5 жніўня 1918 года бел-чырвона-белы сцяг быў зацверджаны Дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
14 мая1995 года адбыўся рэферэндум па чатырох пытаннях, прапанаваных Лукашэнкам. У выніку дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг замянілі на абноўлены сцяг БССР.
Некалькі фактаў пра бел-чырвона-белы сцяг
1410 год
Беларускія даследчыкі, браты Іван і Антон Луцкевічы, знайшлі ў адным з аль-кітабаў – беларускай кнізе, напісанай арабскім пісьмом – звесткі пра татарскую конніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасці бел-чырвона-белага палотнішча да выбітнага вялікага князя дзеячы нацыянальна-вызваленчага руху пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сцяг беларусаў
XVI стагоддзе.
У Вялікім Княстве Літоўскім вялікае пашырэнне атрымаў шляхецкі герб «Котвіч»: «у срэбным полі чырвоны пас» — выява бел-чырвона-белага сцяга.
1605 год
Пасля Люблінскай вуніі 1569 года рабіліся спробы стварыць аб’яднаны сцяг для Рэчы Паспалітай — аб’яднаных Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. У 1605 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт III Ваза пачаў выкарыстоўваць трохпалосны чырвона-бел-чырвоны сцяг, а крыху пазней зьявіўся бел-чырвона-бела-чырвоны сцяг.
XVI—XVIII стагоддзі
Беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай харугвай бел-чырвона-белага колеру з выявай па цэнтры паўмесяца і зоркі.
1812 год
У Дзяржаўным музеі Літвы ў Вільні захоўваецца значок 19-га палка ўланаў: Ашмянскі, Троцкі, Ковенскі, Гарадзенскі, Лідскі, Наваградскі, Слонімскі, Ваўкавыскі паветы.
1824—1825 гады
Галаўны ўбор палкоўніка Беларускага гусарскага палка.
1863 год
У час паўстання 1863—1864 гадоў, калі Кастусь Каліноўскі вярнуўся да герба «Пагоня», ёсць падставы меркаваць, што ён адрадзіў і бел-чырвона-белы сцяг: у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музеі захоўваецца трыкутны сцяжок тых часоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праведзена чырвоная паласа.
1909—1912 гады
Бел-чырвона-белымі стужкамі карыстаюцца сябры гурткоў дэмакратычнага беларускага студэнцтва ў Санкт-Пецярбургу (з успамінаў Я. Ф. Сушынскага).
1916 год
Сьцяг з бел-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі.
Люты 1917 год
Паводле шматлікіх сведчанняў, праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сцяга распрацаваў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзеяч Клаўдзі Дуж-Душэўскі не пазней за 1917 год.
10-13 сакавіка 1917 года
Бел-чырвона-белы сцяг стаў галоўным элементам падчас свята «Дзень беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Мінску. Сцягі, пашытыя паводле эскіза Клаўдзія Дуж-Душэўскага былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі.
5 жніўня 1917 года
На 1-й сесіі Беларускай цэнтральнай рады было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.
Снежань 1917 года
У Мінску пад бел-чырвона-белымі сцягамі пачаў працу Першы Усебеларускі кангрэс.
19 лютага 1918 года
Упершыню беларускі сцяг узняўся над будынкам губернатарскага палаца ў Мінску пасля выгнання бальшавікоў.
5 жніўня 1918 года
З’яўляецца дакумент, якім Сакратарыят БНР зацвярджае бел-чырвона-белы сцяг.
1918 год
Друкуюцца паштоўкі з дзяржаўнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі.
1919-1925 гады
У снежні 1918 года ў Мінск ізноў вярнулася савецкая ўлада, а ўрад БНР перабраўся ў 1919 годзе ў Вільню, дзе і працягваў функцыянаваць да 1925 года. Сьцяг Рады БНР 1920-1925 гадоў уяўляў сабой бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг, дапоўнены дзвюма вузкімі, верагодна, чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры.

1926 год
У перыяд ад 1924 па 1927 год БССР фактычна не мела свайго дзяржаўнага сцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канферэнцыі па рэформе беларускай мовы 1926 года, памяшканне будынка ў Мінску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца з пяцьцю бел-чырвона-белымі прамянямі.
1927 год
Бел-чырвона-белы сцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі.
1927-1930 гады
Выкарыстоўваўся сцяг і непалітычнымі арганізацыямі, такімі як, напрыклад, Таварыства беларускай школы.
1941-1944 гады
У Другую сусветную вайну бел-чырвона-белы сцяг разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнуў да ўжытку калабарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).

50-80-я гады XX стагоддзя
У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжой.
24 жніўня 1991 года
Дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сцяг у Вярхоўны Савет.
19 верасня 1991 года
Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назве нашай краіны. У адпаведнасці з гэтымі законамі краіна стала называцца Рэспублікай Беларусь і была ўведзеная новая дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»
Верасень 1991 года
Адразу пасля прыняцця закона «Аб дзяржаўных сімвалах» на Доме ўрада з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг, які загадзя прынеслі дэпутаты з БНФ.
20 ліпеня 1994 года
Пад бел-чырвона-белым сцягам адбылася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі.