Фота Настассі УТКІНАЙ.

Аляксандра Паплаўскага затрымалі ля крамы symbal.by 23 чэрвеня cупрацоўнікі АМАП. Разам з ім узялі яшчэ дзевяць чалавек. Тады людзі стаялі ля крамы ў чарзе, каб набыць тавары, таму што яе збіраліся зачыніць.

Аляксандр Паплаўскі вучыўся на праграміста, цяпер не працуе. Ён родам з Вішнева, што на Смаргоншчыне. У Мінску 23 чэрвеня быў каля крамы symbal.by, каб купіць тавар з нацынальнай беларускай сімволікай.

Мужчына ўзгадвае, што людзей з чаргі каля крамы затрымлівалі два разы. У першы раз супрацоўнікі АМАП затрымалі чатырох чалавек, а ў другі раз узялі Аляксандра і іншых.

— Ніякіх лозунгаў не было, нічога такога не было, — дзеліцца Аляксандр.

Паплаўскага закінулі ў аўтазак. Унутры казалі ўсім замаўчаць.

— У аўтазаку быў чалавек, які хацеў высветліць, што адбываецца. Але яго пасадзілі на пол, ударылі па твары.

У Савецкім РУУС трымалі каля чатырох гадзін. Людзі да апошняга моманту не ведалі, які пратакол на іх складуць міліцыянеры.

— Папрасілі распісацца. У пастарунку было ўсё зразумела, маўляў, усе робяць сваю справу. Ім загадалі – яны робяць. Такая абстаноўка, што ўсе ўсё разумеюць, чаму гэта робіцца.

Пасля апоўначы, калі падпісалі пратаколы, іх адпусцілі з міліцыі.

Аляксандр даведаўся толькі за некалькі дзён, што людзей, якіх затрымалі каля крамы, збіраюцца судзіць. Судовыя разбіральніцтвы прайшлі 23 ліпеня, праз месяц пасля затрымання. Некаторым позвы прыйшлі па пошце, некаторым тэлефанавалі. Асабіста Аляксандру прыйшла позва 22 ліпеня.

Аляксандр у судзе.

Справу Аляксандра разбіралі ў судзе Савецкага раёна. Там жа судзілі ўсяго пяць чалавек з чаргі да symbal.by. Яшчэ адну пяцёрку затрыманых судзілі ў іншым судзе Мінска.

Артыкулы, якія, на погляд супрацоўнікаў АМАП, парушылі людзі — 23.34 і 23.4. Гэта артыкулы за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і супраціўленне службовым асобам.

Аляксандр здымаў сваё затрыманне на камеру, але нікому не далі магчымасці дадаць відэа з месца падзей у судовую справу.

— Падчас пасяджэння хадайнічаў, каб разглядзелі відэазапіс з маім затрыманнем. Суддзя Воўк адхіліў па прычыне, што гэта відэа не прайшло экспертызу. Спытаў, чаму гэты запіс не дадалі ў справу раней. Наколькі мне вядома, у судах відэа даюць глядзець без экспертызы.

Відэа Аляксандра Паплаўскага, якія ён здымаў каля symbal.by.

Па справе сведкамі былі два супрацоўнікі міліцыі — Ігар Цярпіцкі і Раман Пятровіч. Яны праходзілі сведкамі таксама і па справах іншых затрыманых ля крамы. Яны сцвярджалі, што затрыманыя скандавалі лозунгі «Стоп таракан», «Сыходзь».

— Я пра гэты момант не сказаў на судзе, але атрымліваецца, што гэтыя два чалавекі — Цярпіцкі і Пятровіч — усіх людзей тады затрымалі?

Чаргу ля symbal.by запісвалі ў жывым эфіры супрацоўнікі крамы. Яны знялі момант сваркі — кіроўца наехаў на людзей у чарзе. Потым афіцыйны прадстаўнік мінскай міліцыі Наталля Ганусевіч дасць каментарый, што з-за гэтага інцыдэнту і прыехаў аўтазак з АМАПам.

Аляксандр лічыць, што паказанні сведкаў моцна адрозніваліся.

— Я спытаўся ў іх, што рабіў падчас затрымання. Адзін сказаў, што я ўцякаў. А другі кажа, што стаяў на месцы.

Аляксандр удакладніў, ці прадстаўляліся супрацоўнікі і тлумачылі прычыну затрымання. Адзін са сведкаў сказаў, што прадстаўляліся і тлумачылі, калі да яго падыйшлі. Іншы сведка сказаў, што зрабілі гэта толькі пасля затрымання.

— У другога сведкі запытаўся, я стаяў альбо ўцякаў. Суддзя спыніў мяне і сказаў, што гэта не мае ніякага дачынення да справы.

Аляксандру далі штраф — 4 базавыя вялічыні. Дзве з іх — за ўдзел у масавым мерапрыемстве, дзве — за супраціўленне.

— Цалкам адназначнае меркаванне аб гэтай сітуацыі. Тое, што зараз адбываецца на фоне выбараў, грамадства гэтым цікавіцца. Грамадства разумее, што адбываецца бязладдзе на ўсіх франтах. Грамадства хоча выказаць сваю нязгоду. Нас спрабуюць запалохваць, затрымліваць усіх запар. Нам пасылаюць сігнал, каб мы сядзелі дома і ніхто нікуды не выходзіў.

— А вы самі баіцеся?

— Канешне, не. Я не баюся. Самае страшнае, што могуць зрабіць — даць суткі. Але гэта не так страшна, як тое, што можа адбыцца ў нашай краіне. Калі замоўкнем, то нас чакаюць рэчы несувымерна страшней. Суткі — гэта абсалютна не страшна, калі ёсць такая падтрымка. У Лідзе фельдшара звольнілі, а людзі сабралі яму некалькі тысяч долараў. Можна сказаць, што нашыя людзі становяцца маленькімі героямі, разумеюць і падтрымліваюць.

• Текст доступен на языке: Русский