Фота teris.com.

У Вілейскім Цэнтры скрынінгу і ранняй дыягностыкі раку рэалізуюць пілотны праект Міністэрства аховы здароўя. У рамках яго жыхары Вілейкі і суседніх гарадоў могуць бясплатна абследавацца на наяўнасць анкалогіі, калі яшчэ няма сімптомаў.

Пра тое, як гэта працуе і каму могуць зрабіць бясплатнае даследаванне, нам расказала загадчыца аддзялення скрынінгу анкалагічных захворванняў Лілія Зянько.

– У сувязі з ростам анкалогіі ў Беларусі Міністэрства аховы здароўя ладзіць пілотны праект у нас, у Вілейцы. Медыкі вывучылі досвед замежных калег у барацьбе з анкалогіяй. Напрыклад, у свой час у Японіі шмат людзей памірала ад раку страўніка. Пачалі праводзіць скрынінг, і ў выніку за пяць год звялі смяротнасць ад гэтага захворвання да нуля, – расказвае Лілія Іванаўна.

Каб людзі ішлі на даследаванне, скрынінг павінен быць бясплатны, даступны, эфектыўны і без болю, кажа яна.

Па словах доктара, у Цэнтры скрынінгу і ранняй дыягностыкі раку можна прайсці бясплатнае даследаванне менавіта тады, калі яшчэ няма сіптомаў.

Глядзіце, якія працэдуры і каму робяць:

  • скрынінг раку малочнай залозы ў жанчын 50-69 год;
  • скрынінг раку прастаты ў мужчын 50-65 год;
  • скрынінг раку лёгкага ў мужчын 50-70 год, якія доўга і шмат кураць;
  • скрынінг раку кішэчніка ў мужчын і жанчын 50-60 год.

– Напрыклад, для правядзення дыягностыкі раку кішэчніка закупленыя спецыяльныя дарагія тэсты. Іх пацыент робіць дома на працягу двух дзён. Потым прыносіць нам. Мы перадаём тэсты ў РНПЦ. Калі які-небудзь з іх аказваецца станоўчым, мы выклікаем пацыента, і ў Цэнтры пад анэстэзіяй праводзім даследаванне на сучасным абсталяванні, – тлумачыць доктар.

Такім чынам з 17 тэстаў на рак кішэчніка два аказаліся станоўчымі. Дзякуючы даследаванню ў людзей выявілі рак на ранняй стадыі.

– Рак кішэчніка страшны тым, што сімптомы з’яўляюцца толькі на трэцяй-чацвёртай стадыі, калі пачыенту, часцей за ўсё, не акажаш ніякай дапамогі, акрамя паліятыўнай, – кажа Лілія Іванаўна.

Таксама ў рамках праекта дыягнаставалі на ранніх стадыях два выпадкі раку прастаты.

– Раней даследаванні праводзілі больш актыўна. Я шмат ездзіла па прадпрыемствах, расказвала аб праекце, раздавала тэсты. Цяпер жа з-за пандэміі людзі не так актыўна звяртаюцца да нас. Асабліва мала з Маладзечна і Мядзела. Хацелася б большай актыўнасці, – падсумавала доктар.

Калі б ў вас з’явіліся пытанні на конт скрынінгу, звяртайцеся па тэлефонах:

(8-01771) 5-58-50 – рэгістратура Цэнтра скрынінгу

(8-01771) 5-45-74 – загадчык

(+375-44) 558-50-58 – службовы мабільны тэлефон (ад 8.00 да 16.00).

• Текст доступен на языке: Русский