Першая сустрэча выбаршчыкаў Маладзечаншчыны сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі адбылася 20 ліпеня. У канфэрэнц-зале Лядовага Палаца сабралася ў некалькі разоў больш людзей, чым было прадугледжана месцаў для сядзення.

Пандэмія ўнесла карэктывы ў прэзідэнцкую выбарную кампанію. Частка прысутных былі ў масках. Некаторыя казалі, што іх знаёмыя таксама хацелі б прыйсці, але яшчэ пазбягаюць месцаў масавага скаплення людзей.

Актывісты і жыхары абмеркавалі навіны ў палітычнай сферы і погляды на тое, што варта рабіць у межах перадвыбарнага перыяду і саміх выбараў. Актывісты заклікалі тэрмінова запісвацца назіральнікамі, каб адсочваць і не дапускаць парушэнні на ўчастках для галасавання.

Актывіст заахвочваў далучацца да назіральнікаў:

– Размаўляў з многімі сябрамі камісій, што працавалі ў мінулыя гады. Яны сказалі, што калі на ўчастках будуць тыя, хто іх падтрымае, то яны будуць супраць фальсіфікацый. Цяпер распрацоўваюць спосабы, як гэта пракантраляваць. Са скарбонкамі падчас датэрміновага галасавання можна зрабіць многа што. Паехалі некуды, адвезлі.

Каб адстаяць галасы выбаршыкаў, актывіст прапанаваў наступнае:

– У каго на тэлефонах няма тэлеграм-каналаў? Пастаўце сабе, дадайце чат «Сумленныя назіральнікі», шукайце Маладзечанскі раён. Там ёсць інструкцыі, як стаць назіральнікам і іншыя дакументы, месцы размяшчэння агітацый у горадзе і месцы сходаў выбаршчыкаў. Метадычкі для сябраў выбарных камісій. Наша задача – максімальна напоўніць участкі сумленнымі назіральнікамі так, каб яны працавалі і ў час датэрміновага галасавання, і 9 жніўня.

Таму што выбарчыя камісіі просяць, каб ім дапамаглі не фальсіфікаваць вынікі. У тэлеграм-каналах малююць розныя карцінкі, гэта някепска, але трэба папрацаваць.

Выступіў 28-гадовы маладзечанец:

– Я апалітычны чалавек. Мне 28 год, і за гэты час перажыў тры або чатыры дэвальвацыі рубля. Наша існуючая ўлада любіць хваліць сябе за нейкую стабільнасць. Што гэта за стабільнасць, калі просты рабочы чалавек можа пабяднець у тры разы па шчаўчку пальца? Гэта паказчык якасці ўлады, якасці кіравання.

Мы бяднеем з кожным днём. Калі вы не хочаце, каб ваша дзіця гадоў праз 15 падышло і спыталася «Чаму мяне выгналі з інтэрната з-за таго, што не ўступіў у БРСМ?», дэмакратычнымі метадамі неабходна штосьці мяняць.

Маладзечанец, які працуе ў сферы электрычнасці, сказаў:

– Я чалавек апалітычны. Давайце паспрабуем пракантраляваць, магчыма, там не 3%, а 73%. Але мы павінны бачыць, упэўніцца ў гэтым. Некалькі год таму пад Маладзечнам збіраліся пабудаваць свінакомплекс. На паседжанні ў райвыканкаме выступалі жыхары, выступала педыятар, пенсіянеры, людзі, што адстойвалі чысціню паветра і заборнай вады ў Маладзечне. Была зваротная сувязь. Жыхары з лічбамі даказвалі, што горад незваротна страціць, калі пад бокам будзе такая пабудова. Я наведаў месца, дзе пасля паставілі свінакомплекс. Мякка кажучы, адчуванне не з прыемных.

Хочацца, каб нашы дзеці мелі права жыць, дыхаць, не хварэць, ганарыцца дзядулямі і бабулямі.

Актывіст, што збірала подпісы за Валерыя Цапкалу, заўважыла:

– Хачу заклікаць вас. Мы цярпялівая нацыя. Многія хочуць перамен, але нечымі рукамі. Калі кожны з нас будзе размаўляць з сябрамі, суседзямі, блізкімі, калі мы павяжам белую стужку на руку, тады ў горадзе будуць бачыць, што нас многа. Тады з’явіцца важнае пачуццё адзінства.

Маладзечанка Яна падзялілася:

– Я вырасла пры Лукашэнку. Папярэдні выступоўца разважаў, якой будучыні мы хочам для нашых дзяцей. Яўна не такой, якую перажылі мы, людзі майго ўзросту. Я перажыла тое, што ў школе на экзаменах маглі заваліць за тое, што не ўступіла ў БРСМ. Мяне з эпілепсіяй збіў АМАП і адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па гэтым здарэнні.

Прадстаўнік ініцыятывы «Сумленныя людзі» падсумавала:

– Зарэгіструйцеся назіральнікам на нашай платформе. Вам спатрэбіцца сабраць дзесяць подпісаў тых, хто пойдзе на выбары на вашым участку. Пазнаёмцеся з калегамі-назіральнікамі па ўчастку і дамоўцеся аб дзяжурствах так, каб закрываць увесь час ад аўторка да нядзелі. Гэта патрэбна, бо назіральнікі запісваюць, колькі чалавек прыйшло, вы маеце права глядзець спісы, супаставіць са сваімі назіраннямі.

падайце заяву з подпісамі старшыні выбарчага ўчастку. Яны не маюць права адмовіць.

Наступная сустрэча выбаршчыкаў у Маладзечне запланаваная на 21 ліпеня ў раённай клубнай сістэме (былы ДК чыгуначнікаў).

Фота Настассі УТКІНАЙ.