Фота Юрыя ГОРЫДА, instagram.com/goridphoto.

На пачатку ліпеня ў Астраўцы адкрылі помнік мурамскім святым Пятру і Фяўронні. «РГ» разбіралася, чаму ў Астраўцы паставілі помнік святым, якія, адпаведна паданню, жылі ў тысячы кіламетрах ад беларускага горада. А таксама расказваем, каго з беларускіх дзеячаў на Астравеччыне яшчэ не ўшанавалі.

Хто такія Пётр і Фяўроння?

Князь Пётр і Фяўроння ў летапісах не ўпамінаюцца. Гэта не значыць, што іх не існавала, але ў пісьмовых крыніцах згадак няма. У «Вялікай энцыклапедыі рускага народа» імя Пятра Мурамскага атаясамліваюць з князем Давідам Юр’евічам, некаторыя – з сынам Давіда.

Адзіная крыніца інфармацыі пра гэтых святых – «Аповесць аб Пятру і Фяўронні». Яна датаваная канцом 1540-х гадоў. У 1547 годзе царкоўны сабор кананізаваў іх у якасці мясцовашанаваных, значыць, у рамках асобнай епархіі. Дзень памяці – 8 ліпеня. Помнікі святым устанаўліваюць ад 2009 года ў рамках расійскай нацыянальнай праграмы.

Мэтай помнікаў з’яўляецца «стварэнне станоўчага вобразу сямейных каштоўнасцей, верных і нявінных адносін, любові і адданасці ў шлюбе, нараджэнне і выхаванне дзяцей у духу любові да радзімы». Мяркуецца, што помнікі Пятру і Фяўронні будуць наведваць вясельныя працэсіі.

Што напісалі ў іх Жыціе?

Жыціе пачынаецца з перадгісторыі пра брата Пятра Паўла ў Мураме. Жонку князя Паўла спакушаў д’ябал, а Пётр забіў яго, але сам пацярпеў. Ад крыві д’ябла яго скура пакрылася язвамі. Пётр паехаў у Разань, каб вылечыцца. Каля Разані яго пасыльны сустрэў дзяўчыну Фяўронню, якая пасля вылечыла Пятра. Узамен на лячэнне Пётр ажаніўся з Фяўронняй.

Напачатку Пётр і Фяўроння шчасліва жылі ў Мураме, аднак жонкам мясцовых баяр Фяўроння не падабалася. Яны падгаварылі мужоў, каб тыя папрасілі Пятра звезці Фяўронню. Князь пагадзіўся з’ехаць толькі з жонкай, таму пакінуў Мурам баярам. Прайшоў час, баяры самі папрасілі Пятра і Фяўронню вярнуцца ў Мурам на княжанне, таму што без князя горад прыйшоў у заняпад.

Хто і чаму паставіў гэты помнік

Помнік мурамскім святым паставіла карпарацыя «РосэнергаАтам». Яна будуе атамную электрастанцыю ў Астраўцы, а ў мінулым годзе зрабіла для горада баскетбольную пляцоўку.

Помнік адкрылі 10 ліпеня старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук і протаіерэй Георгі Савіцкі. Па іх словах, якія прыводзіць мясцовая раённая газета, помнік гэтым святым ужо даўно чакалі ў Астраўцы.

Тальчук распавяла, што мурамскія святыя – гэта сімвал шлюбу. Савіцкі сказаў, што помнік з’явіўся толькі дзякуючы рускай кампаніі.

Каму на Астравеччыне можна паставіць помнік

Краязнаўца Алесь Юркойць займаўся вывучэннем астравецкага рэгіёна і нават устанавіў помнікі на гэтай зямлі. У вёсцы Слабодка паставіў помнік паўстанцам да юбілею паўстання Каліноўскага. Таксама Юркойць арганізаваў касінерскі фэст у гонар паўстання 1863-1864 гадоў.

Юркойць таксама быў стваральнікам краязнаўчай суполкі Астравеччыны «Вільняр». Ён запрасіў на летнік беларускіх і замежных скульптараў, каб тыя стварылі ў Астраўцы арыгінальныя кампазіцыі.

«РГ» паразмаўляла з журналістам і краязнаўцам Віктарам Шукеловічам пра вядомых людзей, у гонар якіх можна было б паставіць помнік на Астравеччыне.

Казімір Сваяк. Сапраўднае імя каталіцкага святара, асветніка і паэта – Канстанцін
Стаповіч. Ён працаваў у Клюшчанах, напісаў зборнік «Мая ліра», асобна выдаваліся шматлікія апавяданні. Пахаваны на Росах у Вільні.

Марына Сунігайлава. Марына была жонкай дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Сунігайлы. Згодна з генеалогіяй роду Сапегаў, Сунігайла быў сынам Пунігайлы і бацькам Сямёна Сапегі (родапачынальнік роду Сапегаў). Марына Сунігайла пасля смерці мужа дала сродкі на будаўніцтва касцёла ў Варнянах, а таксама займалася асветай на Астравеччыне.

Ягайла. Вялікі князь літоўскі і польскі кароль Ягайла пабудаваў касцёл у Быстрыцы ў 1390 годзе. Сярод заслуг Ягайлы можна назваць паспяховую «Вялікую вайну» 1409-1411 гадоў разам з Вітаўтам супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна.

Мар’ян Богуш-Шышка. Вядомы мастак і мастацтвазнаўца, які жыў пад Астраўцом у Тракеніках. Ён памёр у 1995 годзе ў Лондане, а ў Тракеніках засталася яго сядзіба.

• Текст доступен на языке: Русский