Фота vk.com/bumerangdobramolo.

Дабрачынная арганізацыя «Бумеранг дабра» арганізавала акцыю ў падтрымку пяцігадовага Жэні Трубача з Маладзечна. 

Мэта праекта – сабраць грошы на рэабілітацыю хлопчыка. Усе сабраныя сродкі ідуць менавіта на гэта.

Што ўяўляе сабой кніга

Зборнік для творчасці «Мы ў справе» – гэта 80 старонак, гатовых для раздрукоўкі дома. Старонкі аптымізаваныя для эканоміі тонэра і фарбаў падчас друку. Тут вы знойдзеце лабірынты, рэбусы, крыжаванкі, лагічныя задачкі, расфарбоўкі і іншае.

Кніга для творчасці складзеная для дзяцей ад чатырох да васьмі год. Яна ўяўляе сабой камплект самых розных заданняў. Заданні склалі 23 аўтары з некалькіх краін, якія далучыліся да праекта. Усе заданні пададзеныя ў гульнявой форме. Яны трэніруюць лічэнне, логіку, пісьмо, знаёмяць з замежнымі мовамі і расшыраюць кругагляд. Заданні можна выконваць як з бацькамі, так і самастойна.

У кнізе ёсць блок заданняў ад «Рэгіянальнай газеты». Для тых, каму не хапае дзіцячых практыкаванняў на беларускай мове, яны стануць добрым дапаможнікам.

Мы падрыхтавалі сюрпрыз для тых, хто выканае заданні ад нас. Вы можаце не толькі паўдзельнічаць у дабрачыннай справе  і атрымаць развіваючую кнігу, але і атрымаць за гэта ўзнагароджанне. Дасылайце фотаздымкі выкананых заданняў ад «Рэгіянальнай газеты», а гэта тры практыкаванні на беларускай мове, на пошту regionnews@rh.by і выкладзіце ў інстаграм з адзнакай @rg_rhby да 30 верасня 2020 года. Аўтараў першых пяці работ, выкананых найбольш правільна, рэдакцыя адзначыць.

Як далучыцца да акцыі

Каб атрымаць кнігу, патрэбна зрабіць ахвяраванне на лячэнне Жэні. Аплаціць можна анлайн банкаўскай карткай на сайце bumerangdobra.by. Пасля таго, як вы паспяхова праведзяце плацеж, вам адкрыецца спасылка на кнігу.

Можна аплаціць праз АРІП наступным шляхам: АРІП  – Дабрачыннасць, грамадскія аб’яднанні – Дапамога дзецям, дарослым – Бумеранг дабра – Дабрачынныя ўнёскі – 10 рублёў. Квітанцыю аб аплаце высылайце на электронную скрыню bumerangdobramolo@mail.ru. У адказ вам вышлюць спасылку на скачванне зборніка.

Ёсць магчымасць атрымаць кнігў «Мы ў справе» ў раздрукаваным выглядзе. Яны ёсць у наяўнасці ў дзіцячым канструктарскім клубе «ЛЕГАЛЕ» ў гандлёвым цэнтры «Спадарожнік-2» па Вялікім Гасцінцы, 67-а на чацвёртым паверсе. Удакладняйце дэталі па тэлефоне (8-029) 823-23-53.

Жыхары іншых гарадоў Беларусі могуць заказаць раздрукаваную кнігу поштай. Для гэтага прайдзіце наступны шлях: АРІП – Дабрачыннасць, грамадскія аб’яднанні – Дапамога дзецям, дарослым – Бумеранг дабра – Дабрачынныя ўнёскі – 20 рублёў. Квітанцыю аб аплаце накіруйце на скрыню bumerangdobramolo@mail.ru. У лісце пазначце прозвішча, імя і імя па бацьку, нумар тэлефона і адрас.

Адзіны законны спосаб атрымаць кнігу – зрабіць ахвяраванне. Арганізатары заклікаюць паважаць працу аўтараў і не распаўсюджваць публікацыю. Камерцыйнае выкарыстанне кнігі забароненае.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Трубач Женя (@trubachzhenia)

Каму дапамагае праект

Дабрачынны праект дапамагае Жэні Трубачу з Маладзечна. Хлопчык нарадзіўся 20 сакавіка 2015 года. Яго дыягназ – наступствы ранняй арганічнай паразы ЦНС з дыфузнай цяглінавай гіпатаніяй. Частковая атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй, гарызантальны прыроджаны ністагм. Плоскавальгусныя сторы другой ступені.

Дапамога пойдзе на курс рэабілітацыі ў дзіцячай неўралагічнай клініцы ў Санкт-Пецярбурзе.

• Текст доступен на языке: Русский