15 ліпеня ў Мінску затрымалі каля 26 чалавек па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Затрыманні адбываліся ў цэнтры сталіцы пасля таго, як людзі прынеслі скаргі ў ЦВК аб нерэгістрацыі кандыдатаў Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.
Гісторыяй аднаго з затрыманняў падзялілася Лізавета Крычкоўская. Яе хлопца, які спецыяльна прыехаў з Вілейкі ў Мінск, каб падаць скаргу, затрымалі супрацоўнікі АМАП.
Чаму Лізавета пайшла ў аўтазак сама?
Затрымалі майго хлопца. Я падышла да супрацоўніка АМАП, сказала, што ў хлопца цукровы дыябет. Сказала, што з ім можа здарыцца непрыемная сітуацыя, калі цукар занадта моцна знізіцца. Хацела сачыць за ім, каб можна было неяк зрэагаваць. Я сама папрасілася прайсці разам з імі. Амапавец сказаў: «Калі хочаце – калі ласка». І ўжо разам з хлопцам прайшла ў аўтазак.
Што адбывалася да затрымання?
Перад гэтым была на працы. Пасля таго, як мой працоўны дзень ужо скончыўся, хацела падысці да хлопца і нашых сяброў, каб разам падаць заяву ў ЦВК на абскарджанне нерэгістрацыі кандыдатаў.
Мы сталі ў чаргу каля шасці гадзін. Прачакалі да сямі вечароў. Чарга пачала разыходзіцца, яна рухалася да Макдональдсу. Там усё перакрылі, вайскоўцы зрабілі такую шарэнгу. Мы ўжо не маглі праз іх прайсці. Мы развярнуліся, ішлі да нашай машыны. У гэты момант супрацоўнікі АМАП проста спакойна падышлі да майго хлопца, узялі пад ручку і сказалі, хадзем у аўтазак.
Ён спакойна згадзіўся. Спалохалася я, таму што ў яго цукровы дыябет, ён з Вілейкі. Ён павінен быў вярнуцца туды ў гэты ж дзень з нашай сяброўкай. Я пайшла, пачала тлумачыць супрацоўніку сітуацыю, што ён не таго затрымаў, мы ішлі дадому, мы хацелі з’ехаць. Ён пагадзіўся і дазволіў прайсці з ім.
Аўтазак
Першы аўтазак, у які нас пасадзілі, можна сказаць – «новы». Ён адкрыты, там няма камер. Супрацоўнік дазволіў хуценька папярэдзіць нашых бацькоў, куды нас забіраюць, каб не хваляваліся. Ён нават сказаў нам, каб мы не хваляваліся, хутка нас адпусцяць.
А потым нас пачалі перакідаць ў наступныя машыны. Яны былі з камеры адзінкавымі. Я ў шоку была! Ад гэтай камеры, што яна наогул там ёсць. Там было агідна, пахла як з прыбіральні. Там было маленькае акенца, дзе была бачная толькі кабінка насупраць. У гэтай машыне ўжо сядзелі некалькі затрыманых. Там быў адзін амерыканец, ён спрабаваў заяўляць пра свае правы. Яго спрабавалі ветліва супакоіць. У цэлым, супрацоўнікі стараліся проста не кантактаваць ні з кім. Напэўна, па працэдурах нейкіх сваіх.
Па паведамленнях іншых хлопцаў, то не ва ўсіх было такое прыемнае затрыманне.
Пра супрацоўнікаў
Супрацоўнікі, якія сустрэліся нам, былі адэкватныя і спакойныя. Яны не тое каб станоўча да нас ставіліся, але з дастатковай павагай. Імкнуліся не занадта ўваходзіць у кантакт, размаўлялі нармальна. Там быў толькі адзіны чалавек, які мацюкаўся. Дзяўчыны, якія мяне дапытвалі, давалі мне вады папіць, праводзілі ў туалет. Астатніх хлопцаў таксама.
Майму хлопцу дазволілі пакінуць інсулін, глюкометр, сок і цукеркі, якія маглі забараніць. Таму што забіраюць усё, аж да бюстгальтара.
Чаму іх забралі амапаўцы?
Ніяк не тлумачылі. Проста выканалі ўсе працэдуры: пачынаючы ад вопісу, бралі адбіткі. Нас пачыналі адпускаць па адным, проста чарга была вельмі доўгая.
Мяне адпусцілі ў поўнач, а хлопца – у 01:30. Мы яго забралі з нашымі сябрамі, якія засталіся чакаць, не з’ехалі ў Вілейку.