Андрэй Кудзік.

Вілейскага актывіста будуць судзіць на наступным тыдні.

Андрэю Кудзіку прышло паведамленне на мабільны тэлефон з выклікам у суд 3 жніўня. Артыкул 21.16 КоАП (Парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем).

Згодна з гэтым артыкулам парушальніка могуць аштрафаваць да 50 базавых велічынь.

21 ліпеня «Вясна» паведаміла, што на Андрэя Кудзіка склалі пратакол за тое, што ён «пад гучную музыку стукае невядомым прадметам па накрыўцы каструлі».

Пратакол па ч.1 арт. 21.16 КоАП (Парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем) быў складзены на падставе відэа, якое Кудзік нібыта размясціў у телеграме на канале «Вілейка для жыцця».

Мы звязаліся з Андрэем, каб той пракаментаваў сітуацыю.

— Складалі пратакол у ЖКГ. Мне там і сказалі, што мяне будуць судзіць. Я аж запытаўся, што мяне цэлы суддзя будзе судзіць! На мяне там два пратаколы склалі, то можа ў судзе іх аб’яднаюць. Цяпер у падвешаным стане, можна сказаць, у стрэсавым. Чакаю суд.

Па словах Кудзіка, ніхто з суседзяў не скардзіўся на гучную музыку. Пацярпелых і скаргаў таксама няма, акрамя пратакола ад ЖКГ.