Эдуард Баланчук і Генадзь Фарына. Фота Настассі Уткінай.

Прадстаўнік БХК Эдуард Баланчук паведаміў, што маладзечанская міліцыя затрымала траіх мясцовых актывістаў.

Руслана Кісялёва затрымалі 7 жніўня. У гэты дзень ён працаваў назіральнікам на выбарчым участку №11, які размяшчаецца ў сярэдняй школе №8.

Як Баланчуку паведаміў дзяжурны РАУС, Кісялёва затрымалі па частцы 2 артыкулу 9.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – «Наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні або парушэнне ахоўнага прадпісання». Другая частка прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафа да дзесяці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Праваабаронца лічыць, што суд над Кісялёвым адбудзецца ў панядзелак.

Андрэй Багамолаў цяпер адбывае суткі, якія яму прысудзілі пасля ланцуга салідарнасці 19 чэрвеня, яго павінны адпусціць 10 жніўня. Андрэй Смаляк выходзіць 12 жніўня.

– Як адбылося затрыманне Кісялёва, дзяжурны не ведае, – каментуе Баланчук. – мне падаецца, што гэта правакацыя з боку ўлады. Таму што Руслан Кісялёў – адзін з ініцыятараў сходаў грамадзян у вызначаных для сустрэч выбаршчыкаў памяшканнях. Напэўна, камусьці не спадабалася такая вялікая колькасць актыўных людзей, якія адгукаюцца на гэтыя мерапрыемствы. Можна зрабіць выснову, што на час галасавання хочуць ізаляваць гэтага чалавека ад працэсаў, якія будуць адбывацца ў гэтыя дні. Тым больш што тэлеграм-канал «Маладзечна для жыцця» мадэруе Кісялёў. Верагодна, яны думаюць, што такім чынам заблакуюць канал.  Вельмі прыкра, што на працягу столькіх гадоў улада не можа дамовіцца са сваімі грамадзянамі. А людзі, якія надзеленыя ахоўваць парадак і законныя інтарэсы грамадзян, хапаюць грамадзян і цягнуць у пастарунак.

Раман Кісялёў.

За што затрымалі Кісялёва

Як патлумачыў брат Кісялёва Раман, Руслан паспеў напісаць сям’і, што яго затрымалі. Падзея, якая стала прычынай затрымання, адбылася ноччу ад 31 ліпеня на 1 жніўня.

Генадзь Фарына.

Кісялёў разам з сябрамі адпачываў у бары па вуліцы Будаўнікоў. Там, як кажа сведка Генадзь Фарына, адзін з наведнікаў пачаў канфлікт з Русланам. Дайшло да бойкі. Кісялёў выклікаў міліцыю, маладога чалавека затрымала міліцыя. Кісялёў напісаў заяву ў міліцыю, зняў пабоі. А пасля той затрыманы малады чалавек напісаў заяву на Руслана.

Соф’я Кісялёва

– Атрымліваецца, сёння Руслана затрымалі за тое, што той хлопчык пабіў майго сына, – мяркуе маці Соф’я Кісялёва. – Ужо вінаватым стаў Руслан. Міліцыянер сказаў, што суд будзе ў панядзелак. У Руслана ёсць відэа з канфлікта, камеры назірання там ёсць, сведка. Не разумею, чаму майго сына не затрымалі тады. Атрымліваецца, з пацярпелага ён стаў абвінавачваемым.

Фота Настассі Уткінай.