Фото belprauda.org.

Служба ў арміі павінна стаць абавязковым патрабаваннем для жадаючых заняць пасаду прэзідэнта, гэтую норму можна прапісаць у новай Канстытуцыі. Такую прапанову агучыў Лукашэнка падчас наведвання 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер ідзе праца над новым законам аб дзяржаўнай службе. «Мы хочам дзяржаўных службоўцаў давесці да ўзроўню вайскоўцаў. А чым дзяржслужба адрозніваецца? Часам яна нават важнейшая. Яны ж хочуць камандаваць арміяй, таму дзяржслужба павінна быць адпаведная», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Не менш сур’ёзныя патрабаванні, лічыць кіраўнік дзяржавы, павінны прад’яўляцца і да пасады прэзідэнта. Ён прапанаваў, каб у новай Канстытуцыі было прапісана яшчэ адно патрабаванне да тых, хто збіраецца заняць найвышэйшую дзяржаўную пасаду: прэзідэнтам можа быць толькі грамадзянін Беларусі, які адслужыў у войску.

«Які ён галоўнакамандуючы, калі не ведае, што такое армія. Будзе рот разявіўшы хадзіць, ты яму локшыны на вушы навесіш, скажаш СВД, а ён падумае, што танк, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Не служыў у войску, значыць, цябе там быць не павінна».

• Текст доступен на языке: Русский