Фота 5.ua.

Пра гэта нам паведаміў праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў.

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу жыхара Смаргоні на парушэнне Беларуссю трох артыкулаў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пры размяшчэнні жыхара Смаргоні Сяргея Цыркуновіча ў ЛПП.

Рашэннем суда Смаргонскага раёна ад 9 жніўня 2017 года жыхар Смаргоні Сяргей Цыркуновіч быў накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) тэрмінам на адзін год.

Гэта рашэнне ён абскардзіў у Гарадзенскім абласным судзе, але безвынікова. У сваім вызначэнні суд адзначыў, што нормы Міжнароднага Пакта ў дадзеным выпадку не парушаны.

Пасля 8-месячнага знаходжання ў ЛПП Сяргей Цыркуновіч быў датэрмінова вызвалены.

Пасля вызвалення ён накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, у якой абвінаваціў Рэспубліку Беларусь у мяркуемым парушэнні трох артыкулаў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пры размяшчэнні яго ў ЛПП. Гэта артыкул 7 (ніхто не павінен падвяргацца пыткам або жорсткаму, бесчалавечнаму або прыніжаючаму годнасць абыходжанню або пакаранню), артыкул 8 (ніхто не павінен утрымлівацца ў паднявольным стане і прымушацца да прымусовай або абавязковай працы), артыкул 9 (кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць).

Паводле паведамлення Камітэта ад 8 ліпеня 2020 года, скарга зарэгістравана і ёй нададзены нумар 3783/2020.

Пры гэтым Рэспубліцы Беларусь у сувязі з распаўсюдам каронавіруса прапанаваны падоўжаны тэрмін на выказванне пярэчанняў на скаргу: замест прадугледжаных працэдурай шасці месяцаў прадстаўлена восем.

• Текст доступен на языке: Русский