Фота Настассі УТКІНАЙ.

21 ліпеня больш за 200 беларускіх журналістаў падпісалі калектыўны зварот да грамадскасці, сілавікоў і ўлады.

Прадстаўнікі недзяржаўных СМІ Беларусі заклікалі ўлады спыніць пераслед журналістаў.

Адпаведны зварот накіраваны міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву, генпракурору Аляксандру Канюку, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай і міністру інфармацыі Ігару Луцкаму.

У ім адзначаецца, што «апошнія месяцы сталі перыядам вельмі жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да журналістаў незалежных выданняў у Беларусі».

«Падчас прэзідэнцкай кампаніі 43 карэспандэнта дзесяткаў СМІ былі затрыманыя пры выкананні службовых абавязкаў. Апошняй кропляй стала жорсткае затрыманне журналіста «Радыё Свабода» Антона Трафімовіча ў цэнтры Мінска 15 ліпеня пасля стрыма ад ЦВК. Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі зламалі яму нос. У дачыненні да Антона вядзецца адміністрацыйная справа па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы)», – гаворыцца ў звароце.

Затрымання журналістаў, якія працуюць на вулічных акцыях, адбываліся ў розных гарадах краіны, некаторыя – нават у прамым эфіры, на вачах у дзясяткаў тысяч гледачоў, падкрэсліваюць прадстаўнікі СМІ.

«Гэтыя дзеянні, – падкрэсліваюць яны, – парушаюць арт. 198 Крымінальнага кодэкса, які вызначае адказнасць за «перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста», і маюць адну мэту – запалохаць журналістаў і паказаць ім і ўсяму грамадству, што законы не працуюць, калі ёсць больш высокія палітычныя інтарэсы».

«Аднак бессаромнасць гэтых дзеянняў вядзе да адваротнага эфекту. Цынічнае жаданне паказаць грамадзянам, наколькі яны безабаронныя перад уладай, у першую чаргу дыскрэдытуе саму ўладу», – перакананы аўтары звароту.

Журналісты выказваюць «падтрымку і салідарнасць з усімі нявінна затрыманымі, збітымі, прыніжанымі», а таксама падкрэсліваюць, што працягнуць выконваць свой прафесійны абавязак.

«Мы патрабуем, каб улады спынілі пераследваць журналістаў незалежных выданняў, а сілавікам хочам нагадаць, што, затрымліваючы журналістаў пры выкананні імі сваіх прафесійных абавязкаў і ужываючы да іх сілу, вы не толькі парушаеце закон, але і самі здзяйсняеце злачынства», – гаворыцца ў звароце.

Прадстаўнікі недзяржаўных СМІ таксама інфармуюць, што «зварот да кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама Івана Кубракова, камандзіру атрада АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы, намесніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова па гэтым пытанні аказаўся безвыніковым», а прэс-служба МУС анансавала сустрэчу прадстаўнікоў міністэрства з журналістамі, якія працуюць на масавых мерапрыемствах, але сустрэча так і не адбылася.

Зварот падпісалі журналісты і рэдактары парталаў TUT.BY, onliner.by, nn.by, «Радыё Свабода», БелаПАН, tribuna.com, dev.by, realt.by, marketing.by, 24health.by, outride.rs, «Еўрарадыё», газеты «Народная воля», «Камсамольская праўда ў Беларусі», «Новы час», «Прессбол», «Рэгіянальная газета», «Народныя навіны Віцебска», тэлеканалаў «Белсат» і «Настоящее время», сайтаў «Салідарнасць», «Моцныя навіны», «МогилевОнлайн», reform.by, «Ідэя Кансалт», bdg.by, «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Прэс-клуб Беларусь», «Беларуски дакументацыйны цэнтр», часопісаў «Большой» і «Office life», а таксама журналісты-фрылансеры і блогеры — усяго 213 чалавек.