4 жніўня пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта Беларусі. Карэспандэнт «РГ» схадзіла ў СШ №14, дзе знаходзяцца два выбарчыя ўчасткі. 

Дырэктарам СШ №14 з’яўляецца Каліна Капуцкая — давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі.

З дзвярэй школы выходзіць назіральнік ад прафсаюза РЭП.

— Мяне не ўключылі. Там ужо сядзяць тры назіральнікі. Наколькі ведаю, на ўчастках у Маладзечне нікому з незалежных назіральнікаў не дазволілі прысутнічаць.

У гэты ж час з будынка выходзяць малады чалавек і жанчына. Па словах назіральніка, яны першымі галасавалі на ўчастку. Пасля выйшла сталая жанчына:

— Прагаласавала, а падарунку не далі, — скардзіцца яна.

У школе №14 знаходзяцца два выбарчыя ўчасткі. Наш карэспандэнт схадзіў на ўчастак №27. На гэтым участку старшыня Алена Спецыян.

Кабінкі для галасавання на ўчастку №27 у Маладзечне.

Карэспандэнта зарэгістравалі ў журнале як прадстаўніка СМІ. Праз некалькі хвілін старшыня камісіі забараніла сфатаграфаваць урну. На пытанне журналіста, чаму старшыня не дазваляе гэта зрабіць, тая адказала, што забаронена заканадаўствам. Яна не ўдакладніла, які артыкул гэта забараняе. Дадала, што па тэлебачанні рэкамендавалі не фатаграфаваць на выбарчых участках.

* * *

У пункце 6.5 Зборніка метадычных матэрыялаў для ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь тлумачыцца, што прадстаўнікі СМІ не з’яўляюцца назіральнікамі, таму не акрэдытуюцца ўчастковай камісіяй. Аднак звесткі пра прадстаўнікоў СМІ, якія прысутнічаюць у памяшканні ўчастковай камісіі, заносяцца ў адпаведны журнал.

Прадстаўнікі СМІ маюць права прысутнічаць у памяшканнях для галасавання. Карэспандэнты нацыянальных СМІ, у тым ліку сеткавых інтэрнэт-выданняў, зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку, ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе службовага пасведчання журналіста, выдадзенага рэдакцыяй адпаведнага СМІ.

• Текст доступен на языке: Русский