Выраз “назіральнік на выбарах” знаёмы ўсім, але не кожны разумее, як назіранне выглядае знутры. Ці кожны можа стаць назіральнікам? Чаму для гэтага трэба навучыцца? З чым можна сутыкнуцца на ўчастку для галасавання?

Сёлета на гэтыя пытанні я адказваю для сябе ўпершыню. І хачу падзяліцца сваім досведам з чытачамі “Рэгіянальнай газеты”. Першая частка майго дзённіка прысвечаная падрыхтоўцы да назірання. Сваё імя і прозвішча пакуль патрымаю ў сакрэце, але ў другой часцы абавязкова назавуся.

1 чэрвеня 2020 года. Добры дзень, Выбарчы кодэкс!

Учора падалася ў назіральнікі. Зрабіла гэта адразу, як пабачыла, што адна з праваабарончых арганізацый абвяшчае набор. Зрабіла гэта амаль не думаўшы, хаця раней не мела ніякага досведу. Проста адчула, што сёлета не змагу глядзець сабе ў вочы ў люстэрка, калі не зраблю ўсё ад мяне магчымае, каб дапамагчы маёй краіне правесці вольныя выбары.

Нават калі яны па факце не будуць свабоднымі, я змагу сказаць – прынамсі, я спрабавала рабіць тое, што магла на сваім узроўні.

Шмат чула пра назіранне ад сяброў – некаторыя з іх нават ездзілі ў міжнародныя місіі. Адправіўшы анкету, напісала ім – як гэта? Што скажаце? І яны адказалі – малайчына, крута, гэта важны і цікавы досвед! Загрузіла на камп’ютар Выбарчы кодэкс і адчула, як мала ведала на тэму выбараў дагэтуль.

18 ліпеня 2020 года. Ці браць на ўчастак бінокль?

Прайшла анлайн курсы па назіранні. Эксперты па палічках расклалі, на што звяртаць увагу на датэрміновым галасаванні і ў асноўны дзень, што мы абавязаныя рабіць, а на што не маем права. Зразумела, што ніякія інструкцыі не могуць уключыць у сябе тыя сітуацыі, якія часам здараюцца на практыцы.

Напрыклад, папярэдзілі, што ў выбарчай камісіі можа быць непрадказальная рэакцыя на спробу зрабіць фота ці відэа. Выбарчае заканадаўства гэтага не забараняе, таму лагічна зрабіць выснову, што гэта дазволена. Але ЦВК часам інтэрпрэтуе норму па-свойму: калі нідзе не напісана, што здымка дазволеная, то яна забаронена.

Сказалі, што калі падчас падліку галасоў мы будзем бачыць толькі спіны чальцоў камісіі, то трэба іх абавязкова сфатаграфаваць – гэта найлепшая ілюстрацыя галоснасці і адкрытасці выбараў на канкрэтным участку. На пытанне “ці можна прыносіць на ўчастак бінокль?” эксперт адказаў – калі ласка, але наўрад ці ён вам дапаможа.

Папярэдзілі, што калі на нас будуць выклікаць міліцыю, каб мы не супраціўляліся, нават калі відавочна нічога не парушалі. “Калі вас папросяць выдаліцца – выдаліцеся”.

Папярэдзілі, што выбарчыя камісіі могуць “уваскрасіць” каронавірус і абмяжоўваць доступ назіральнікаў на участак. Таму рэкамендавалі рэгістравацца як мага хутчэй. Я ж пакуль не магу гэтага зрабіць, бо чакаю скіравання на канкрэтны ўчастак.

Дакумент зробяць праз пару тыдняў і пакуль перададуць у Маладзечна. Ёсць магчымасць зарэгістравацца ад грамадзян – для гэтага трэба сабраць мінімум дзесяць подпісаў ад людзей, якія прапісаныя на тэрыторыі канкрэтнага ўчастка. Але я вырашыла чакаць скіравання.

У першую чаргу таму, што хачу патрапіць на ўчастак у школу, якую скончыла. Хачу глядзець у вочы настаўнікам, што вучылі мяне, а цяпер сядзяць у камісіі.

Настаўнікаў нярэдка абвінавачваюць у тым, што яны спрыяюць фальсіфікацыям, і я хачу на свае вочы пабачыць, ці так гэта. І калі супрацьпраўныя рэчы сапраўды адбываюцца, то я маю надзею, што прысутнасць былой вучаніцы, якую яны памятаюць і ведаюць, прымусіць лішні раз задумацца.

19 ліпеня 2020 года. Нас становіцца ўсё болей

Ідэю ісці ў назіральнікі пачалі прасоўваць на платформе “Сумленныя людзі” і бачна, што гэта мае вялікі водгук. З’явілася інтэрактыўная карта, на якой можна пабачыць кожны з 5767 выбарчых участкаў і колькасць незалежных назіральнікаў на іх.

