Чытачы «Рэгіянальнай газеты» паведамлялі, што ў апошні час людзі стаяць з ночы ў чэргах  ў Маладзечне, каб трапіць на экзамен да інспектара ДАІ. Карэспандэнты «РГ» вырашылі праверыць гэта, а таксама запыталіся ў Дзяржаўтаінспекцыі, што змянілася са здачай экзаменаў.

17 ліпеня ў 5:00 каля Маладзечанскага аўтамабільнага навучальнага камбінату падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ужо ёсць людзі. Іх каля дзясятка, амаль усе займалі месца ў чарзе яшчэ ноччу.

Большасць — маладыя хлопцы і мужчыны. Ля дзвярэй установы стаіць толькі адна жанчына, яна зойдзе чацвёртая. Першага чалавека, які займаў чаргу, тут няма. Кажуць, займала жанчына яшчэ ўвечары 16 ліпеня.

Гэтая чарга рэгістрацыі на экзамен у ДАІ, здаюць пляцоўку і горад. У Маладзечна, акрамя мясцовых, прыязджаюць здаваць экзамены з трох раёнаў Мінскай вобласці — Вілейкі, Валожына, Мядзела. Экзамены можна здаць і ў маладзечанскім ДТСААФ, але людзі займаюць чаргу на вуліцы Мічурына па фінансавай прычыне.

Тут можна разбіць чэк: асобна заплаціць за аўтадром і за горад. У ДТСААФ такой магчымасці няма.

І яшчэ адна акалічнасць, з-за якой людзі збіраюцца масава ноччу ў чаргу, — здаць экзамены можна толькі ў сераду і пятніцу.

На лістку, які вісіць каля дзвярэй, людзі запісваюцца ў чаргу. Па іх словах, гэта іх ініцыятыва і самаарганізацыя.

Адзін з мужчын, што сядзеў на прыступках будынка, сказаў, што заняў чаргу для дзіцяці.

— Як здаваць, калі ты не спаў усю ноч?

Карэспандэнты з’ездзілі ў ДСТААФ, каб высветліць, ці ёсць там чэргі ў у гэты ж час. Аднак там былі толькі работнікі. Яны сказалі, што ў іх арганізацыі гэты працэс праходзіць хутка, таму чэргаў няма.

Адзін з хлопцаў, Аляксей С., распавёў, што працуе у Маладзечне па размеркаванні. Сам з Івацэвічаў. У сераду, 15 ліпеня, таксама быў у чарзе.

— Я сказаў маме пра гэтыя чэргі, дык яна не паверыла, што такое можа быць наогул, — падзяліўся Аляксей.

Карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» прывезлі людзям, якія чакалі ў чарзе, кавы і чаю.

Людзі ў чарзе расказваюць, як нядаўна прыязджалі здаваць дзяўчаты з Мядзела. Дасталі мангал, зрабілі шашлыкі, але сваёй чаргі так і не дачакаліся. Гэтую ж гісторыю паўтараюць амаль усе, з кім у журналістаў атрымалася пагутарыць.

На аддаленні ад прыступак стаялі мужчыны ва ўзросце. Яны таксама прыехалі на экзамен — адзін з Валожына, а другі прыехаў з жонкай з Мядзела.

Валожынец распавёў, што не першы раз бачыць такія чэргі ў Маладзечне.

— У Савецкім Саюзе было інакш. Неяк па-іншаму ставіліся. А тут людзі займаюць чэргі з вечара! І яшчэ не факт, што здасі гэты экзамен.

Мядзельчук таксама абураецца. Ён прыехаў з жонкай да шасці гадзін раніцы.

— Вунь мужчыне што ехаць з Валожына да Маладзечна? А мне паўтары гадзіны дабірацца!

Бліжэй да 9:00 дзяўчаты і хлопцы пачалі праходзіць да аўтадрому. Там чакалі інспектара ДАІ.

Механікі, што працуюць у арганізацыі, якая дае машыны для экзамену, кажуць, што аўто ў іх дастаткова.

— Пытанні пра чэргі не да нас. Машыны ў нас ёсць, а вось людзей заўсёды шмат.

Экзамены на пляцоўцы пачалі здаваць ў палову дзясятага. Інспектар Міхайлаў папярэдзіў, што на аўтадроме застаюцца толькі тыя, хто будзе здаваць пляцоўку. Ён папрасіў людзей, якія здаюць горад, пачакаць у іншым баку. Таксама адзначыў, што калі ў кагосьці ёсць пытанні, ён з задавальненнем на іх адкажа.

Чарга на пляцоўцы фарміруецца таксама. Тут ужо не мае значэння, у колькі ты стаяў у чарзе раніцай. Першымі пайшлі здаваць хлопцы. За час, што наш карэспандэнт знаходзіўся ля пляцоўцы, экзамен здалі пяць з шасці маладых чалавек.

Што кажа ДАІ?

Цяпер міжраённы рэгістрацыйна-экзаменацыйны аддзел (МРЭА) АДАІ Маладзечанскага РАУС абслугоўвае навучальныя арганізацыі па падрыхтоўцы складу кіроўцаў усіх катэгорый, размешчаныя ў Валожынскім, Мядзельскім, Вілейскім, Маладзечанскім раёнах, у колькасці 12 адзінак.

Прыём тэарэтычнага іспыту праводзіцца толькі ў МРЭА АДАІ з выкарыстаннем адпаведнага абсталявання. Выезд супрацоўніка па месцы размяшчэння навучальнай арганізацыі з прыняццем практычнага экзамену ажыццяўляецца толькі па заканчэнні вучобы зарэгістраванай групы.

— На жаль, да цяперашнега часу якасць падрыхтоўкі кандыдатаў у кіроўцы транспартных сродкаў у навучальных арганізацыях застаецца на нізкім узроўні, што ў сваю чаргу прыводзіць да шматлікіх паўторных іспытаў у ДАІ.

У другім квартале 2018 года здача экзаменаў з першага разу склала 40,1%, у 2019 – 32,3%, у 2020 – 29,5%.

Некаторыя цяжкасці ў прыёме экзаменаў ўзнікаюць толькі ў дні, калі на прыёме экзаменаў у Маладзечне накладваецца прыём экзаменаў у вучэбных групах, размешчаных за межамі горада.

— Абстаноўка залежыць ад прыбыцця на экзамены саміх кандыдатаў. У адзін дзень прыходзіць больш, у іншы менш. Адрэгуляваць гэта немагчыма. Ёсць асаблівасці з прычыны пандэміі, якія абмяжоўваюць знаходжанне людзей у грамадскіх месцах.

Колькасць прынятых экзаменаў ад кандыдатаў у кіроўцы ў чэрвені 2018 года склала 538 адзінак, у чэрвені 2019 — 516 адзінак, у чэрвені 2020 — 455 адзінак.

У павелічэнні колькасці супрацоўнікаў МРЭА АДАІ цяпер няма неабходнасці.

Паўторныя выезды для прыёму экзаменаў у Вілейцы, Мядзеле, Валожыне ажыццяўляцца не будуць. Нагрузка павялічваецца толькі ў летні перыяд, у восеньска-зімовы і вясной колькасць зваротаў ад грамадзян зніжаецца.

• Текст доступен на языке: Русский