Палітолаг Юры Дракахруст распавёў для TUT.BY, як выглядае сярэднестатыстычны выбаршчык Аляксандра Лукашэнкі на аснове дадзеных Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Пол

З графіку відаць, што доля жанчын сярод прыхільнікаў Лукашэнкі прыкметна вышэй, чым сярод насельніцтва, якое мае права голасу. Гэтая доля вагалася ад апытання да апытання, але можна канстатаваць некаторы рост гэтай долі на працягу 12 гадоў.

Прыведзены графік не пацвярджае, што выбаршчыкі Лукашэнкі гэта галоўным чынам жанчыны, але відавочна, што доля жанчын сярод гатовых галасаваць за яго істотна вышэй, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым.

Месца жыхарства

У 2005−2011 годзе доля гараджан сярод прыхільнікаў Лукашэнкі была прыкметна ніжэй, чым сярод дарослага насельніцтва ў час перапісу 2009 годзе. Пасля гэтага назіраўся рост долі гараджан, хоць яна ўсё роўна была ніжэй, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым.

За 12 гадоў даследаванняў размеркаванне насельніцтва па месцы змянілася. Калі паводле дадзеных Белстату ў 2005 годзе доля гараджан сярод усяго насельніцтва складала 70.8%, то ў 2016 годзе яна павялічылася да 77.6% (рост амаль на 7 працэнтных пунктаў). Так што рост гараджан сярод прыхільнікаў Лукашэнкі тлумачыцца, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і тым, што доля гараджан вырасла сярод усяго насельніцтва краіны.

І зноў жа: за Лукашэнку галоўным чынам не вёска. Большасьць сярод яго прыхільнікаў — гараджане. Але праўда, што доля сялян сярод яго электарату вышэй, чым у сярэднім па краіне прыкладна на 7 працэнтных пунктаў.

Узрост

Доля моладзі сярод  прыхільнікаў Лукашэнкі прыкладна ў паўтара разы менш, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым, доля людзей сталага веку (60 гадоў і старэй) у паўтара разы (у некаторыя гады — у два разы) вышэй, чым іх доля сярод насельніцтва, якое мае права голасу.

На працягу 12 гадоў можна заўважыць невялікую тэндэнцыю да росту долі моладзі сярод гатовых галасаваць за Лукашэнку, але яна ўсё роўна істотна менш, чым доля маладых людзей ва ўсім насельніцтве.

Адукацыя

Адукацыя — адзін з самых моцных фактараў, які абумоўлівае гатоўнасць галасаваць за Лукашэнку. Сярод яго прыхільнікаў доля людзей з адносна нізкай адукацыяй (без адукацыі + пачатковая адукацыя + базавая адукацыя) удвая (у некаторыя гады — утрая) вышэй, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым.

З іншага боку, доля асоб з вышэйшай адукацыяй сярод гатовых галасаваць за Лукашэнку істотна ніжэй, чым сярод дарослага насельніцтва ў цэлым, пры гэтым за 12 гадоў адбыўся некаторы рост долі высокаадукаваных сярод электарату прэзыдэнта.

* * *

Сацыяльна-дэмаграфічная структура электарату Лукашэнкі істотна адрозніваецца ад гэтай структуры ўсяго дарослага насельніцтва: сярод прыхільнікаў Лукашэнкі крыху вышэй долі жанчын і вяскоўцаў, і вельмі істотна вышэй долі людзей сталага веку і адносна нізкай адукацыі.

Гэтыя структурныя асаблівасці аказваліся больш устойлівымі, чым сам па сабе рэйтынг Лукашэнкі. Яго рэйтынг за гэтыя 12 гадоў мяняўся больш істотна, чым структура яго электарату.

Можна меркаваць, што і на выбарах гэтага году яна застанецца прыкладна тым жа.