Самыя высокія заробкі - на АЭС. Фота Настассі Уткінай.

Паводле інфармацыі Свабоды ад крыніц у «Росатоме», «фізычны» пуск Беларускай АЭС запланавалі на 7 жніўня, за два дні да выбараў прэзыдэнта.

— На гэтай урачыстасці будуць прысутнічаць дэлегацыі высокага ўзроўню і журналісты, запрошаныя выключна беларускім бокам. Беларускі ўрад арганізуе ўсё гэтае мерапрыемства, гэтым разам «Росатом» не зможа запрасіць прэсу са свайго боку.

«Росатом» будзе ладзіць так званы «энэргетычны» пуск станцыі прыблізна праз 90 дзён, тэарэтычна бліжэй да новага году», — паведамілі крыніцы ў кампаніі, але таксама дадалі, што ўдзел у гэтай імпрэзе будзе залежаць ад эпідэмічнай сытуацыі і згоды беларускіх уладаў.

«Росатом» працягвае працаваць паводле зацверджанай праграмы будаўніцтва і залежыць на кожным этапе ад прыёмкі беларускім бокам.

Афіцыйнага пацвярджэння даты «фізычнага пуску» Беларускай АЭС пакуль не мае ні кіраўніцтва «Росатома», ні дырэкцыя БелАЭС.

Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд у размове з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што «першы раз чуе пра такія планы». У маскоўскай штаб-кватэры «Росатома» таксама адзначылі, што на 7 жніўня ў іхным календары «нічога не запланавана».

Раней ішла размова пра пуск у першай дэкадзе жніўня.

• Текст доступен на языке: Русский