Фота Настассі Уткінай.

Некалькі апошніх месяцаў змянілі многія сферы праз каронавірус. Як пандэмія адбілася на рынку райспажыўтаварыства? Пра гэта мы запыталіся ў прадаўцоў у суботні базарны дзень.

Большасць наведнікаў на базары была без масак. Каля некаторых павільёнаў збіралася чарга, а некаторыя гандлёвыя месцы былі пустыя. Прадаўцы не хацелі называцца, а вось ананімна дзяліліся, як у іх складваецца гандаль апошнія месяцы. І сітуацыя ва ўсіх розная, усё залежыць ад тавару.

Па мясе і рыбе розніцы не адчулі

У павільёне з сырым мясам адзначылі, што пакупнікоў асабліва менш не стала. На думку прадаўца, справа ў тым, што тут якаснае мяса. Цэны на прадукцыю не мянялі, а сярод пакупнікоў шмат пастаянных.

Жывога карпа з Маладзечаншчыны прадаюць па 5,20 і 4,50 рубля. Кажуць, што за выхадны збіраецца каля 30 пакупнікоў, пераважна купляюць па адной рыбіне. Прыкладна такія ж продажы былі і да эпідэміі каронавіруса.

Вінаваты не толькі каронавірус

У павільёне №25 аддзела садавіны і гародніны часта збіраюцца чэргі. Прадавец расказвае, што за апошнія месяцы пакупнікоў стала прыходзіць менш на працэнтаў 20. Некаторыя радзей прыхо­дзяць, але бяруць адразу больш тавараў. Выручка зменшылася, але абвінавач­ваць у гэтым адзін каронавірус не бяруцца. Мяркуюць, што частка пакупнікоў паступова пераходзіць у магазіны. Так адно накладваецца на другое, а ў выніку базар губляе пакупнікоў.

У аддзеле сельскагаспадарчай прадукцыі, дзе можна набыць дамашняе малако і малочныя тавары, таксама заўважылі спад. Сталі радзей прыходзіць пакупнікі ва ўзросце. Хтосьці з іх адпраўляе на закупы дзяцей. А яшчэ летам спад з-за лецішчаў. Некаторыя людзі ва ўзросце цёплую частку года праводзяць у вясковых дамах, а як пахаладае – едуць зімаваць да дзяцей у горад.

У сектары адзення і прамысловых тавараў нам сказалі, што няма ні выручкі, ні пакупнікоў. Калі яшчэ ў выхадныя трохі людзей ёсць, то ў будні хоць на працу не выходзь. Але звязваюць гэта не столькі са страхам захварэць, колькі з эканамічным становішчам.

– У людзей няма грошай, вельмі нізкія зарплаты. Эканоміка пагоршылася ў тым ліку з-за каронавіруса.

Гандлёвае месца з бакалеяй і бытавымі таварамі з Польшчы і Расіі таксама прыцягвае менш пакупнікоў. Тут у асноўным бяруць каву, чай і спецыі. Адзначаюць, што ў будныя дні з’яўляюцца лічаныя пакупнікі.

На рынку райспажыўтаварыства ак­рамя прадуктаў і адзен­­ня можна набыць тавары для дому і рамонту. Гандляр павільёна з фарбамі адзначае, што сёлета найгоршае лета за апошнія пяць год яго працы.

– Выручка ўпала напалову. Пакупнікоў стала менш напалову. Прытым, што цэны паднялі на 10-15%. Бляшанка фарбы вагой 1,8 кілаграма летась каштавала 10 рублёў, у гэтым годзе 11,50. Цяпер хоць крыху пачалі займацца рамонтамі, бяруць матэрыялы. Многія баяцца траціць грошы, некаторыя губляюць працу. Гэты спад не з-за самога каронавіруса, а з-за эканамічнай сітуацыі, якая ўзнікла з-за каронавіруса.