк і Ліза Лапко вучыліся разам з Арынай, вырашылі падтрымаць сяброўку і таксама далучыліся да праекта.

Цяпер у арт-двор многія ходзяць на экскурсію і для фотасесій. Ідэя так спадабалася, што жыхары з суседняга двара самі падрыхтавалі дзверы, набылі фарбы і запрасілі намаляваць карціну на дзвярах іх пад’езда.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский