
Сёлета праз пандэмію каронавіруса ўсе выпускнікі рэгіёна засталіся без традыцыйных раённых свят. З захаваннем мер бяспекі атэстаты большасці хлопцаў і дзяўчат уручылі проста на школьным двары ва ўрачыстай абстаноўцы. Таксама ва ўсіх школах рэгіёна адмянілі летнюю практыку.
Які яшчэ ўплыў пандэміі адчула на сябе школа ў летні час?
Без масавых мерапрыемстваў, але з рамонтам
– Як і ўсюды, у нас не было летняй практыкі і вялікіх масавых мерапрыемстваў, – расказаў дырэктар Ільянскай сярэдняй школы імя Грымаця Ігар Юшко. – Ва ўрачыстай абстаноўцы з захаваннем мер бяспекі, без вялікага натоўпу народу ўручылі выпускнікам атэстаты.
Па словах дырэктара, летам у школе настаўнік займаўся падрыхтоўкай да першага класа з дзецьмі, якія сёлета прыйдуць вучыцца. Але так тут працуюць толькі з дзецьмі, якія не хадзілі ў дзіцячы садок. А такіх меншасць. Таму заняткі былі амаль што індывідуальныя, адзначае дырэктар.
Звычайныя летнія справы – рамонт і падрыхтоўка памяшканняў да новага навучальнага года – тут ідуць,як заўсёды. Але падчас
працы стараюцца не забываць пра маскі і іншыя сродкі засцярогі.
А вось летніка з дзённым наведваннем, які заўсёды ладзілі ў чэрвені, сёлета ў Ільі не было.
– Ахвотных было зусім мала, таму летнік у школе мы адмянілі. Ведаю, што ў іншых школах Вілейшчыны летнікі былі. Працуе таксама і кругласутачны лагер для школьнікаў «Казка». Але з захаваннем усіх мер бяспекі і па скарочанай праграме, – падсумаваў Ігар Аляксандравіч.
Як працавалі летнікі ў школах
Як паведамілі ў аддзелах адукацыі рэгіёна, у шматлікіх школах летнікі ў чэрвені былі.З-за пандэміі ў іх не праводзілі выязныя мерапрыемствы, не запрашалі ў школу старонніх людзей з майстар-класамі і імпрэзамі. Педагогі сачылі за тым, каб дзеці сумленна выконвалі меры эпідэміялагічнай бяспекі.
Мы пагутарылі з маладзечанкай Марыяй, дачка-першакласніца якой наведвала такі летнік у маладзечанскай сярэдняй школе №14.
– Па сваёй працы муж рэдка бывае дома, я таксама ў чэрвені яшчэ працавала штодзень з 8:00 да 17:00. І бабулі нашы, хоць на пенсіі, але працуюць. Глядзець у гэты час за дачкой няма каму. А пакідаць на ўвесь дзень сямігадовае дзіця адно дома – не выйсце, – тлумачыць жанчына.
– У школьным лагеры нам спадабалася. Так, сёлета не хадзілі ў кіно, у тэатр, у парк, але педагогі шмат чаго цікавага ладзілі для дзяцей у школе.
• Текст доступен на языке: Русский