Мяне гэта вельмі цешыць – цяпер акрамя акрэдытаваных ад партый і арганізацый будуць назіральнікі ад грамадзян. Магчыма, і на маім участку нехта з’явіцца, і можна будзе скааперавацца на месцы. Назіранне становіцца модным! Бачу, што мае сябры з розных гарадоў ідуць збіраць подпісы, гэта натхняе!

22 ліпеня 2020 года. Уваскрашэнне каронавіруса

Раніца абрушыла на нас навіну –  старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына зацвердзіла пастанаўленне, паводле якога на выбарчым участку мае права знаходзіцца не болей за тры назіральнікі падчас датэрміновага галасавання і не болей за пяць назіральнікаў у асноўны дзень галасавання.

Юрысты адразу ж зазначылі – абмяжоўваць правы грамадзян можа толькі закон, а не пастанаўленне. Аднак чакана, што на практыцы пастанаўленне зраўняюць з законам.

“Рэгіструйцеся адразу ж, не чакайце скіраванні ад нас, хто можа – збірайце подпісы! Тады можа паспееце патрапіць у запаветную пяцёрку”, – парэкамендавалі праваабаронцы.

Мяне навіна страшэнна выбіла з каляіны, хаця падавалася, што я гатовая да любога павароту сюжэта. Узяўшы сябе ў рукі, раздрукавала бланк для збору подпісаў і вырашыла, што буду збіраць іх па месцы рэгістрацыі – там я хоць троху ведаю суседзяў, і гэта будзе псіхалагічна прасцей. Так, тады не патраплю ў родную школу, як хацела, але ці мае гэта значэнне цяпер?

22 ліпеня 2020 года. Збор подпісаў і якія ж крутыя мае суседзі!

Вядома, сярэдзіна працоўнага дня ў сераду – не лепшы час, каб заспець людзей дома. Большасці тых суседзяў, якіх хоць троху ведаю, не было. Давялося грукацца ва ўсе кватэры запар.

У чатах назіральнікаў начыталася, якая дзіўная можа быць рэакцыя ў людзей: хтосьці не падпісваецца, бо баіцца праблем на працы, хтосьці гаворыць “а толку, усё роўна нічога не зменіцца”.

Мне дадаў аптымізму першы напатканы сусед – хоць бачыла яго ўпершыню, адразу падпісаўся ў маім бланку. І далей пайшло-паляцела. Ніводны чалавек не адмовіў. Наадварот – людзі дзякавалі за смеласць і рашучасць, жадалі поспехаў на ўчастку, задавалі пытанні.

У адной кватэры ўвогуле запрасілі сесці за стол і падпісаліся ўсёй сям’ёй. У выніку назбірала болей за патрэбныя дзесяць подпісаў.

Адразу ж пайшла на ўчастак. Пасля кароткай кансультацыі па тэлефоне са старшынёй камісіі зарэгістравалі ў журнале.

Я аказалася восьмай у спісе. Перада мной – адзін назіральнік ад грамадзян і прадстаўнікі дзяржаўных партый і арганізацый. Ці будуць у мяне шансы патрапіць на ўчастак? Цяжка сказаць. Але я змагу прынамсі знаходзіцца каля яго і лічыць яўку, а таксама фатаграфаваць пратаколы камісіі. Хаця нават у гэтым няма ўпэўненасці.

3 жніўня 2020. Назіральніцкая гатоўнасць №1

На выбарчых участках пачалі з’яўляцца плакаты аб тым, што відэа і фотаздымка забароненая. Вядома, гэта парушэнне заканадаўства. Маіх матэматычных здольнасцяў ужо не хапае, каб лічыць усе парушэнні, якія адбыліся цягам сёлетняй выбарчай кампаніі. Але ж мы, назіральнікі, працягваем прытрымлівацца законаў і зробім усё ад нас магчымае.

Заўтра пачынаецца датэрміновае галасаванне і я іду на ўчастак. Атрымалася завочна пазнаёміцца з іншымі незалежнымі назіральнікамі з майго ўчастка. Падумалася, што цягам назірання завяду шмат новых знаёмстваў з класнымі людзьмі.

Раздрукавала ўсе магчымыя ўзоры скаргаў і зваротаў, вытрымкі з Выбарчага кодэкса і Канстытуцыі. Такой порцыі юрыдычных ведаў мой мозг не памятае з часоў школы. Не дарма сябры казалі, што назіранне – новы і цікавы досвед.

Што чакае мяне заўтра? Не бяруся прагназаваць, бо кожны дзень прыносіць  сюрпрызы. Пра тое, як прайшло для мяне назіранне за галасаваннем, распавяду наступным разам. Трымайце кулачкі, каб усё было добра!