Фота Настассі Уткінай.

У Вільні каля прэзідэнцкага палаца 16 чэрвеня прайшоў мітынг пратэсту супраць планаванага ў наступным месяцы фізічнага запуску Астравецкай АЭС у Беларусі.

Пра гэта паведамляе рэсурс delfi.lt, адзначаючы, што ў пратэсце ўдзельнічаў Вітаўтас Ландсбэргіс, першы кіраўнік незалежнай Літвы.

Да мітынгоўцаў выйшаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. «Мы павінны зрабіць усё, каб праект БелАЭС быў эканамічна нежыццяздольны», — сказаў ён, адзначаючы, што канкрэтныя дзеянні ў гэтым кірунку вызначыць Дзяржаўная рада абароны Літвы.

«Калі [праект] не будзе жыццяздольны, а ён такім не будзе, калі не апраўдаюць сябе асноўныя складнікі бізнэс-плана, бо [ўлады Беларусі] нешта планавалі, планавалі пусціць экспарт на Захад, [але] сёння гэтага няма, і не будзе. Тут мы павінны стаяць на сваім і зрабіць гэты праект галаўным болем, калі хочаце, для самога Крамля», – дадаў Наўседа.

Калі Ландсбэргіс сказаў, што за Астравецкай АЭС стаіць Крэмль, а не Мінск, Наўседа пагадзіўся.

«Вы слушна сказалі. Напэўна, і сам факт, што, наколькі мне вядома, на адкрыццё прыедзе і кіраўнік гэтай краіны, шмат пра што кажа. Але глядзіце, мы ведаем, чаго дамагаемся, і мы будзем дамагацца гэтага ўсімі магчымымі спосабамі», – сказаў Наўседа.

• Текст доступен на языке: Русский