Так выглядаў замак у 2017 годзе Фота Аксаны Ярашонак.

Паўночную вежу Гальшанскага замка сёння рыхтуюць да музеефікацыі. У спецыялістаў складанае «аўтэнтычнае» заданне: падкрэсліць у інтэр’еры арыгінальныя дэталі XVII стагоддзя, якія распавядалі б пра былых уладальнікаў – Сапегаў, паведамляе тэлеканал ОНТ.

Сродкі на аб’ект – амаль паўмільёна рублёў – паступілі з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва. Паўночную вежу ўжо адрэстаўравалі, там сабралі па фрагментах «зорны» звод.

— Захаваліся «пяткі» у выглядзе галоў барана. Яны будуць адкрытыя, зразумелыя. Захаваўся камін. Будзе адкрыта задняя частка. Яна адмыслова застаецца задымленай. У гэтай зале зойме сваё дастойнае месца гальшанская кафля: паліхромная, паліваная, — кажа жырэктар краязнаўчага музея імя Багушэвіча Алена Жасткова.

Цяпер вежу рыхтуюць да музеефікацыі. Экспазіцыя тут пачнецца з склепа. Сустракаць гасцей там будзе Белая Дама – вядомы прывід ў Беларусі.

– З фонду прэзідэнта выдзелена 498 тысяч рублёў. Гэта дазволіць нам працягнуць рэстаўрацыйныя работы і музеефікацыі Паўночнай вежы Гальшанскага замка. Сёння распрацавана ўжо папавярховая канцэпцыя, ўзгоднена мастацкае рашэнне, – кажа намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталля Станкевіч.

Зараз на другім ярусе абліцоўваюць камін, вакол якога замацоўваюць «эпізоды» жывапісу XVII стагоддзя. Узор на падлозе – са старадаўняй пліткі. Каб падняцца на вышыню, каля Паўночнай вежы зрабілі лесвіцу з назіральнай пляцоўкай на трэцім ярусе. Яе яшчэ абсталююць падзорнай трубой.

Што да інтэр’ераў вежы, то малюнкаў, як усё тут было да гэтага часу, не знойдзена. Спецыялісты зараз толькі вывучаюць першы інвентар замка. Адкрыць Паўночную вежу для наведвальнікаў плануюць ужо восенню.

• Текст доступен на языке: Русский