Ілья, 1938 год. Вяселле Віктара Апанасёнка і Ніны Рудніцкай.

Вольга Думалакас жыве ў Сібіры. Што яе звязвае з рэгіёнам? Яе маці гадавалася ў Ільі. Сюды ж падчас Другой сусветнай трапіў бацька. Разам бацькі былі ў падпольнай групе Кісялёва, што дзейнічала ў Ільі.

– У пасёлку Манзя, у Сібіры, мае бацькі пражылі амаль 30 гадоў. Тут і пахаваныя. Усе ведалі, што яны ветэраны. Пасля іх смерці я пачала знаходзіць звесткі ў архівах. Паглядзела фільм «Спіс Кісялёва», знайшла яго перапіску з маім бацькам. Да 1991 года бацька прыязджаў на ўсе партызанскія сустрэчы ў Вілейцы і Ільі, – пачынае Вольга Аляксандраўна.

Але пра ўсё па парадку.

Як з’явілася ў Ільі маленькая Ніна

Вось што жанчыне вядома пра з’яўленне яе мамы, Ніны Аляксееўны Рудніцкай (або Вішнеўскай), у Ільі. Летам 1917 года ля вясковага калодзежа ў Ільі з’явілася жанчына з дзяўчынкай на руках. Яна плакала і прасіла мясцовых узяць да сябе яе трохмесячную дачку. Казала, што ёй трэба з’ехаць на некаторы час. Малодшы сын сям’і Руд¬ніцкіх угаварыў маці, Юлію Францаўну, узяць дзяўчынку. Незнаёмая запэўніла, што вернецца і забярэ дачку. Пакінула вузельчык. А ў ім – пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, фотаздымкі і залатыя рэчы. Так Ніна засталася ў Ільі. А мама яе не вярнулася. Толькі калі Ніна стала дарослай, сёстры расказалі, як яна з’явілася ў Ільі.

– У Сібіры мама сумавала па Беларусі і шкадавала, што не ведала, адкуль яна родам. Але сям’я Рудніцкіх гадавала яе як дачку. Да смерці мама была ўдзячная Рудніцкім, – распавядае спадарыня Вольга.

Да вайны Ніна скончыла польскую школу. Добра ведала польскую, рускую, беларускую, нямецкую мовы. Магла б вучыцца далей. Але часы пачаліся неспакойныя. У Ільі мянялася ўлада. А ў верасні 1939 года мястэчка перайшло да СССР. Першы раз Ніна выйшла замуж у 1938 годзе за Віктара Апанасёнка.

Вяселле Віктара Апанасёнка і Ніны Рудніцкай ў Ільі. 1938 год.

– Першы муж мамы быў адтуль, дзе возера Нарач. 5 чэрвеня 1939 года нарадзіўся мой старэйшы брат, Міхаіл. Але бацька, Віктар, не пабачыў сына. Яго прызвалі ў армію, дзе ў верасні 1939 года Віктар загінуў пад Варшавай. Магчыма, нехта з яго сваякоў адгукнецца, прачытаўшы вашу газету, – працягвае суразмоўца.

Ілья. За вясковай працай. Яшчэ да Другой сусветнай.
Ніна з сынам Міхаілам у Ільі.

Першыя дні вайны ў Ільі

Мама Вольгі добра памятала канец чэрвеня 1941 года. Немцы ўначы і днём, з танкамі і бронетранспарцёрамі, ішлі бясконцай калонай. З-за вялізнай плыні жыхары не маглі перайсці на другі бок дарогі, да калодзежа па ваду. Ільянцы жылі пад страхам смяротнага пакарання, ведаючы, што за дапамогу яўрэям прадугледжаны расстрэл. Але Рудніцкія хавалі на гарышчы параненых чырвонаармейцаў і яўрэяў.

Ніна Рудніцкая.

У студзені 1942 года Ніна стала сябрам падпольнай арганізацыі. Пра гэта ёсць адпаведная даведка. Была ў складзе групы да 1944 года. Ад снежня 1942 года была яшчэ і сувязной партызанскай брыгады імя Фрунзе, што дзейнічала ў тагачаснай Вілейскай вобласці. Дом Рудніцкіх быў на адной вуліцы з жандармерыяй. Ніна сачыла за рухам нямецкіх атрадаў, слухала размовы немцаў. Звесткі перадавала ў атрад.

