Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Настасся УТКІНА.

14 ліпеня ў смаргонскім тэлеграм-чаце людзі абмяркоўвалі магчымасць пакатацца на роварах у горадзе. А некалькі дзён таму на іх склалі пратаколы па адміністрацыйным артыкуле 23.34. Цяпер 7 чалавек чакаюць суду.

«РГ» пагутарыла з Аляксандрам Паплаўскім і Алінай, якіх на гэтым тыдні запрасілі ў Смаргонскі РАУС, а потым склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Кажу ім: то апранайце кайданкі, затрымлівайце!»

Аліна працуе ў дзяржаўнай установе. 14 ліпеня яна была на лецішчы, у яе адпачынак. У той дзень жанчына пабачыла ў тэлеграм-чаце, што смаргонцы збіраюцца зрабіць велапрабег. Аліна тлумачыць, што ўсё роўна збіралася па справах у горад, таму і вырашыла туды прыехаць.

— Выйшла з крамы, паела, нікога яшчэ не было. Побач са мной сеў мужчына, пачаў здымаць плошчу на камеру. Ён здымаў і мяне таксама. А што калі я не хацела, каб мяне здымалі?

Потым пад’ехалі некалькі раварыстаў. Аліна падыйшла да іх, пацікавілася, што адбываецца. Жанчына кажа, што яны там і пазнаёміліся, вырашылі разам пакатацца.

— Машына ДАІ ўвесь час ехала за намі. Усё мірна, без лозунгаў. Проста ехалі па горадзе. У мяне былі свае справы, потым я з’ехала.

Праз пару дзён, 16 ліпеня, Аліне патэлефанавалі і запрасілі ў РАУС.

— Спыталася, а навошта тэлефануюць мне. Адказалі, што прыходзілі да мяне ў кватэру і не знайшлі. Сказалі, я павінна прыйсці ў РАУС. А ў мяне свае справы, адпачынак, нікуды, адказваю, не паеду. Канешне, разумела, няма чаго супраціўляцца.

Аліна дала адрас, каб супрацоўнікі пад’ехалі да яе высветліць усе абставіны. Жанчына вельмі здзівілася, калі міліцыянеры прыехалі амаль праз 10 хвілін.

— Толькі паспела пераадзецца, — успамінае жанчына.

Міліцыянеры папрасілі прайсці яе ў машыну, каб адвезці ў РАУС. Калі жанчына пацікавілася, навошта ехаць у пастарунак, адказалі, што яна з’яўлялася ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і праходзіць па адміністрацыйнай справе.

— Кажу ім: то апранайце кайданкі, затрымлівайце! Ужо суседзі выйшлі, пачалі размаўляць з міліцыянерамі. Хтосьці сказаў маладому лейтэнанту, маўляў, табе ж яшчэ працаваць, што ты робіш!

У РАУС трымалі некалькі гадзін, апытвалі: калі купіла ровар, з якой мэтай купіла, ці ўключалі музыку, якія лозунгі выкрыквалі. Пасля з пастарунка адпусцілі.

— Прайшоў час, думала, што ўсё скончылася. Але пазаўчора зноў вызвалі ў міліцыю. Мне ў пратаколе напісалі, што прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве! Я ў шоку! — абураецца суразмоўца.

Аліна кажа, што ў графе сведак нават нікога не напісалі. Яна спрабавала абскарджваць гэты пратакол у міліцыі. Там жа сказалі, што зафіксавалі яе на ўсіх відэакамерах Смаргоні. У міліцыі Аліне далі паглядзець усе перапіскі ў тэлеграм-чатах, паказалі здымак, на якім ёсць і яна.

— Я не думала, што забаронена выкладваць у інтэрнэт фота раварыстаў. А гэты артыкул 23.34 — 30 базавых ці арышт! Мы ўсе цяпер чакаем суд.

Аліна ўспамінае, у некаторых людзей забралі мабільныя тэлефоны. У мужчыны быў звычайны, кнопачны тэлефон — такі не бралі. У Аліны тэлефон з сабой не было.

Жанчына захадзіла некалькі дзён таму на працу. Там ёй сказалі, што ліст з міліцыі ўжо прыйшоў.

— Не было суда, можа там не знойдуць ніякага злачынства, а паперка ўжо прыйшла на працу. Як гэта?

Праз два дні ля парку стаяў аўтазак, патрулявалі амапаўцы

Аляксандр Паплаўскі распавёў «РГ», што сапраўды 14 ліпеня людзі збіраліся на велапрабег у Смаргоні.

— Сабраліся разам правесці час. А праз некалькі дзён усіх затрымалі, прывялі ў РАУС. Там склалі пратакол, апыталі.

Аляксандр таксама ўспамінае, што 14 ліпеня машына ДАІ суправаджала раварыстаў, але ніякіх заўваг ад супрацоўнікаў міліцыі не было.

Паплаўскі распавёў, што 16 ліпеня супрацоўнікі смаргонскай міліцыі затрымалі раварыстаў, калі тыя каталіся па горадзе. У той дзень парк патрулявалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, а таксама ля месца стаяў аўтазак. Раварыстаў суправадзілі ў пастарунак, правялі гутарку і адпусцілі без складання пратаколаў.

Пратакол Аляксандра Паплаўскага.

22 ліпеня Аляксандр атрымаў ліст ад міліцыі поштай, але прыйшоў туды толькі 24 ліпеня, таму што яго судзілі ў Мінску за чаргу ля symbal.by. Хлопец падзяліўся з карэспандэнтам пасля паходу ў міліцыю, што на яго склалі пратакол па ч. 1 арт. 23.34. Ён падпісаў яго са сваімі заўвагамі. У графах пацярпелых і сведак ніякай інфармацыі ў пратаколе няма.

Цяпер усе сямёра чакаюць суду. Яны не ведаюць, калі той адбудзецца, але разважаюць, што бліжэй да выбараў. «РГ» сочыць за сітуацыяй.

• Текст доступен на языке: Русский