Летні адпачынак у нямецкіх школьнікаў карацейшы, чым у беларускіх. Фота Аксаны Ярашонак.

Сёлетнія вясновыя канікулы для многіх школьнікаў рэгіёна з-за пандэміі плаўна перайшлі ў летнія. І пакуль нашы дзеці чарговы месяц адпачываюць ад вучобы, прапануем даведацца, як арганізуюць канікулы ў іх нямецкіх аднагодкаў.

Чаму канікулы – часта праблема для бацькоў у Германіі

У розных землях Германіі канікулы для школьнікаў могуць праходзіць не адначасова. Гэта стала б значным ударам для эканомікі краіны, стварыла нагрузку на аўтадарогі пры падарожжах вялікай колькасці народа на сваіх аўтамабілях. Дзеці ва ўсіх школах Германіі адпачываюць не менш за 75 дзён за навучальны год.

План школьных канікулаў штогод зацвярджаецца на пасяджэнні агульнафедэральнай канферэнцыі міністэрства, якое адказвае за культуру і каадынуе працу 16 зямельных міністэрстваў. Тут няма працяглага трохмесячнага адпачынку ў школьнікаў летам. Аднак канікулы бываюць часцей, чым у беларускіх аднагодкаў. Усяго ў навучальным годзе шэсць канікулаў:
• восеньскія – два тыдні;
• калядныя – тры тыдні;
• зімовыя – каля трох тыдняў;
• вясновыя – не больш за два тыдні
• велікодныя – два тыдні
• летнія – ад шасці да сямі тыдняў.

Сістэма «плаваючых» канікулаў не заўсёды зручная для ўсяго насельніцтва краіны. Многія знаёмыя і сваякі жывуць у розных частках планеты, таму наведаць іх праблематычна. Сустрэцца сем’ямі атрымліваецца толькі падчас летняга адпачынку або рэлігійных свят. Падчас летняга адпачынку з-за рознага графіка канікулаў дзеці не могуць сустрэцца са сваімі сябрамі з суседніх зямель. Гэтыя нязручнасці часам крытыкуюцца і разглядаюцца на дзяржаўным узроўні. Аднак эканамічная карысць перамагае ўсе жаданні.

Канікулы ў нямецкіх школьнікаў «плаваюць» ад 1964 года, калі Гамбургскім пагадненнем была прынятая такая сістэма. Асноўны пасыл пагаднення – школьныя канікулы павінны прызначаць, згодна з педагагічнымі прынцыпамі. Табліцы з канікулярнымі графікамі публікуюць на сайце мясцовай адміністрацыі.

Калі дзіцяці да дзевяці год, па законе яго нельга пакідаць аднаго дома

Калі дзіця ўжо не зусім малое і ўмее само сябе заняць, гэта не дастаўляе бацькам асаблівых праблем.

У адрозненне ад беларускіх сям’яў, немцы звычайна не адпраўляюць дзяцей да бабулі або дзядулі. У Германіі гэта не прынята.

Сваякі могуць прыняць гасцей на пару дзён, але ў астатні час неабходна добра прадумаць вольны час дзіцяці. Практычна ў кожным горадзе Германіі ёсць прапановы на час правядзення канікулаў – басейны, спецы яльныя школы, спартыўныя цэнтры са сняданкамі і абедамі. Але ўсе яны платныя. І кошт іх не кожнаму па кішэні. Нямецкі закон забараняе дзецям да дзевяці год заставацца адным. Адзін з бацькоў павінны ўзяць адпачынак на гэты час або дамаўляцца з кіраўніцтвам і працаваць дома.
Часта для таго, каб не пакідаць дзіця адно, бацькі бяруць адпачынак у розны час.

Нават дзень ведаў – у розныя дні

Канікулы ў школах праводзяцца па пяці розных графіках. Нават першы дзень вучобы пасля летніх канікулаў можа быць не ў адзін час. Часцей гэта любы дзень у другі тыдзень верасня. Ды і ўрачыстага дня ведаў, традыцыйнага для Беларусі, з лінейкамі і першымі званкамі, тут звычайна не бывае. Дзеці проста прыходзяць у школу і пачынаюць вучобу. Незалежна ад працягласці канікулаў, заробак налічваецца настаўнікам штомесяц у поўным аб’ёме.

Восеньскія канікулы

Восеньскія канікулы ў некаторых землях, напрыклад, Брэмене і Гесене, пачынаюцца ў пачатку кастрычніка і доўжацца два тыдні. Баварскія школьнікі ідуць на восеньскі адпачынак у канцы кастрычніка ці ў пачатку лістапада.

Калядныя канікулы

Рэлігійныя святы адзначаюцца ва ўсёй краіне аднолькава, таму германскія школьнікі праводзяць іх практычна адначасова. У кожнай з зямель колькасць рэлігійных свят можа значна адрознівацца. Каталіцкая Баварыя і Бадэн-Вюртэмберг маюць больш дзён адпачынку, чым пратэстанцкі Брандэнбург. Калядныя канікулы могуць пачацца з 20-23 снежня і доўжацца да 3-11 студзеня.

Зімовыя канікулы

Зімовыя канікулы ў Германіі пачынаюцца ад канца студзеня або ў любы дзень лютага. У некаторых месцах яны могуць быць прызначаныя на пачатак сакавіка. Самыя доўгія зімовыя канікулы для дзяцей у Саксоніі. Яны пачынаюцца 10 лютага і доўжацца да 22.

Велікодныя і вясновыя канікулы. А ў некаторых – адпачынак на Сёмуху

Велікодныя святочныя дні наступаюць у Германіі ў адзін час, але вясновыя ў кожнай акрузе – па-рознаму. У Баварыі, Бадэн-Вюртэмбергу, Гесене, Паўночным Рэйне-Вестфаліі пачатак вясновага адпачынку для дзяцей надышоў 6 красавіка і прадаўжаўся да 18 красавіка. А яшчэ баварцы і жыхары зямлі Вюртэмберг маюць дадатковы адпачынак на Сёмуху. Але яны самымі апошнімі сыходзяць на летнія канікулы – у канцы ліпеня.

Летнія канікулы

Трохмесячнага адпачынку, як у беларускіх школьнікаў, у нямецкіх вучняў няма. Летнія канікулы ў Германіі звычайна праходзяць у перыяд паміж 22 чэрвеня і 12 верасня.

Напрыклад, дзеці Мекленбурга-Пярэдняй Памераніі адпачываюць ад 22 ліпеня да 1 жніўня. 25 чэрвеня на летнія канікулы ідуць вучні Гамбурга, Брандэнбурга і Берліна. У ліпені могуць адпачыць ад навучальнага працэсу школьнікі Гесена, Саксоніі, Цюрынгіі, Рэйнланд-Пфальца, Баварыі, Брэмена, Саара і Ніжняй Саксоніі.

• Текст доступен на языке: Русский