Павел Шарамет. Фота euroradio.fm.

20 ліпеня, раніцай, у Кіеве на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка забілі Паў­ла Шарамета.

Вядомага ў Беларусі журналіста ўзарвалі ў машыне, калі той ехаў на працу. Апошнія пяць год Павел Шарамет працаваў ва Украіне.

Шлях у журналістыку Павел Шарамет пачаў у Мінску у 1990-х. Працаваў на тэлебачанні, у выданні «Белорусская деловая газета».

Ужо ў маскоўскі перыяд свайго жыцця Павел Шарамет разам са сваім сябрам тэлеаператарам Дзмітрыем Завадскім рабіў рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы з пункту пропуску «Каменны Лог».

«Шарамет мяняе камеру» – загаловак з першай старонкі нашай газеты за 1 жніўня 1997 года. Шарамет разам з іншымі членамі здымачнай групы быў абвінавачаны ў незаконным групавым перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Ашмянскі раённы суд прыгаварыў журналіста да двух гадоў умоўна і аднаго года выпрабавальнага тэрміну.

Пасля зноў была праца ў Маскве на канале ОРТ, Шарамет стварыў сайт «Белорусский партизан», пяць год таму пераехаў у Кіеў.

Шаснаццаць гадоў таму ў Нацыянальным аэрапорце, чакаючы  прылёту свайго сябра Паўла Шарамета, бясследна знік Дзмітры Завадскі. 20 ліпеня 2016 года пры загадкавых абставінах у Кіеве загінуў сам Павел. Ён так і не дазнаўся, што сталася з калегам, сябрам і паплечнікам.

«Кожны ў сваім жыцці робіць выбар самастойна. І кожны свядома ідзе на тую ці іншую рызыку. Нават цяпер, у прынцыпе, я ні пра што не шкадую. Галоўнае, што маё сумленне чыстае…», – сказаў некалі Павел пра свой выбар у жыцці.

• Текст доступен на языке: Русский