Чаму да рускага вайскоўца ільянцы ставіліся насцярожана

Бацька спадарыні Вольгі, Аляксандр Цімафееў, нарадзіўся ў Расіі, у раённым цэнтры Зярэнда Какчэтаўскай вобласці, у 1919 годзе ў сям’і селяніна.

– Так напісаў бацька ў сваёй біяграфіі ў 1955 годзе. Па-іншаму тады не мог. А ўвогуле, сям’я іх была нябедная, казацкая, шматдзетная. У 1930-я, ратуючыся ад раскулачвання, іх бацька адвёз жонку і пяцярых дзяцей далей, у Сібір, – тлумачыць суразмоўца.

Аляксандр Цімафееў.

У дзесяць год Аляксандр Цімафееў пахаваў бацьку. Сям’я вярнулася назад, у Зярэнду. У 1939-м Аляксандр скончыў школу, пасля быў прызваны ў Чырвоную Армію. Скончыў палкавую артылерыйскую школу. У пачатку вайны трапіў у акружэнне. Пасля доўгіх блуканняў прыйшоў у Ілью. Тут стаў паплечнікам і намеснікам кіраўніка Ільянскага падполля Мікалая Кісялёва.

1960-ыя гады. Ілья, Савецкая, 117. Родныя дзеці Юліі Францаўны Рудніцкай.

Па словах спадарыні Вольгі, у заходнебеларускім мястэчку бацьку было няпроста.

Савецкая ўлада ў Ільі ўсталявалася ў 1939-м, і мясцовыя насцярожана ставіліся да рускіх.

Задачамі падпольнай арганізацыі было ўзбраенне і падрыхтоўка людзей да зыходу ў партызаны, зрыў нямецкіх мерапрыемстваў і агітацыя людзей у вёсках уІльяншчыны.

Сустрэча ў Ільі

Ніна і Аляксандр сустрэліся ў Ільі, у доме Рудніцкіх. Ніна даведвалася ад паліцаяў пра час і месца карных аперацый, перадавала звесткі ў атрад, распаўсюджвала ўлёткі і газеты. Аляксандр камандаваў разведчыкамі брыгады імя Фрунзе.

Юлія Францаўна Рудніцкая (1873-1956) з унукамі Міхаілам і Таццянай.

У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, Ніна і Аляксандр пажаніліся. Аляксандр працаваў начальнікам раённага вузла сувязі. У 1945 годзе нарадзіўся сын Георгі. Пасля сям’я доўгі час жыла і працавала ва Украіне. У пасёлак Манзя, на Ангары, прыехалі ў 1970-м.

– У маладосці ільянскія дзяўчаты наваражылі маме, што яна будзе жыць далёка ад дома, у сяле за трыма рэкамі. Тады ёй у гэта не верылася, – кажа Вольга
Аляксандраўна.

Ёй вядома, што колішнія студэнты Ільянскага саўгаса-тэхнікума (цяпер Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж) у свой час стварылі клуб партызанскай славы. Ладзілі сустрэчы з партызанамі-фрунзенцамі ў Малых Бясядах, Навасёлках, Лясках, Ільі. Па запрашэнні ільянцаў Аляксандр Іванавіч наведваў такія сустрэчы ў 1969, 1975, 1979, 1984 гадах. Ёсць шмат фотаздымкаў з тых сустрэч, бо фатаграфіяй ён захапіўся ад 1948 года.

Дом на Ангары, дзе жылі нашы героі.
Ангара зімой.

Вольга Аляксандраўна шкадуе, што няшмат ведае пра маладосць сваіх бацькоў. Яны больш расказвалі пра іншых, чым пра сябе.

Міхаіл Апанасёнак. Сын Віктара Апанасёнка і Ніны Рудніцкай.

– Нас у бацькоў – трое. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, выраслі дастойнымі людзьмі. Працавалі ў Краснаярскім краі. Маем дзяцей і ўнукаў, – так скончыла Вольга Аляксандраўна гісторыю сваёй сям’і, якая пачалася ў Ільі.

Фотаздымки забяспечаныя Вольгай Думалакас.

• Текст доступен на языке: Русский