Фота firestock.ru.

На двары сярэдзіна ліпеня. Верхавіна лета. Хтосьці ўжо вярнуўся з адпачынку, а хтосьці толькі збіраецца ў яго. І хаця сезон адпачынкаў – самы спякотны і рамантычны час, здараецца, паміж партнёрамі ўзнікаюць непаразуменні.

Выдатна, калі муж і жонка супадаюць па тэмпераменце і гатовыя без стомы наведваць усе экскурсіі, скакаць у начных клубах ці яшчэ як-небудзь забаўляцца. Альбо калі абодва любяць, як “цюлені”, цэлымі днямі ляжаць каля басейна.

Але вельмі часта погляды партнёраў на адпачынак адрозніваюцца. Могуць пачацца скандалы. Абмяркуйце, чаго вы чакаеце ад адпачынку, хто і як хацеў бы яго правесці. Зрабіце гэта на пачатку адпачынку, а лепш – яшчэ раней. Гэта дапаможа знайсці паразуменне і выбраць аптымальны варыянт для вашай пары.

Сплануйце спіс магчымых паходаў і падзей, куды вы хацелі б трапіць, так, каб абодва бакі былі задаволеныя. Паспрабуйце абмеркаваць і абгаварыць вострыя моманты, саступайце адзін аднаму.

Размаўляйце адзін з адным. Старайцеся не трымаць незадаволенасць і ўжо тым больш не назапашваць яе. Гаварыце, дамаўляйцеся, імкніцеся стаць на месца партнёра – тады, магчыма, будзе прасцей знайсці кампраміс.

Важнае правіла: пакіньце ўсе праблемы дома. Адпачынак – ён на тое і адпачынак, каб даць сабе час і магчымасць перазагрузіцца і набраць рэсурсаў для далейшых актыўных дзеянняў. Забудзьцеся на час адпачынку пра працу і нявырашаныя справы. І ўвага: не бярыце з сабой ноўтбукі і іншыя гаджэты.

Прысвяціце час сабе любімым. Арганізуйце рамантычны вечар ці спатканне. Узгадайце, як хадзілі на спатканні адзін з адным, што звязвала вас раней. Што кожны з вас цаніў адзін у адным у першую чаргу. І, паверце, ваш сумесны адпачынак стане незабыўным і падорыць мора станоўчых эмоцый і запалу.

Калі ў адносінах лёгкая расколіна

Але ёсць яшчэ і такі варыянт. Калі ў вашых адносінах акрэслілася лёгкая расколіна і вы думаеце, што часовае растанне пойдзе на карысць. Ёсць рызыка атрымаць зваротны эфект. Можа здарыцца так, што вы яшчэ больш аддаліцеся адзін ад аднаго, і вернецеся з адпачынку яшчэ больш чужымі людзьмі. Так што ўзважце ўсё.

Існуюць і іншыя праблемы, якіх не толькі можна, а неабходна пазбегнуць.

1. “Чужы” адпачынак

Што маецца на ўвазе? Навязаны. Сям’ёй, сябрамі, калегамі, іншым асяроддзем, рэкламай. Атрымліваецца, што адзін чалавек ідзе з сябрамі ў халодныя горы – “ў паход”, хоць увесь год хацеў паляжаць у свой адпачынак на гарачым пляжы. Іншы ж, наадварот, загарае ў Турцыі з жонкай, хоць не выносіць спёкі з дзяцінства.

Дрэннага адпачынку не існуе. Проста людзі розныя, і адпачынак мусіць быць падабраны індывідуальна. Калі гэта зроблена няправільна, то ён можа быць усё адно, што праца. Калі не горш.

2. Меркаванні

Падобна на першае, але не зусім тое самае.

Кожны чуў некалькі такіх катэгарычных заяў: “Нельга адпачываць з калегамі па працы” і “Адпачынак з жонкай і дзецьмі – гэта жах”. У той час як іншыя сцвярджаюць адваротнае: “Без сям’і любы адпачынак не ў радасць” і “Лепш за ўсё адпачываць разам з калегамі”. Як тут не заблытацца? Сур’ёзна паразважаць, прыдумаць сваё “катэгарычнае сцверджанне” і з’ехаць у адпачынак разам з любімым спаніэлем.

3. Паспець зрабіць усё

Многія спрабуюць ўціснуць у два-тры тыдні адпачынку столькі спраў, што, здаецца, яны назапашаныя не за год, а за ўсё жыццё. Хіты спісаў: правесці час з дзецьмі, зрабіць рамонт у кватэры, пабудаваць прыбудову на лецішчы, прачытаць колькі кніг, з’ездзіць да сваякоў, схуднець, прайсці медыцынскае абследаванне і іншае. Галоўнае, паспець усё за тры тыдні.

Зразумела, што ўсяго гэтага не выканаць. А пачуццё віны будзе. Пытанне: навошта планаваць? Тым больш столькі.

4. Грамадскае меркаванне

Напрыклад вельмі распаўсюджанае меркаванне, што падчас адпачынку трэба цалкам адключацца і нават не думаць аб працы. Што атрымліваюць згодныя з гэтым меркаваннем? Па-першае, пачуццё віны. Таму што перастаць на месяц думаць пра тое, чым заняты ўсе астатнія адзінаццаць – немагчыма. Ёсць людзі – кіраўнікі па псіхічным складзе, так званы “тып, які ўсё кантралюе”. Часта на карыкатурах гэта выглядае так: бізнесмэн на пляжы з ноўтбукам, падключаным да інтэрнэту, які аддае ўказанні па мабільным тэлефоне.

Смех смехам, а чалавек, між іншым, інакш проста не можа. Будзе глупствам ад яго патрабаваць, каб “адпачываў спакойна”, у той час як у офісе ў яго адсутнасць гараць кантракты. Вядома, не абавязкова яны сапраўды “гараць”. Проста сапраўднаму кіраўніку ўсё роўна так здаецца, калі ён не ведае, што на яго родным працоўным месцы ў яго адсутнасць адбываецца.

Зразумела, што грош цана такому адпачынку, але “не думаць” аб працы дзеля блізкіх…

Псіхолагі прапануюць вылучыць час у адпачынку, які будзе законна прысвечаны працы. Напрыклад, гадзіну ў дзень. У якую будуць тэлефанаваць і паведамляць аб становішчы спраў, а таксама задаваць пытанні, якія патрабуюць вашага ўдзелу.

Часам сустракаюцца асаблівыя “кіраўнікі”, якім працоўнай гадзіны не хапае. І яны ўсё роўна думкамі на працы. Такім лепш абраць у адпачынку экстрэмальныя віды спорту: сальта на водных лыжах і скачкі з парашутам. Гэта “адключыць мозг”, як кажуць эксперты па “сіндрому менеджара”.

Шчаслівага адпачынку, шаноўныя сябры!

Топ-10 парад псіхолага, якія дазволяць застацца самым лепшым бацькам, нават калі ты застаўся адзін

Мужчына і жанчына памяняліся ролямі – разбураюцца сем’і