Валер Цапкала з’ехаў з Беларусі разам з дзецьмі. Аб гэтым паведамляе TUT.BY са спасылкай на яго жонку Вераніку Цапкалу.
Вераніка Цапкала распавяла падрабязнасці.
— Мы атрымалі інфармацыю з вартых даверу крыніц, што майго мужа плануюць затрымаць па надуманых абставінах. Мы не ведалі, што гэта за абставіны.Мы вывозім Валера і дзяцей з тэрыторыі Беларусі, таму што бачым рэальную пагрозу і небяспеку.
Нагадаем, што Валер Цапкала ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі. 14 ліпеня Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў яго ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Падставай стала колькасць подпісаў за вылучэнне Цапкалы ў кандыдаты і акцыі жонкі ў Прыорбанку, якія тая не ўказала ў дэкларацыі.
Цапкала быў адзіным прэтэндэнтам у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, які падчас збору подпісаў наведаў Маладзечна. У Маладзечне Цапкала заявіў пра 200 тысяч подпісаў, аднак пасля праверкі ўчастковымі выбарчымі камісіямі подпісы зрэзалі на больш чым 50%.