Фота забяспечана Кацярынай Палонскай. Кацярына, Аляксандр і Ваня Палонскія на акцыі ў Познані.

Былая маладзечанка Кацярына Палонская расказала пра тое, як іх сям’я апынулася ў Польшчы і як палітычныя падзеі сённяшняй Беларусі адгукаюцца ў Познані.

Чаму з’ехалі ў Польшчу

Для пераезду не было нейкай канкртнай прычыны. Гэтае рашэнне з мужам Сашам выношвалі цягам некалькіх апошніх год. Да 2015 года сям’я жыла някепска, Аляксандр працаваў на латвійскае прадпрыемства. Атрымліваў добры заробак, меў перспектыву кар’ернага росту.

Але раптам дзяржава прыняла чарговае недарэчнае рашэнне, якое тычыцца еўрапейскіх арганізацый і прадпрыемстваў, каб зноў займець з іх грошай. Фірма зачынілася. У пошуках заробка муж пачаў мяняць працу адну за другой.

– Тут мы зразумелі, што наш запал, маладосць, амбіцыйнасць нікому ў гэтай краіне не патрэбныя, – дзеліцца Кацярына. – Табе хлусяць працадаўцы, а дзяржава ўсё глыбей забіраецца ў тваю кішэню. Але не дае нічога ўзамен. Мы стараліся, лезлі са скуры, каб зарабіць. Але грошай хапала толькі на асноўныя патрэбы: ежа, камуналка, садок для дзіцяці, бытавыя дробязі. Зусім крыху заставалася, каб выйсці адпачыць. Не гаворачы пра тое, каб выехаць.

«Дзяржава можа не толькі забіраць»

Муж паехаў у Польшчу на тры месяцы. Гэтага часу хапіла, каб зразумець, што ў суседняй краіне будзе лепш. Палонскія жывуць у Познані дзесяць месяцаў – Каця, Саша і іх сын Ваня.

– Тут мы адчулі свабоду, – расказвае былая маладзечанка. – Тое, чаго так не хапала. Сталі вельмі дружнай і шчаслівай сям’ёй. Усе выхадныя праводзім разам і вельмі цэнім гэты час.

І Каця, і Саша працуюць на складзе вядомага інтэрнэт-магазіна пяць дзён па восем гадзін. Кажуць, праца нескладаная.

– Нам падабаецца палітыка Польшчы, яна накіраваная на сем’і, – тлумачыць Кацярына. – Тут для нас вельмі шмат забаў. Вельмі развіты актыўны адпачынак. У кожным раёне бясплатныя дагледжаныя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Пасля пераезду я даведалася, што дзяржава можа не толькі забіраць, але і аддаваць. І для гэтага не абавязкова быць грамадзянінам Польшчы.

На дзяцей да 18 год дзяржава штомесяц выдаткоўвае 500 злотых, гэта каля 130 долараў. У жніўні на зборы ў школу выдаюць яшчэ 300 злотых, ці 80 долараў. Раз на год вяртаюць 1160 злотых на адно дзіця ад падаткаў за мінулы год, гэта каля 300 долараў.

Тым, хто з-за пандэміі атрымаў зарплату меншую за сярэднюю, выплацілі яшчэ па 2080 злотых, гэта каля 550 долараў. Тут жанчына ўбачыла, куды ідуць яе падаткі і як усё працуе.

Чаму пайшлі на акцыі салідарнасці

За прэзідэнцкай выбарнай кампаніяй Палонскія сочаць ад самага пачатку. Падпісаныя на блогераў, тэлеграм-каналы. Таму заўсёды ў курсе падзей у Беларусі.

– На жаль, прэзідэнт Беларусі нас не здзівіў, а вельмі хацелася, – мяркуе Каця. – Таму што народ заслугоўвае сумленныя выбары.

Былыя маладзечанцы сачылі за акцыялі салідарнасці на Радзіме і ў іншых краінах. Адчувалі адначасова гонар і боль за беларусаў.

У Познані беларусы арганізавалі дзве акцыі. Пра першую не даведаліся своечасова, а на другую не маглі не пайсці. Расказалі пра акцыю сябрам з Беларусі, яны таксама далучыліся.

Сцяг узяла з сабой

Палонскія намалявалі плакаты. Каця ўзяла бел-чырвона-белы сцяг. Хаця падчас пераезду брала з сабой няшмат рэчаў, але беларускі сцяг узяла з сабой.

– Калі прыйшла на плошчу і пачула родную мову, не магла паверыць у гэта, як жа я сумавала па мове! – кажа Кацярына. – Мы спявалі песні, скандынавалі лозунгі. Гэта выдатна атрымлівалася ў нашага шасцігадовага сына. Ён быў ўражаны і натхнёны. Мы расказваем яму пра падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Так што ён ведаў, куды ідзём і чаго дамагаемся. Быць сярод аднадумцаў, адчуваць сілу, дух і адзінства нарогда – гэта неперадавальнае адчуванне, якое натхняе.

Акцыя ў Познані была санкцыянаваная. Арганізатары дамовіліся з уладамі загаддзя. За акцыяй назірала і ахоўвала паліцыя. З-за пандэміі трэба было трымацца дыстанцыі.

Родныя ў Беларусі не чакалі, што і да Познані дойдзе гэтая хваля. Каця ўпэўнена, што яны ганарацца смеласцю сваякоў. Некаторыя беларусы хочуць перамен, але не вераць у іх, лічыць жанчына.

– Калі бачу на відэа і фота людзей у ланцугах салідарнасці, перажываю гэтыя моманты разам з імі. – расказвае Палонская. – Я плачу ад несправядлівасці, ганаруся сваякамі. Была б у Беларусі, абавязкова далучылася б да ўсіх акцый. І заклікала б знаёмых і сяброў. Толькі разам можам штосьці змяніць.

Што пра беларускія выбары думаюць у Польшчы

Як патлумачыла Кацярына, гэта залежыць ад нацыянальнасці людзей. Беларусы, якія там жывуць, вераць у перамены. Яны вельмі рады, што народ прачнуўся і перастаў маўчаць. Яны ведаюць па сабе пра цяжкі лёс Беларусі. Таму і з’ехалі са сваёй краіны.

Палякі спачуваюць беларусам. Часам па радыё бываюць навіны, у якіх высмейваюць прэзідэнта Беларусі.

Большасць украінцаў да таго, як пазнаёміліся з Кацяй, былі ўпэўненыя, што ў Беларусі ўсё выдатна, што Лукашэнка ўсё вырашае, а іх сям’я апынулася ў Польшчы выпадкова.

– Няважна, дзе ты жывеш сёння і што адбываецца ў тваім жыцці, – падсумоўвае Кацярына Палонская. – Калі ты нарадзіўся беларусам, то застанешся ім назаўсёды. У нас усё абавязкова атрымаецца! Верым! Можам! Пераможам!