Сям’я Калачыкаў: Уладзімір і Лідзія з сынамі Валодзем (старэйшы) і Ігарам. 1966 год.

З-за сваёй працы Уладзімір Калачык мала бываў дома, але на дзяцей уплываў істотна. Заўсёды рана падымаўся. Гэта звычка была ад жыцця за польскім часам, калі людзі мелі ўсё сваё і працавалі на ўласнай гаспадарцы без прымусу. А аднойчы ён, старшыня калгаса, сарваўся з чарнаморскага курорта, бо ў гаспадарку ехала праверка.

У 90-годдзе Героя Сацыялістычнай Працы пра старшыню калгаса «Светлы шлях» у Закавічах, двойчы дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, двойчы дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, першага Ганаровага грамадзяніна Маладзечаншчыны Уладзіміра Калачыка нам расказаў яго сын, таксама Уладзімір .

Як юны Уладзімір Калачык быў і за бацьку, і за маці малодшым

– Шмат чаго яшчэ хацеў у бацькі распытаць пра яго час і яго жыццё. Ды ведаеце, як часта бывае: збіраўся збіраўся і не сабраўся. А цяпер ужо позна, – пачынае Уладзімір Уладзіміравіч. – Людзі ў тыя часы шмат перажылі. Былі свае складанасці і пры паляках, і пры саветах.

Суразмоўца расказвае, што яшчэ падлеткам бацька застаўся сіратой. У 1943 годзе памерла маці, праз пару год – бацька. Старэйшы Уладзімір клапаціўся пра траіх малодшых – двух братоў і сястрычку. У родных Мароськах дзецям, як маглі, дапамагалі блізкія і далёкія сваякі. Хлопец паспеў павучыцца ў польскай школе, шмат займаўся самастойна.

– Польскую мову, вывучаную ў школьныя гады, бацька добра ведаў усё жыццё. Гэта спатрэбілася падчас замежных паездак. Варта было яму крыху пабыць сярод палякаў – і ён пачынаў гаварыць на добрай размоўнай польскай, – прыгадвае Уладзімір Уладзіміравіч.

Расказвае, што прага да ведаў у бацькі была заўсёды. Вучыўся ў Ашмянскай сельгасшколе, пасля – у школе кіраўнікоў сельскай гаспадаркі ў Гродне, Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, у аспірантуры. Атрымаўшы нейкі са сваіх дыпломаў, бацька амаль плакаў ад шчасця, прыгадвае сын.

Рана прачынацца прывык яшчэ пры паляках

Пасля вайны ў Мароськах засталося толькі 150 хат. Астатнія спалілі немцы. Як пачалася калектывізацыя, Калачыкі ўступілі ў калгас. Уладзіміра абралі ўчотчыкам, пасля брыгадзірам, а потым і старшынёй роднага калгаса.

У другой палове 1950-х па прапанове Сяргея Прытыцкага Уладзімір Калачык ужо ўзначальвае калгас «Светлы шлях» у Заскавічах.

– У калгасе бацька працаваў разам з мамай. Яна была эканамістам. Штодзень бацька ўставаў вельмі рана і – на працу, аб’язджаць палі. Дамоў прыходзіў позна ўвечары. Рана падымацца прывык яшчэ пры паляках. Тады, пры Польшчы, яго сям’я мела нядрэнную серадняцкую гаспадарку. І людзей ніхто не гнаў працаваць. Яны рана падымаліся, ішлі і працавалі самі, бо ведалі – працуюць на сваім, – працягвае Уладзімір Уладзіміравіч.

Герой сацыялістычнай працы ва ўласным кабінеце. 1966 год.

Кажа, абрывачна бацьку памятае гадоў з пяці. З сям’ёй з-за працы старшыня калгаса часу праводзіў зусім мала. Праўда, часам браў маленькага сына з сабой у машыну, і яны разам аб’язджалі палі. Глядзелі, як сеялі, як збіралі ўраджай.

Як сарвалася адзіная сямейная паездка на мора

Сямейныя паездкі былі вельмі рэдкія. Толькі калі заканчвалася ўборачная, старшыня мог з’ездзіць куды небудзь адпачыць з жонкай.

– А на Чорнае мора ўсёй сям’ёй – я, малодшы брат і бацькі – ездзілі толькі адзін раз. Крыху паспелі пабыць. І тут бацьку паведамляюць, што ў калгас едзе нейкая праверка. Мусілі кінуць адпачынак, садзіцца на самалёт і вяртацца ў Заскавічы, – працягвае суразмоўца.

