Валожынская міліцыя на аўтадарозе паблізу вёскі Чартавічы заўважыла аўтамашыну «Газель», нагружаную рулонамі сена. Участковы інспектар міліцыі аператыўна даведаўся, што сена вагой некалькі сотняў кілаграмаў належыць сельгаспрадпрыемству «Сакаўшчына-Агра» і выкрадзена з поля ля вёскі Пруднікі.

35-гадовы мясцовы жыхар з дапамогай дошак закаціў цяжкія рулоны ў кузаў, прыкрыўшы іх тэнтам. Матэрыяльны ўрон прадпрыемству склаў 105 рублёў. Выкрадзенае сена канфіскавалі, а правапарушальніка чакае штраф у памеры да трыццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Паводле інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама Андрэя Амбражэя, з першай дэкады ліпеня службай участковых інспектараў міліцыі вобласці мерапрыемствы па выяўленні правапарушэнняў у аб’ектах аграпрамысловага комплексу праводзяцца ў кругласутачным рэжыме. Праца скончыцца толькі пасля поўнага заканчэння ўборачных і нарыхтоўчых работ. Факты крадзяжу сельгаспрадукцыі і іншых таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў выяўлены практычна ва ўсіх рэгіёнах Мінскай вобласці.