Фота Алены Ляшкевіч. Гуканне вясны ў Вязынцы сёлета.

Расійскія прапагандысцкія тэксты дабраліся і да беларускай вышыванкі.

Арцём Агафонаў размясціў аўтарскую калонку на рэсурсе politnavigator.net пад назвай «Белоруссия. Незалежная мешанина». У гэтай публікацыі аўтар спрабуе данесці, што як бы беларусы ні спрабавалі прыдумваць самабытныя культурныя сімвалы, гэта атрымліваецца кепска, таму што і самабытнасці няма.

Вось некалькі цытат: «Теперь его дополняет День Вышиванки. Конечно, до украинского размаха далеко, но мероприятия проводятся, а орнамент стараются впихнуть куда угодно – от товарных знаков и упаковки до тротуарной плитки и стен зданий. Пресловутая ретро-рубаха символизирует то же самое – подчеркивает белорусскую самобытность и обособленность от русских», «Самое смешное, что по факту никаким символом белорусской самобытности вышиванка быть не может. Вышитые рубахи носили многие славяне, а самого слова «вышиванка» в белорусском языке вообще никогда не было. Налицо прямое обезьянничание и копирование».

Беларусь унікальная для этнаграфіі

Пракаментаваць гэтыя выказванні мы папрасілі майстра па народных строях, мастака, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Настассю Глушко.

Майстар адзначыла, што, сапраўды, само слова «вышыванка» ў беларускім асяродку з’явілася нядаўна, і прыйшло з украінскай мовы. Гэты наватвор актыўна падхапілі і пачалі ўжываць беларусы.

Але хаця само слова для беларусаў новае, з’ява, якую яно называе, існавала на нашых землях стагоддзямі.

Жанчына каля 20 год вывучае этнаграфію і народны касцюм. Таму выдатна ведае, што вышыўка адзення – гэта традыцыйны элемент для шматлікіх культур. Падабенства можна знайсці паміж украінскай і егіпецкай вышыўкамі, паміж беларускай і ін­дзейцаў Паўночнай Амерыкі. Рэч у тым, што сімвалы і знакі, якія зашыфравалі ў вышыўцы, створаныя настолькі даўно, што з’яўляюцца ўніверсальнымі.

Беларускі сімвал агню і мужчынскага пачатку «зорка» сустракаецца і ў індзейцаў. Спецыяліст падкрэслівае, што зашыфраваныя ў вышыўку сімвалы сустракаюцца ў вельмі многіх народах, і сэнс сімвалаў звычайна блізкі або нават аднолькавы.

На беларускай зямлі рамантызацыя вышыўкі адбылася ў другой палове 19 стагоддзя. Гараджане і заможныя людзі хутка пераймалі іншаземныя навінкі. У той час як сяляне стагоддзямі зберагалі і перадавалі духоўную спадчыну, у тым ліку сімвалізм вышыўкі. Настасся ўпэўненая, што калі побач размясціць арыгінальныя вышыўкі аднаго перыяду, розніцу ўбачыць не толькі яна як майстар, але могуць заўважыць і неабазнаныя ў тэме людзі. Больш за тое, свае адметнасці мелі нават вышыўкі кожнага з рэгіёнаў Беларусі. Палеская вышыўка будзе блізкая да паўночна- ўкраінскай, але ўсё роўна пры разгляданні дэталяў розніца відавочная.

Калі самі сімвалы ўніверсальныя, то падача вышыўкі адметная. Гэта паказваецца ў дэталях, элементах, колерах.

У традыцыйнай беларускай вышыўцы нітка чырвонага і чорнага колеру, часам сустракаецца чырвоная і сіняя. Прычым чырвоны колер з халодным падтонам, які вельмі гарманічна выглядае на шараватым лёне.

– Гэта выглядае элегантна і шэдэўральна з мастацкага пункту гледжання, – мяркуе мастак. – Вельмі густоўнае і стыльнае спалучэнне. Казаць, што вышыўку прыдумалі – правакацыя. А вось вяртанне зацікаўленасці да традыцыйнай вышыўкі сапраўды ёсць. Калі я выходзіла 17 год таму замуж у самаробным строі, то была такая адна. Цяпер жа я набіраю групу вучаніц, а ахвотных прыходзіць на некалькі груп. Маладыя дзяўчаты хочуць вучыцца і самі сабе робяць строі. Гэта перамога.

Строй у кожнага – гэта норма

У ідэале народны строй павінны быць у кожнага беларуса, таму што гэта традыцыйнае святочнае адзенне. Шведскі кароль наведвае прыёмы ў традыцыйным шведскім строі, як і многія кіраўнікі дзяржаў. Гэта тое, да чаго імкнецца Студэнцкае этнаграфічнае таварыства – данесці думку, што строй – святочнае адзенне.

– Тым больш, што для беларусаў існуе багатая спадчына, – адзначае Глушко. – Беларусы – унікальны еўрапейскі народ з этнаграфічнага пункту гледжання. У нас яшчэ жывыя ткачы, спявачкі, якія нясуць традыцыйную культуру. А нам так пашчасціла, што мы можам пабачыць гэта на свае вочы і дакрануцца да гэтага трапяткога агмяню.

Вышыўка – як мова

Паэт з Маладзечаншчыны Тамара Бярэзіна захапляецца вышыўкай і можа навучыць разбірацца ў сімвалах іншых.

– Безумоўна, беларуская вышыўка самабытная, – адзначае яна. – Гэта як мова, толькі выказаная ніткай, рукамі, сэрцам. Адмаўляць гэта – казаць паклёп.

Жанчына адзначае, што вышыўкай можна выказаць пажаданне, а адна жанчына вышыла ўсё сваё жыццё. Цяперашні ўздым зацікаўленасці да вышыванкі тлумачыцца тым, што гісторыя рухаецца па спіралі. Беларусы хочуць вярнуць пачуццё прыналежнасці да тэрыторыі, краіны, народа. А традыцыйная вышыўка выдатна дапамагае адчуваць сябе беларусам. Таму што разуменне гэтых сімвалаў збіралі нашы продкі пакаленне за пакаленнем, таму гэта ў нас, таму нас да гэтага цягне.