І ўсё ж, нават мала бываючы дома, бацька аказваў значны ўплыў на дзяцей. У камандзіроўкі ў Маскву, Канаду, Польшчу, Манголію, Германію заўсёды браў з сабой фотаапарат. Шмат здымаў, а потым паказваў і расказваў сынам.

У замежных паездках часта набываў для хлопчыкаў пазнавальныя кнігі і часопісы, якіх у СССР было не знайсці. Гэта вельмі развівала, перакананы Уладзімір Уладзіміравіч.

Яшчэ ён прыгадвае, што ў бацькі была тэлефонная кніжка з нумарамі савецкіх артыстаў.

Пабудаваў школу, лазню, рэстаран

– Старшыня калгаса шмат зрабіў для вёскі. Пры ім у Заскавічах пабудавалі новую школу, домікі для настаўнікаў, якія прыязджалі на працу. Былі тут і лазня, і рэстаран. У 1973 годзе пабудавала новы дом і наша сям’я. Нарэшце перайшлі з найманай кватэры. Тады ўласны дом падаваўся вельмі добрым. Але на цяперашні час ён самы звычайны, – прыгадвае суразмоўца.

Старшыня калгаса з дэлегацыяй з Галандыі.

У новай школе, пабудаванай дзякуючы бацьку-старшыні, вучыліся абодва сыны Калачыкаў. Але, па словах суразмоўцы, ніякіх асаблівых ільгот старшынёвым хлопцам настаўнікі не рабілі:

– Наадварот, педагогі часта маглі патэлефанаваць маме і расказаць, калі ў нас былі нейкія праблемы ў школе. Педагагічны калектыў у школе быў добры, прафесійны.

Ды і самі хлопцы стараліся вучыцца. Ведалі: пасля школы трэба абавязкова паступаць далей.

Праўда, па шляху бацькі ніхто з сыноў не пайшоў.

Напрыклад, мой суразмоўца добра маляваў, таму атрымаў спецыяльнасць архітэктара ў Беларускай політэхнічнай акадэміі (цяпер БНТУ).

– Бацька неяк і сказаў на адным са сходаў работнікаў сельскай гаспадаркі, што вось мы працуем, а па нашых шляхах, у сельскую гаспадарку, моладзь ісці не хоча. Але тым не менш, шматлікія супрацоўнікі сельскай гаспадаркі Маладзечаншчыны – гэта людзі, якія прайшлі бацькаву школу.

Уладзімір Калачык з работніцамі калгаса.

Уладзімір Уладзіміравіч адзначае: бацьку шанцавала ў жыцці на добрых людзей, якія яму давяралі, вылучалі на розныя пасады. І ў той жа час Уладзімір Калачык стараннай працай апраўдваў іх давер. Як толькі дзякуючы чарговаму высокаму званню старшыня калгаса атрымліваў нейкія магчымасці, ён стараўся іх выкарыстаць. Але не для сябе. Для іншых і для калгаса, якім кіраваў больш за 30 год.

Даведка «РГ»

Уладзімір Міхайлавіч Калачык (24 ліпеня 1930 года, вёска Мароські – 20 сакавіка 2020 года,вёска Заскавічы), старшыня калгаса «Светлы шлях» Маладзечанскага раёна, кандыдат эканамічных навук, Герой Сацыялістычнай Працы (1966). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР шостага склікання. Народны дэпутат СССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР.

2010 год. Уладзімір Калачык з жонкай падчас 80-гадовага юбілею.

Нарадзіўся ў 1930 годзе ў сялянскай сям’і. Шмат вучыўся. У 1957 годзе абраны старшынёй калгаса «Светлы шлях» Маладзечанскага раёна. Вывеў калгас у лік перадавых сельспрадпрыемстваў Мінскай вобласці.Калгас стаў мільянерам і ў 1976 годзе быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 красавіка 1966 года за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак бульбы,гародніны і пладоў, уганараваны званнем Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

У 1974 годзе абараніў дысертацыю на суісканне навуковай ступені кандыдата эканамічных навук. Ад 1988 да 1990 года – генеральны дырэктар агракамбіната «Маладзечанскі». У 1990 годзе выйшаў на пенсію. Жыў у Заскавічах.

Архіўныя фотаздымкі ўзятыя з сайта Радыё Свабода. 

• Текст доступен на языке: Русский