Сустрэча выбаршчыкаў Маладзечанскага раёна адбылася 21 ліпеня ў раённай клубнай сістэме. На мерапрыемстве сабралася каля сотні ўдзельнікаў.

Галоўнай тэмай абмеркавання стала тое, як будуць арганізаваныя кантроль за працэсам галасавання і абарона ад фальсіфікацый.

Частка ўдзельнікаў была ў масках. Некаторыя дзяліліся, што іх знаёмыя не ўдзельнічаюць у перадвыбарных мерпрыемствах з-за каронавіруса.

Актывіст Вольга Шостак падзялілася сваім досведам:

–  Я віляйчанка, мама, у мяне двое дзяцей. Калі збірала подпісы ў Вілейцы, мне было страшна выходзіць на пікеты кожны раз. Але я не магла сабе дазволіць, каб сын праз некалькі гадоў сказаў: «Мама, ты ж магла ўсё змяніць, але нічога не зрабіла».  Кожнае пакаленне мусіць учыніць свой подзвіг. Нашы дзяды свой подзвіг зрабілі. А цяпер наша чарга паверыць у сябе і тых, хто побач з намі.

Актывіст Аляксандр расказаў пра важнасць назіральнікаў:

– Размаўляў з людзьмі, што былі ў камісіях на выбарах у мінулыя гады, яны самі кажуць, што галасы не лічаць. І просяць, каб на ўчастках быў хаця б адзін незалежны назіральнік, які б падтрымаў сумленнасць, тады б і яны адстайвалі праўдзівыя лічбы. Пажадана, каб на кожным участку было некалькі незалежных назіральнікаў. Трэба мяняцца, каб на ўчастку заўсёды хтосьці быў. І не толькі 9 жніўня, але і ў час датэрміновага галасавання.

Актывіст заклікаў прысутных далучацца да назіральнікаў. Для гэтага патрэбна раздрукаваць бланк і сабраць подпісы ад дзесяці чалавек, якія прапісаныя на ўчастку, дзе назіральнік плануе працаваць. Калі на ўчастку будзе некалькі назіральнікаў, трэба, каб галасы ў подпісах за іх не супадалі. Кожны назіральнік павінен сабраць подпісы ад людзей, якія яшчэ ні за каго не падпісваліся.

Быць назіральнікам можна не толькі на сваім участку, а на любым, дзе зручна. А вось подпісы за назіральніка могуць быць толькі ад выбаршчыкаў з гэтага ўчастка.

Калі дакументы аформленыя правільна, раённая камісія не мае права адмовіць чалавеку ў гэтым праве. Неабходна выпісаць нумар заявы ў журнале ўліку і папрасіць копію з нумарам рэгістрацыі. Камунікацыя паміж назіральнікамі адбываецца праз тэлеграм-канал. Тут можна знайсці ўзор заявы назіральніка і іншыя дакументы.

– Кожны назіральнік можа выратаваць тысячу галасоў, – падкрэсліў актывіст. – Сам падлік галасоў павінен адбывацца так. Удзельнікі камісіі працуюць па тры бакі ад стала, чацвёрты адкрыты для назіральнікаў. Назіральнікам трэба вывучыць дакументы і заканадаўства, каб адсочваць і спыняць парушэнні. Пасля падліку галасоў дакумент з лічбамі паказваюць назіральнікам і прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі.

Па словах актывістаў, аб’яднаны штаб Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы стварыў сістэму, якая дапаможа даведацца сапраўдныя вынікі галасавання. Але каб даць лічбы, на кожным участку павінны сумленна выканаць працу назіральнікі.

– Не галасуйце датэрмінова, прыходзьце на выбары 9 жніўня, і пажадана ў другой палове дня. Раней не было сістэмы палічыць галасы рэальна. У гэтым годзе ёсць. Самае галоўнае – каб былі назіральнікі.

Калі назіральнікі бачаць на ўчастку парушэнні, актывісты прапануюць пра такія выпадкі адразу ж паведамляць у міліцыю.

Аляксандр адказаў на пытанне наконт байкоту выбараў:

– Байкот не дапаможа. Пазняк увесь час за байкот, цяпер часам думаеш, а чым ён ад Лукашэнкі адрозніваецца. Але пачытайце – нідзе ў свеце байкот не спрацаваў. Так толькі прасцей фальсіфікаваць вынікі.