Фота Настассі УТКІНАЙ.

Пандэмія каронавіруса можа прыняць зацяжны характар, а яе эфекты могуць адчувацца на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў — заявіў кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус на пасяджэнні арганізацыі.

«Пандэмія — найбуйнейшы і беспрэцэдэнтны крызіс у галіне аховы здароўя, наступствы якога будуць адчувацца яшчэ доўгія дзесяцігоддзі, — заявіў Тэдрас Гебрэесус. — Многія краіны, якія думалі, што горшае ўжо ў мінулым, сёння сутыкаюцца з новымі ўспышкамі. Краіны, якія перажылі першыя тыдні пандэміі без сур’ёзных узрушэнняў, сёння адзначаюць у сябе рэзкі рост захворванняў і смяротнасці. Тыя краіны, якія ўжо сутыкнуліся з маштабнымі эпідэмічнымі ўспышкамі, змаглі ўзяць іх пад кантроль».

Ён пацвердзіў, што сітуацыя з каранавірусам працягвае заставацца міжнароднай надзвычайнай сітуацыяй у сферы аховы здароўя.

У заяве ад 1 жніўня паведамляецца, што надзвычайны камітэт СААЗ сабраўся, каб ацаніць сітуацыю праз шэсць месяцаў пасля таго, як успышка COVID-19 у Кітаі была абвешчаная міжнароднай надзвычайнай сітуацыяй у сферы аховы здароўя. Шэраг экспэртаў і палітыкаў пасля крытыкавалі СААЗ за занадта павольную, на іх думку, рэакцыю на разьвіццё эпідэміі. Кіраўнік СААЗ падкрэсліў, што надзвычайную сітуацыю абвясцілі ў момант, калі за межамі Кітая не памёр яшчэ ні адзін чалавек.

Цяпер колькасць ахвяр, паводле падлікаў інстытута Джонса Гопкінса, ва ўсім свеце перавысіла 680 тысяч, а колькасць інфікаваных набліжаецца да 18 мільёнаў. Пандэмія была абвешчаная ў пачатку сакавіка, калі вірус стаў хутка распаўсюджвацца ў Еўропе.

Карантынныя меры, уведзеныя ў большасці краін свету ў сакавіку, у маі-чэрвені моцна аслабілі пасля некаторага запаволення росту колькасці новых інфікаваных. У шэрагу краін, аднак, каронавірус апошні час пачаў зноў хутка распаўсюджвацца. Вяртаюцца і абмежаванні. Цяпер у шэрагу краін ідуць выпрабаванні вакцыны ад COVID-19.